Павінны смяяцца дзеці і ў мірным свеце жыць!

11 Июня 2015 2649

Падчас аднаго са сваіх візітаў у Ліду дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская абяцала звазіць бацькоў-выхавальнікаў і выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу – усяго двое дарослых і 18 хлопчыкаў і дзяўчынак – на экскурсію ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І вось аўтобус, поўны дзяцей, трымае курс на Мінск.

Гэтага падарожжа лідчане чакалі з асобым нецярпеннем і хваляваннем. Па-першае, сёлета 70-годдзе Вялікай Перамогі. Па-другое, гэта было першае наведванне музея, пра экспазіцыі якога ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Па-трэцяе, хіба можна яшчэ больш цікава і карысна скончыць чарговы навучальны год і даць старт летнім канікулам?

– Мы атрымалі вельмі яркія, нават незабыўныя ўражанні ад наведвання музея, – расказвае маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу № 2 Ганна Труднікава. – Вельмі прыгожы, вялікі, сучасны і светлы будынак, напоўнены разнастайнымі прадметамі ваеннага часу, інсталяцыямі, самалётамі і танкамі. Экспазіцыі настолькі рэалістычныя, што ад іх захоплівала дух. Але мы растлумачылі дзецям, што гэта не проста дэманстрацыя фактаў, а эмацыйнае сховішча памяці.

Свае ўспаміны пра паездку ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны бацькі-выхавальнікі і выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з Ліды “паклалі” ў мноства фотаздымкаў. Дарэчы, наступнае абяцанне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай – экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Паездка запланавана на пачатак верасня.

***

Для Ніны Дзіяк з дзіцячага дома сямейнага тыпу № 1, дзе выхавальніцай з'яўляецца Данута Гурчын, экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стала запамінальнай удвайне: паколькі дзяўчына з'яўляецца выпускніцай, з гэтай нагоды Наталля Кучынская ўручыла ёй падарунак (на здымку). Дарэчы, Ніна выпускніца СШ №12. Сярэдні бал атэстата ў яе 8,1. Паступаць дзяўчына збіраецца ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, на факультэт “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемствах”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться