Месца прыёму грамадзян – аддаленая вёска. Мястэчка Бахматы: як жывецца яго жыхарам?

06 Июня 2019 1484
Колькі разоў бываю ў паездках па раёне, столькі і раблю для сябе адкрыцці. Яны – у сустрэчах з людзьмі,  у знаёмстве з населенымі пунктамі,  у захапленні маляўнічымі краявідамі. Напрыклад, нядаўна, адправіўшыся разам са старшынёй Тарноўскага сельскага Савета Валянцінам Астраўцом у Бахматы  (населены пункт знаходзіцца на адлегласці ў 18 кіламетраў ад цэнтра сельсавета),  я ў чарговы раз папоўніла свае веды пра наш  раён, у мяне дабавілася добрых уражанняў аб сельскіх жыхарах.

Напрыклад, раней я не ведала, што на невялікіх бахматаўскіх могілках маецца каплічка. Сюды на малебны збіраюцца жыхары не толькі гэтай вёскі, але і Любараў, Агароднікаў, Заборцаў, Фалькавіч, Малых і Вялікіх Канюшан. Каплічка, нягледзячы на свой сталы ўзрост, і самі могілкі выглядаюць дагледжанымі, акуратнымі.

Я пацікавілася ў Валянціна Астраўца, якую ролю ў навядзенні такога ідэальнага парадку іграе мясцовая ўлада. Аказалася, гэта выяўляецца не толькі ў агітацыі на словах, але і ў рэальных справах. Не так даўно за кошт сродкаў бюджэту тут была абноўлена агароджа. Яна, як гаворыцца, па інтэр’еры падышла да каплічкі. Валянцін Сцяпанавіч расказвае, што за будматэрыялам у горад ехаць не прыйшлося. У лясніцтве выпісаў бярвенне, якое потым давялі да ладу на пілараме. Акрамя пабудаванай агароджы вакол могілак з каплічкай, трошкі паводдаль з’явілася драўляная паветка для збору смецця. 

Людзі цэняць зробленае для іх патрэб. Жыхары Бахмат не выключэнне. Калі мы з Валянцінам Астраўцом рабілі абход хат, прыемна было чуць, як  сталыя жанчыны па-асабліваму цёпла, з павагай звярталіся да кіраўніка мясцовай улады: “наш прадсядацелька”. Тыя, з кім давялося гутарыць, канстатавалі: “З якой патрэбай да старшыні ні звярніся – заўсёды дапаможа”. І ў час нашага прыёму грамадзян аддаленай вёскі таксама  гучалі просьбы (напрыклад, выпісаць нарад на брыкет, высветліць, ці можна ў пэўным выпадку плаціць за хату страхоўку), якія, безумоўна, будуць выкананы.

Вёска Бахматы заўсёды была невялікай. А цяпер – дык наогул жылых хат раз, два і аблічыўся. Як і ў кожнай вёсцы, наваколле якой кранае душу сваімі прыгожымі ляснымі краявідамі, некаторыя пабудовы абжываюць як дачы гарадскія жыхары. Напрыклад, дзякуючы прыезджым аднаўляецца не толькі адна са старых хат пасярэдзіне Бахмат – побач, на базе колішняга арашальнага канала, з’явілася маляўнічая рукатворная сажалка. 

Кідаецца ў вочы дагледжанасцю і парадкам сядзіба насупраць дачы. “Пэўна, і тут сучасны выгляд усяму надаюць гараджане?” – пацікавілася я ў Валянціна  Астраўца. “Ды не, тут жывуць карэнныя жыхары:  Сабіна Іосіфаўна і яе сын Юрый Аніскевічы. Талковыя, акуратныя людзі. Муж Сабіны Іосіфаўны, Іосіф Іосіфавіч, некаторы час таму назад памёр. Слынным быў  зваршчыкам”, – адказаў Валянцін Сцяпанавіч.

Шчыра кажучы, пазнаёміўшыся з сям’ёй Аніскевічаў, я зрабіла для сябе чарговае адкрыццё. Нярэдка калі сын жыве з састарэлай маці, дык гэта прадстаўнік з разраду ПМК (пакуль мама корміць), а тут зусім іншая справа. Сабіна Іосіфаўна, узрост якой пераваліў за восем-дзесят і якой патрэбна дапамога, за сынам як за каменнай сцяной. Мужчына – сапраўдны гаспадар на сваім зямельным участку. Ён многае робіць па догляду мясцовай капліцы. І захапляецца Юрый не гарэлкай, як некаторыя, а музыкай. Слухае яе пастаянна, падборкі скачвае з Інтэрнэту. Як я пераканалася, Юрый на ўсё мае свой пункт гледжання, чырвонай ніткай праз які праходзіць чалавечнасць у адносінах да людзей. А  гутарылі мы з ім аб розным. Гутарка зайшла і аб дубе-волаце, які расце на падворку ў Аніскевічаў. 

“Яго 76 гадоў назад пасадзіў мамін брат Томаш, –  казаў Юрый Іосіфавіч. –  Дуб пусціў моцныя карані на дзедавым пляцы. Хіба можна іх парушыць? Калі я гарадзіў вакол участка новы плот, дык стараўся не пашкодзіць ніводнага карэньчыка”. 

Да мяне пасля гэтага аповеду прыйшла такая думка: любіць сваю малую радзіму на адлегласці, выказваць словы настальгіі па ёй – гэта адно, а вось так, як Юрый,  прадаўжаць жыць па-чалавечы на тым месцы, дзе жылі  продкі, дыхаць яго гаючым паветрам, сустракаць росныя ранкі і даглядаць, добраўпарадкоўваць родны кут – гэта іншае. Гэта і ёсць сапраўдная любоў да малой радзімы. 

Дарэчы, менавіта у Бахматах, недалека ад бацькоўскай сядзібы, брат Юрыя, Андрэй, купіў пустуючы дом пад дачу для сваёй сям’і. І на гэтым участку таксама наводзіцца парадак. Угаворваць новага ўладальніка не трэба. А вось аднаму з гаспадараў дамоў у Бахматах старшыні сельскага Савета ў час нашага наведвання вёскі прыйшлося зрабіць ушчуванне наконт утрымання пабудоў і зямельнай тэрыторыі. Як гаворыцца, людзі ўсялякія бываюць…

Я ж падрабязней хачу спыніцца яшчэ на адной сустрэчы ў  Бахматах, падчас якой зрабіла для сябе чарговую выснову. Ля дома  Леакадзіі Іосіфаўны Кіман не толькі ў агародчыку высеяны кветкі, у вазонах, якія замацаваны на доме, цвітуць петуніі, а апошнія, як атрыбут прыгажосці, больш практыкуюцца ў гарадскім прыватным сектары. 

“Бераце прыклад з гараджан?” – пацікавілася я ў гаспадыні. “Не я сама. Дзеці жывуць у Лідзе. Яны і  дапамагаюць парадак падтрымліваць”, – адказала Леакадзія Іосіфаўна.

У жанчыны трое дзяцей: дзве дачкі, Іра і Лена, і сын Леанід. Імі маці  мае права ганарыцца. 

Калі завялі з Леакадзіяй Іосіфаўнай размову пра медыцынскае абслугоўванне вяскоўцаў, жанчына адзначыла, што наракаць не прыходзіцца: Наталля Мікалаеўна, фельчар ФАПа, што ў Вялікіх Канюшанах, па звароце і без прыязджае да жыхароў Бахмат. Ды і, па словах Леакадзіі Іосіфаўны, бывае, што яна сама наведвае гэту вёску. І заглядае не толькі ў фельчарска-акушэрскі пункт, але і ў магазін. У Бахматах тры разы на тыдзень бывае аўтакрама, прывозіць неабходныя прадукты. І ўсё ж у стацыянарнай гандлёвай кропцы выбар тавараў больш шырокі. Старшыня сельскага Савета Валянцін Астравец, дарэчы, згадаў, што ў свой час паўстала пытанне аб закрыцці магазіна. Мясцовая ўлада правяла сход жыхароў. Большасць людзей выказалася за захаванне магазіна, і гэта пажаданне было прынята да ведама.

У час размовы Леакадзія Іосіфаўна расказвала, у прыватнасці, і пра тое, што родам яна з Парачан, а замуж выйшла ў Бахматы. А яшчэ  сказала, што сама яна праваслаўная, аднак маліцца ходзіць ў бахматаўскую каплічку – маўляў, сюды бліжэй, чым да Ганчароў, дзе знаходзіцца царква. А Бог, калі да яго шчыра звяртацца, і тут пачуе. Дарэчы, такія выпадкі, калі вось так наведваюцца культавыя ўстановы, не рэдкасць. І тое, што  на Лідчыне, ды і наогул у Беларусі праваслаўныя паважаюць каталіцкае веравызнанне, а католікі –  праваслаўнае, і тое, што жывуць у згодзе, успрымаецца як само сабой зразумелае. Гэта яшчэ адна выснова, да якой я прыйшла ў думках у час паездкі ў аддаленую вёсачку Бахматы.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться