Месца прыёму грамадзян – аддаленая вёска: Мальгі

19 Сентября 2018 2627
Ад Дзітвы, цэнтра сельсавета, вёска Мальгі знаходзіцца на адлегласці ў дванаццаць кіламетраў. У вёсцы зараз не набярэцца і дзясятка жыхароў. Не тое, што было раней, – у кожнай з больш чым дваццаці хат бурліла жыццё. Цяпер жа населены пункт абуджаецца толькі тады, калі дзеці былых вяскоўцаў прыязджаюць у бацькоўскую сядзібу: адныя – каб праведаць бацькоў, іншыя – каб дагледзець ужо пустуючы дом і ўчастак ля яго. Некаторыя ў дадатак садзяць агароды, а камусьці мілей адпачынак на прыродзе. Тым больш што мясцовасць паабапал Мальгоў уражвае сваёй непаўторнасцю. Яна патанае ў зеляніне, і тут знаходзяцца вадаёмы – запоўненыя вадой карты, з якіх мясцовае торфапрадпрыемства да гэтага вычарпала торф. У вадаёмах шмат рыбы, а забалочаная мясцовасць вабіць ураджаем журавін. А колькі тут жыве разнастайных птушак! 

– У нас лебедзі гняздзяцца, качкі, жораваў можна сустрэць. Якія толькі трэлі не пачуеш! Каля маёй хаты лес больш хваёвы, тут часцей зязюльку сустрэнеш, а вось ля хаты Трацяка – ліставы, дык адтуль песні салавейкаў льюцца, – расказвала старшыні Дзітвянскага сельвыканкама Іне Мешкевіч і мне, журналісту “Лідскай газеты”, мясцовая жыхарка Алена Баляславаўна Ішкула, калі мы завіталі да яе падчас выязнога прыёму грамадзян у аддаленай вёсцы.

– Знаходзячыся сам-насам з прыродаю, але ўсё ж удалечыні ад людзей, ці не сумна вам? – пацікавіліся мы ў жанчыны.

– Вось і дзеці просяць: “Мама, табе дрэнна, ты ж адна, пераязджай жыць да нас”, – апавядае жанчына. – А мне мілей тое месца, дзе пражыла 55 гадоў – з таго часу, калі выйшла замуж і пераехала ў Мальгі. Не так даўно я нагу зламала, давялося лячыцца, а потым некалькі месяцаў жыць у дачкі. Нічога не скажу, добра было, акружылі дачка і яе сям’я мяне клопатам. І ўсё ж калі зразумела, што сама змагу сябе абслугоўваць, папрасіла дачку завезці мяне дамоў. Адчыніла дзверы – і такая радасць на мяне нахлынула! Кажу: “Ах, мая ты хатка, я да цябе прыехала!” Цяпер вось дачка кожны дзень да мяне заязджае, ежу прывозіць, па хаце дапамагае ўпраўляцца (добра, што месца працы яе недалёка: на торфаўчастку “Мальгі” завода). Ды і сыны мяне не забываюць…


Алена Баляславаўна Ішкула.
 
Пра яднанне з роднай вёскай гаварылі нам і іншыя жыхары Мальгоў. Так, напрыклад, па словах Юзафа Уладзіслававіча і Таісы Іосіфаўны Дудэк, як дачка ні ўгаворвае іх перабрацца да яе ў Тарнова, цвёрда стаяць на сваім: пакуль сілы будуць, застануцца ў Мальгах. Яно і зразумела. Усё іх сямейнае жыццё, а гэта пяцьдзясят гадоў, звязана з гэтай вёскай. За такі час велізарнымі сталі не толькі бярозы, якія ў пачатку сямейнага жыцця пасадзіў каля гумна Юзаф Уладзіслававіч, але і тыя дрэвы, якія пасадзіў у шостым класе яго сын Саша.;

Словам, хоць і аддаленыя ад цэнтра сельсавета, але блізкія сэрцу і абжытыя куткі мясцовае насельніцтва пакідаць не імкнецца. Значыць, павінна мець тут пэўныя сацыяльныя стандарты. І яны ў пэўнай ступені прадастаўляюцца. “А што хвалюе ў гэтым плане жыхароў Мальгоў?” – першае пытанне, якое мы са старшынёй Дзітвянскага сельскага Савета Інай Мешкевіч задавалі ім.

Асноўная праблема для вяскоўцаў (яе згадвалі ўсе, з кім нам давялося гутарыць) – гэта работа тэлефоннай лініі. Тэлефон у хатах мальгоўцаў, як гаворыцца, не раскоша, а неабходнасць, бо дзякуючы тэлефоннай сувязі ў многім можна падтрымліваць зносіны са знешнім светам. Аднак гэтая сувязь перыядычна прападае. Асабліва ў тыя дні, калі пройдзе дождж з маланкаю і громам. Тады Юзаф Уладзіслававіч Дудэк звоніць дачцэ (хвалюючыся за бацькоў, пакінула на ўсялякі выпадак мабільнік), а яна ўжо паведамляе сувязістам, што ў Мальгах зноў маўчыць тэлефон. Спрабавалі жыхары пры выпадку паведамляць у дыспетчарскую службу напрамую самі. Аднак першапачатковы адказ аўтаматыкі “Чакайце адказу”, які чулі ў трубцы, заўсёды збіваў іх з панталыку.

– Усюды аўтаматыка, камп’ютары, а звычайную тэлефонную лінію не могуць наладзіць, – дзівяцца жыхары Мальгоў. 

Вяскоўцы выказваюць просьбу наладзіць тэлефонную сувязь, бо гэта жыццёва важна. А лішняга яны патрабаваць не будуць. Цікавы момант. Не так даўно праз вёску энергетыкі пракладвалі новую лінію электраперадач. Прапанавалі сям’і Дудэк абсталяваць на слупе асвятленне, якое яны маглі б самі ўключаць і выключаць (усё законна, хата знаходзіцца ў пачатку вёскі). Але вяскоўцы адмовіліся.

– Навошта дзяржаўныя грошы марнаваць? Далей па вуліцы знаходзяцца пустыя хаты. А што датычыцца нас, дык у нас на доме ліхтар ёсць, – кажа Юзаф Уладзіслававіч. 

Разам з тым Юзаф Уладзіслававіч згадаў нам пра несправядлівасць, калі мы спыталі, дзе ён працаваў да пенсіі. Аказваецца, усё жыццё ён адмыслова шчыраваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Мае сорак гадоў стажу. Па факце адпрацаваў нават больш, але дзесьці падзелася шэсць гадоў – у пенсійны аддзел не змог прадаставіць іх дакументальнае пацвярджэнне.


Старшыня дзітвянскага сельскага Савета  Іна Мікалаеўна Мешкевіч гутарыць з Юзафам Уладзіслававічам і Таісай Іосіфаўнай Дудэк.

Цікавіліся мы са старшынёй сельскага Савета, якія яшчэ пажаданні маюць вяскоўцы па пытаннях сацыяльнага плану. Ці ёсць нараканні, напрыклад, на медыцынскае абслугоўванне? Аказалася, прэтэнзій няма. Да таго ж, вяскоўцы вельмі хвалілі былую загадчыцу амбулаторыі Тэрэзу Казіміраўну Карчэўскую. Па першаму тэлефоннаму званку выязджала ў Мальгі (таму і важна, каб тэлефон працаваў бесперабойна). Ды і планавыя медыцынскія агляды вяскоўцаў пастаянна праводзіла, каб выявіць хваробу на ранняй стадыі.

– На жаль, у Тэрэзы Казіміраўны ўжо пенсійны ўзрост, дык яе месца цяпер заняла маладзенькі доктар. Але людзі кажуць, таксама чулая, уважлівая. А вопыт – ён прыйдзе, – гаворыць Таіса Іосіфаўна Дудэк. Яна сама былы медработнік (доўгі час загадвала Яўсеевіцкім ФАПам) і як тады, так і зараз гатова падтрымаць маладых калег. 

Няма прэтэнзій у вяскоўцаў і да работы аўталаўкі. У свой час былі збоі, але па першаму тэлефоннаму званку ў сельскі Савет, а адтуль – у філіял аблспажыўтаварыства справа выправілася. 

Я пытаюся, ці ёсць вада ў студнях, бо, як журналіст, памятаю: у свой час “Лідская газета” не раз паднімала тэму, што ў жыхароў населеных пунктаў Дзітвянскага сельсавета была з гэтым праблема. Мальгоўцы таксама ўспамінаюць той час з хваляваннем. Але зараз усё ў гэтым плане добра, бо пасля таго як запоўнілі вадой карты, з якіх быў вычарпаны торф, з’явілася ў дастатковай колькасці вада і ў студнях.

А вось праблемы стану дарог тэрыторыі Дзітвянскага сельсавета не адышлі на задні план. Кранае гэтае пытанне ў пэўнай меры і жыхароў Мальгоў. Як расказвае Іна Мешкевіч, адна з прычын наступная: асфальт пакладзены толькі на адным участку – ад Дайнавы да Дзітвы, астатнія дарогі сельсавета маюць пясчана-гравійнае пакрыццё. Таму дажджлівы перыяд года робіць сваю справу. 

– Каб папраўляць стан дарог, нярэдка звяртаемся ў ДРБУ-157, і гэта арганізацыя па магчымасці прыходзіць на дапамогу. Не адмахваецца ад абавязку падтрымліваць належны стан дарог, якія замацаваны за ім, мясцовае сельгаспрадпрыемства. Вельмі адказна ставіцца да добраўпарадкавання праезджых частак гравіек і торфапрадпрыемства “Дзітва”, – зазначае Іна Мікалаеўна.

У тым, што старшыня Дзітвянскага сельскага Савета Іна Мешкевіч ведае сваіх жыхароў, праблемы населеных пунктаў сельсавета, журналіст пераконваўся не раз. 

– Бываю на месцах у час правядзення па населеных пунктах агляднай камісіі, – гаворыць Іна Мікалаеўна. – Таксама выязджаючы па пэўным адрасе, выкарыстоўваю нагоду, каб сустрэцца з большай колькасцю людзей, даведацца, што іх хвалюе. Нярэдка ў выхадныя дні з мужам і дзіцём адпраўляемся ў падарожжа. І асноўны маршрут – па вёсках сельсавета. Такі вось атрымліваецца адпачынак з карысцю.
Текст: Людмила Петрулевич.Людмила Петрулевич.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться