Адбылося пашыранае пасяджэнне Ваверскага сельскага выканаўчага камітэта

01 Декабря 2018 1452
Перыядычна праводзіць пашыранае пасяджэнне аднаго з сельвыканкамаў з удзелам кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікоў яго аддзелаў і службаў, старшынь Бярозаўскага гарадскога і сельскіх выканаўчых камітэтаў у Лідскім раёне ўжо
стала традыцыяй.

У свой час ініцыятарам гэтага выступіла ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, мяркуючы, што такое мерапрыемства стане добрай формай вучобы для кіраўнікоў мясцовай улады іншых сельскіх населеных пунктаў і Бярозаўкі. Мэтазгоднасць такой задумкі пацвердзілася на практыцы.

Нядаўна адбылося пашыранае пасяджэнне Ваверскага сельскага выканаўчага камітэта. Акрамя старшынь Бярозаўскага гарадскога і сельвыканкамаў, на ім прысутнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Святлана Голубева, начальнік упраўлення землеўпарадкавання Алена Нурыева, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Андрэй Міміш, намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Віктар Руды, прадстаўнікі раённага аддзела па НС, аддзела ўнутраных спраў, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, КСУП “Ваверка-Агра” і іншыя.

У парадак дня пасяджэння Ваверскага сельвыканкама былі вынесены два пытанні. Першае пытанне датычылася стану працоўнай і выканаўчай дысцыпліны і захавання заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, у святле патрабаванняў Дырэктывы №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Гэта тэма надзвычай важная, бяспека грамадзян знаходзіцца на асаблівым кантролі ў рэспубліцы. Другое пытанне было прысвечана выкананню мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, могілак і зацвярджэнню плана на 2019 год.

Аднак перш чым пачаць абмеркаванне ў зале, кіраўніцтва сельвыканкама запрасіла ўдзельнікаў пашыранага пасяджэння на экскурсію па аграгарадку Ваверка з наведваннем шэрагу ўстаноў і аб’ектаў. Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, гэта вельмі правільна. Грамадскасць павінна выкарыстоўваць любую магчымасць, а ў Год малой радзімы асабліва, каб шырэй пазнаваць свой родны край, яго мінулае і сучаснасць.

Прысутныя наведалі Ваверскі касцёл. Уразіла велічнасць храма з 90-гадовай гісторыяй, нездарма ён лічыцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Вельмі спадабалася ўдзельнікам пасяджэння добраўпарадкаванне тэрыторыі мясцовага лясніцтва. У захапленні засталіся яны і ад наведвання вельмі ўтульнага Ваверскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад – сярэдняя школа. Гасцям расказалі, якая работа вядзецца ў школе з навучэнцамі ў рамках аграрнага накірунку, запрасілі наведаць школьны музей. Азнаёміліся прысутныя і з работай гандлёвага аб’екта сельскай мясцовасці – магазіна “Родны кут” – і сталовай. 

Падчас экскурсіі прысутныя змаглі на месцы задаць як пытанні, што датычаць дзейнасці саміх аб’ектаў, так і па тэмах парадку дня пасяджэння сельвыканкама. У дадатак да інфармацыі, з якой выступілі на пасяджэнні сельвыканкама яго старшыня Аляксандр Іодка, члены сельвыканкама: дырэктар сярэдняй школы Іван Адамчук, спецыяліст КСУП “Ваверка-Агра” Аляксандра Дамбоўская, – гэта паспрыяла больш шырокаму ўяўленню аб рабоце, якая вядзецца на тэрыторыі сельсавета ў рамках Дырэктывы №1. Шмат пытанняў задавалася з боку прысутных і на самім пашыраным пасяджэнні. Больш за ўсё пытанняў па стане аховы працы ў сельгаспрадпрыемстве гучала ў адрас прадстаўніка КСУП “Ваверка-Агра”. Яно і нядзіўна. У 2018 годзе ў арганізацыях сельсавета не адбылося выпадкаў вытворчага траўматызму. На тэрыторыі сельсавета не зарэгістравана ДТЗ, не зафіксавана фактаў кіравання транспартнымі сродкамі п’янымі вадзіцелямі. Аглядная камісія праводзіць агляд жылога сектара на прадмет захавання супрацьпажарнай бяспекі, у жылых дамах устаноўленыя пажарныя апавяшчальнікі. У населеных пунктах сельсавета ў бягучым годзе зменшылася колькасць пажараў у параўнанні з мінулым. Адбыўся толькі адзін выпадак, а летась – пяць. Разам з тым маецца шэраг праблем па забеспячэнні бяспечнай жыццядзейнасці грамадзян. І яны так ці іначай звязаны з мясцовым сельгаспрадпрыемствам.

Патрэбную і карысную інфармацыю не толькі для членаў Ваверскага сельвыканкама, але і для ўсіх кіраўнікоў мясцовых выканкамаў Лідскага раёна данеслі прадстаўнікі раённага аддзела па НС, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ішла гутарка аб рабоце аглядных камісій. Слушныя патрабаванні па яе ўдасканаленні выказаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк.

Не менш актыўна вялося абмеркаванне на пашыраным пасяджэнні сельвыканкама пытання выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Разглядаліся розныя накірункі гэтай дзейнасці. Слова, акрамя членаў Ваверскага сельвыканкама, бралі старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, начальнік упраўлення землеўпарадкавання Алена Нурыева, загадчыца аддзела камунальнай гігіены занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Рамановіч.

Нягледзячы на сур’ёзнасць пытанняў парадку дня, атмасфера на пашыраным пасяджэнні сельвыканкама была вельмі добразычлівая, размова ішла шчырая.

Як адзначыла журналісту “Лідскай газеты” начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Святлана Голубева, мэта правядзення мерапрыемства дасягнута. Пры разглядзе на пасяджэннях сваіх мясцовых выканкамаў падобных пытанняў старшыні сельвыканкамаў будуць мець перад сабой прыклад калег, як усебакова падыходзіць да яго падрыхтоўкі, прымуць да ведама парады кіраўніцтва раённай улады, раённых службаў. А правядзенне мерапрыемства на базе населенага пункта (у дадзеным выпадку Ваверкі) пашырае веды пра Лідчыну.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться