Паставілі мэту і дасягнулі яе! Каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – пераможніца лёгкаатлетычнай эстафеты на прызы «Лідскай газеты»

18 Мая 2019 2013

Надвор’е сёння выдалася як на заказ: з-за хмар, што віселі на небе некалькі апошніх дзён, выглянула сонца, павяваў лёгкі ветрык, было цёпла і прыемна. Ды ў Лідзе і нельга было іначай, бо сёння лідчан паклікала на цэнтральную плошчу вялікае свята спорту, маладосці, запалу, аптымізму – традыцыйная легкаатлетычная эстафета на прызы “Лідскай газеты”, прысвечаная Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту. Вось ужо 67-ы раз праімчалася яна па вуліцах горада, пакінуўшы ў гісторыі яскравы след.

У спорце заўсёды чакаюцца рэкорды. Забягаючы наперад, скажу, што і сёння не абышлося без іх. Па-першае, гэта больш за чатырыста ўдзельнікаў. Па-другое, мноства новых каманд прадпрыемстваў. Па-трэцяе, сапраўдныя рэкорды – пабітыя рэкорды традыцыйных фаварытаў. Ну і нарэшце, многа ўласных рэкордаў. Адным словам, ўсё гэта трэба было бачыць, адчуваць, перажываць.

67-я легкаатлетычная эстафета на прызы “Лідскай газеты” была прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праходзіла ў знакавы для раённага выдання год – 80-ы з дня яго заснавання. Магчыма, адсюль і энтузіязм, які панаваў сёння сярод спартсменаў! Ёсць і яшчэ дзве знакавыя падзеі, напярэдадні якіх адбывалася эстафета. Аб іх гаварыла ў прывітальным слове да ўдзельнікаў галоўны рэдактар “Лідскай газеты” Кацярына Серафіновіч. Гэта ІІ Еўрапейскія гульні, якія хутка стартуюць у Беларусі, і эстафета “Полымя міру”, якая пройдзе праз Ліду 22 мая.

– Я ўпэўнена, што сярод удзельнікаў легкаатлетычнай эстафеты на прызы “Лідскай газеты” ёсць такія, хто стане вялікім спартсменам. Іх імёны будуць гучаць на прэстыжных спартыўных пляцоўках, – адзначала Кацярына Адамаўна. – На Лідчыне створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Працуюць выдатныя трэнеры, якія робяць усё дзеля таго, каб вы заўсёды рухаліся наперад!

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Дукі павіншавала работнікаў фізічнай культуры і спорту з іх прафесійным святам і адзначыла Граматай трэнера спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №2 Севасцьяна Кудзі, а таксама трэнера спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №3 Аляксандра Янковіча. Святочны настрой стварылі юныя танцоры студыі сучаснага танца “Зайцаў дэнс”.

 Заяўкі на ўдзел ў эстафеце сёлета падалі каманды ўсіх гарадскіх школ і дзесяці сельскіх, Лідскага каледжа, Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Значна папоўнілася катэгорыя прадпрыемстваў. У іх ліку – каманды малочна-кансервавага камбіната, упраўлення адукацыі, будтрэста №19, Лідскіх цеплавых сетак, ГУП ЖКГ, лакаматыўнага дэпо, “Лідазбожжапрадукт”, “БелтэксОптык”, “Лакафарба”, ліцейна-механічнага завода. Упершыню прымала ўдзел каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, каманда выкладчыкаў Лідскага каледжа і каманда “Беларусбанка”. Сярод сельскіх прадпрыемстваў удзел у эстафеце прынялі каманды двух торфазаводаў – “Дзітва” і “Лідскі” – і каманда “Ваверка-Агра”.

Галоўным суддзёй сённяшняй эстафеты выступіў дырэктар СДЮШАР №2 Сяргей Сафін. Старт камандам даваў алімпійскі чэмпіён, чемпіён свету па скачках у вышыню, заслужаны майстар спорту Генадзь Аўдзеенка.

– Калісьці ў Адэсе, дзе я вырас, не прапускаў ніводнай падобнай гарадской эстафеты - гэта вельмі прэстыжна, – падзяліўся Генадзь Іванавіч. – Памятаю, будучы студэнтам педагагічнага інстытута, я выйграў яе, і дэкан плакаў ад шчасця ў мяне на плячы. Таму ўсім раю: удзельнічайце. Гэта настрой, гэта запал!.. Эстафета – гэта адзіны від лёгкай атлетыкі, які залежыць не ад аднаго спартсмена, а ад цэлай каманды. Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.

На стартавай лініі трэнеры давалі парады сваім выхаванцам. Выкладчык СШ №10 Аляксандр Філіпенка кожнаму даводзіў, як бегчы, як трымаць сябе. Першай на старце стаяла Катажына Ладысева. Ад першага многа залежыць, якім будзе старт. Каманда рэальна ацэньвае свае сілы, але ўдзел у эстафеце лічыць справай гонару.

На плошчы сабралася шмат лідчан. Можна было заўважыць дырэктараў школ і некаторых прадпрыемстваў, якія прыйшлі падтрымаць свае каманды. Сярод іх у добрым спартыўным настроі дырэктары Лідскага каледжа: цяперашні – Андрэй Сямашка і былы – Юльян Грыневіч. Хаця, як жартуе Андрэй Мікалаевіч, былых дырэктараў не бывае. У каледжы склаўся добры тандэм вопыту і маладосці. Упершыню Лідскі каледж выставіў сваю новую каманду – выкладчыкаў. Ідэя належыць кіраўніцтву, падтрымка – усяму калектыву. Навучэнцы каледжа – фаварыты эстафеты, і ім пакуль не было роўных. Трымаць марку вырашылі і выкладчыкі. Якім будзе вынік, пакажа фініш.

Так, барацьба сёння абяцала быць не на жарт. Ужо на старце можна было бачыць, як хвалююцца спартсмены, як размінаюцца, настройваюцца. Дарэчы, тут жа няспынна сачылі медыкі хуткай дапамогі. Арганізацыяй дарожнага руху займаліся супрацоўнікі ДАІ.

За святам спорту прыйшла паназіраць былы настаўнік фізічнай культуры СШ №17 Людміла Гузоўская, і, дарэчы, не адна, а са свай сяброўкай, госцяй з Расійскай Федэрацыі.

– Хаця даўно ўжо не працую, але штогод прыходжу на эстафету, – гаворыць Людміла Віктараўна. – Калісьці сама рыхтавала вучняў, якія неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі. І сёння буду падтрымліваць каманду сваёй школы №17. Але няхай пераможа мацнейшы!

Аднак вернемся на старт, дзе першымі пачалі эстафету навучэнцы гарадскіх школ. Пасля першага круга трасы лідыраваў вучань СШ №12. “Каманда гэтай школы вельмі моцная”, – каментуе Севасцьян Кудзі. За ім бяжыць ліцэіст. Але з набліжэннем фінішу сітуацыя змяняецца. Балельшчыкі затаілі дыханне: наперад вырваўся вучань гімназіі №1.

Карціна на старце сярод сельскіх школ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі была наступная: першым на фінішную прамую з вялікім адрывам ад іншых выйшаў… вядома ж, навучэнец Лідскага каледжа. Гэтым спартсменам, сапраўды, няма роўных. Сярод сельскіх вучняў першым фінішаваў вучань Мінойтаўскай школы. Дзітвянцы прыйшлі другімі.

На фінішы сваіх пераможцаў горача вітала дырэктар Мінойтаўскай школы Наталля Ціхановіч: “Малайцы!”

– Наша каманда неаднаразова станавілася прызёрам эстафеты. Вялікая заслуга ў гэтым выкладчыка фізкультуры Алега Клімовіча. Ён вельмі сур’ёзна займаецца падрыхтоўкай вучняў. Расстаўляе іх па этапах, вучыць тактыцы, трэніруе. Сёлета ў нашай камандзе як вопытныя спартсмены, так і новыя. Упершыню прымаў удзел сямікласнік Цімур Паўлоўскі. Дзесяцікласніца Насця Гаўрылюк, наадварот, вопытная бягуння. Антон Мілюшкевіч завяршаў трасу, Насця Сідорчык стартавала на першым этапе. Мы ганарымся сваёй камандай, абавязкова павіншуем іх на лінейцы ва ўрачыстай абстаноўцы".

Нарэшце на старт выйшлі каманды прадпрыемстваў. На гарызонце перад фінішнай прамой з’явіўся лідар – спартсмен каманды МЧС. А вось далей ішла напружаная барацьба паміж работнікамі ўпраўлення адукацыі і ЖКГ. Хто ж пераможа? Няўжо пастаянныя фаварыты, камунальнікі, саступяць сваю пальму перамогі? Так, адбылося менавіта так. Упэўненую перамогу атрымалі ратавальнікі, каманда аддзела па надзвычайных сітуацыях. ЖКГ на другім месцы, на трэцім – упраўленне адукацыі.

І як тут было не ўспомніць нядаўняе (1 мая) гарадское свята спорту на стадыёне “Старт”, калі ў лёгкаатлетычнай эстафеце таксама перамаглі ратавальнікі. Тады яны паставілі сабе мэту: “Цяпер хочам выйграць у эстафеце на прызы “Лідскай газеты”. І – выйгралі. У складзе каманды-пераможцы пяць удзельнікаў: Юлія Пушыла, Сяргей Абрамчык, Аляксандр Сабалеўскі, Яўген Матусевіч і Людміла Кеўра. “Было цяжкавата, але мы гэта зрабілі”, – дзяліліся спартсмены.

Пад гукі Дзяржаўнага гімна каманды зноў сабраліся на плошчы, прымалі віншаванні і заслужаныя ўзнагароды. Пераможцамі сярод гарадскіх школ сталі: на 3 месцы – СШ №13, другім – СШ №12, на першым – гімназія №1. Дыпломам за волю да перамогі ўзнагароджана каманда ліцэя №1 г. Ліды. Сярод сельскіх школ трэцяе месца ў Крупаўскай школы, другое – у Дзітвянскай, першае – ў Мінойтаўскай, самай дружнай, самай хуткай і самай вынослівай каманды. Сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі другое месца ў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Першае месца заняла (традыцыйна заняла!) каманда Лідскага каледжа. Сярод прадпрыемстваў трэцяе месца ў каманды ўпраўлення адукацыі, другое – у ЛГУП ЖКГ, а пераможцам стала каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сярод сельскіх прадпрыемстваў трэцяе месца ў каманды ТБЗ “Дзітва”, другое – у ТБЗ “Лідскі”, першае месца – ў каманды “Ваверка-Агра”.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться