На базе ААТ «Лакафарба» можа быць арганізавана база па фарбаванні тэхнікі для флагманаў айчыннага машынабудавання

20 Июля 2019 1248
У мінулы чацвер у калектыве ААТ “Лакафарба” на чале з кіраўніком прадпрыемства Андрэем Сойка сустракалі старшыню Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Андрэя Рыбакова, старшыню Лідскага райвыканкама Міхаіла Карповіча.

Сустрэча праходзіла ў рамках Адзінага дня інфармавання. Акрамя акрэсленай тэмы – “Беларусь спартыўная. Вынікі II Еўрапейскіх гульняў”,  – размова тычылася надзённых для работнікаў “Лакафарбы” пытанняў. Прычым з улікам прысутнасці высокапастаўленых кіраўнікоў – вядучага ў рэспубліцы канцэрна і мясцовай выканаўчай улады – размова ішла не толькі пра цяперашні стан спраў, але і пра магчымыя перспектывы развіцця лідскага прадпрыемства.

Андрэй Рыбакоў у пачатку размовы акрэсліў сваё стаўленне да ААТ “Лакафарба”: прадпрыемства паспяховае, праблемы ёсць, але яны не з разраду невырашальных. Нялішнім будзе папрацаваць над культурай вытворчасці, і не таму, што яна адсутнічае, а таму, што гэтая якасць не бывае ў празмернай колькасці. Да ўсяго, каму, як не “Лакафарбе”, у якой па вызначэнні не могуць адсутнічаць матэрыялы для аднаўлення ўсяго, што толькі ёсць навокал, паказваць прыклад высокай культуры вытворчасці?

Андрэй Рыбакоў у сваім выступленні не абышоў і такія няпростыя пытанні, як падатковы манеўр Расіі, які прывёў да эканамічных страт у нашай краіне, патлумачыў, што было зроблена ў нафтаперапрацоўчай галіне рэспублікі для таго, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў паступлення ў нафтаправод Беларусі забруджанай расійскай нафты.

Зразумела, што для аўдыторыі “Лакафарбы” акрэсленыя тэмы цікавыя не толькі як для жыхароў беларускага горада і грамадзян краіны, але і з прафесійнага пункту гледжання. Галоўная ж выснова наступная: сітуацыя стабілізавалася, канцэрн «Белнафтахім» выйшаў з яе годна. І сёння, як зазначыў кіраўнік канцэрна, можна весці перамовы з Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь, каб на базе ААТ «Лакафарба» была арганізавана база па фарбаванні тэхнікі, якой маглі б скарыстацца ў першую чаргу флагманы айчыннага машынабудавання, у тым ліку Беларускі аўтамабільны і Мінскі трактарны заводы.

Найперш у гэтым павінна быць зацікаўленасць лідскага прадпрыемства, а кіраўнік канцэрна са свайго боку абяцаў падтрымку ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў. 

Кіраўнік раёна Міхаіл Карповіч расказаў пра эканамічную сітуацыю на Лідчыне. Адчувалася, што прысутным было цікава паслухаць пра стан спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы (больш падрабязна Міхаіл Канстанцінавіч спыніўся на развіцці спартыўнай сферы нашага рэгіёна).

Пытанні да Андрэя Рыбакова і Міхаіла Карповіча ў прысутных былі. Яны тычыліся як развіцця нафтаперапрацоўчай галіны ў краіне, магчымасці развіцця камерцыйных структур, так і мясцовых тэм: рамонту дарог (у прыватнасці, тых, якія вядуць да дзіцячых аздараўленчых лагераў), падтаплення падчас дажджоў участка каля ДАІ, экалагічнай бяспекі і інш. На ўсе пытанні былі дадзены вычарпальныя адказы. 

Было відавочна, што аўдыторыя канферэнц-залы ААТ “Лакафарба” граматная, прафесійна падрыхтаваная, неабыякавая да падзей у краіне ў цэлым і развіцця Лідскага рэгіёна ў прыватнасці. Добразычлівая атмасфера і канструктыўнасць прайшоўшай сустрэчы былі акрэслены ў тым ліку і гэтым фактарам.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться