Ліда – Вільнюс: шлях да супрацоўніцтва паскорыцца

06 Декабря 2018 1225
У мінулую сераду прайшла выязная сесія раённага Савета дэпутатаў. Станоўчым было яе рашэнне па выдзяленні сродкаў з раённага бюджэту для суфінансавання праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Стварэнне сучаснага этнакультурнага асяродку ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў г. Вільнюсе і ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 4 г. Ліды” ў межах асігнаванняў, выдзеленых упраўленню адукацыі Лідскага райвыканкама.

З 2013 года пачалося супрацоўніцтва паміж сярэдняй школай № 4 г. Ліды і гімназіяй імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе. Названая гімназія – адзіная ў Літоўскай Рэспубліцы, дзе навучанне вядзецца як на літоўскай мове, так і на беларускай. На дадзены момант тут навучаецца 214 дзяцей. Адпаведна ў лідскай школе рабяты маюць магчымасць наведваць факультатыўныя заняткі “Беларусь і Літва: калейдаскоп культур”. Акрамя таго, жадаючыя могуць вывучаць літоўскую мову ў аб’яднаннях па інтарэсах.

А па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва  Латвія – Літва – Беларусь на 2014-2020 гг. сумесны праект лідскай і вільнюскай навучальных устаноў мае шанц атрымаць грант Еўракамісіі. Выдзяленне сродкаў для завяршэння фінансавання праектных мерапрыемстваў стане прыступкай, з якой пачнецца выдзяленне сродкаў Еўрасаюза.

Дырэктар СШ № 4 Ігар Радзінскі тлумачыць, што ўжо ў наступным годзе будзе магчымасць за гэтыя сродкі пачаць рамонт актавай і спартыўнай зал, кабінетаў хіміі, фізікі і набываць неабходнае для школы абсталяванне.

– Згодна з умовамі праекта, мы павінны былі ўнесці ўклад у памеры дзесяці працэнтаў ад сумы, выдзяляемай Еўракамісіяй, – тлумачыць Ігар Мікалаевіч. – Але ў школы няма вольных сродкаў у памеры 15 тысяч еўра, каб выканаць гэту ўмову. Таму мы вельмі ўдзячныя мясцовай уладзе за прынятае рашэнне, гэта дапаможа нам вырашыць многія пытанні па абнаўленні памяшканняў і абсталявання, а таксама на гэтыя сродкі будуць дзейнічаць этнакультурныя летнікі для рабят.

***

У ходзе выязной сесіі, якую вяла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, былі прыняты рашэнні і па іншых пытаннях, вынесеных для абмеркавання дэпутатам, а таксама разгледжаны звароты юрыдычных асоб да мясцовай заканадаўчай улады.

Там, дзе гучаць цымбалы

Выязная сесія праходзіла ў Лідскім дзяржаўным музычным каледжы. Таму пасля завяршэння афіцыйнай часткі сесіі дэпутатам было прапанавана пазнаёміцца з навучальнай установай. А яе педагогам і навучэнцам ёсць што прадэманстраваць гасцям. У бібліятэцы каледжа захоўваюцца сапраўдныя рарытэты, выдадзеныя ў XIX стагоддзі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама ў польскіх, нямецкіх выдавецтвах. Усяго ж фонд бібліятэкі складае звыш 50 тысяч кніг. Пра гэта паведаміла бібліятэкар Ганна Гізоўская.

Госці навучальнай установы з задавальненнем пазнаёміліся і з творчымі калектывамі каледжа. Дыпламант рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, народны ансамбль музыкі “Вербіца” (мастацкі кіраўнік – Тамара Харашылава) пакарыў чыстым гучаннем беларускай народнай песні “У чыстым полі” ў апрацоўцы Уладзіміра Радаліцкага.

У каледж варта прыйсці і каб паслухаць народны аркестр беларускіх народных інструментаў, асноўным інструментам якога з’яўляюцца цымбалы. Дарэчы, аркестр такога кшталту ў Гродзенскай вобласці – адзіны. Ён з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў (мастацкі кіраўнік і дырыжор – Галіна Пушкіна).

Дарэчы, у мінулую сераду заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, аркестр рускіх народных інструментаў накіраваўся ў Браціславу для ўдзелу ў Міжнародным калядным фестывалі.

– Гэта мерапрыемства стане часткай нашай дзейнасці, накіраванай на асваенне гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на развіццё фестывальнага руху, – тлумачыць дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена Серакова. 

Разнастайная дзейнасць каледжа бачна і ў тым, што ў бягучым годзе тут быў створаны музейны пакой, прысвечаны ўраджэнцу лідскай зямлі, вядомаму ў свеце кампазітару Канстанціну Горскаму. 












Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться