Вынiкi 2014-га i планы на будучы год...

20 Декабря 2014 2902

Аб гэтым ішла размова ў мінулы аўторак у Шчучыне, дзе адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова з журналістамі Прынёмання.

Кіраўнік вобласці падрабязна інфармаваў прысутных журналістаў аб дасягненнях у розных галінах па выніках года. У прыватнасці, Уладзімір Краўцоў заўважыў: даходная частка абласнога бюджэту на 2014 год планавалася ў памеры 13 трыльёнаў рублёў, перавыкананне склала амаль трыльён рублёў. Яны накіраваны на павелічэнне заработнай платы работнікам сацыяльнай сферы (урачам, педагогам), а таксама на сацыяльныя аб’екты.

Старшыня аблвыканкама адзначыў: эканоміка вобласці выконвае практычна ўсе прагнозныя паказчыкі, але цяпер дынаміка замарудзілася. Да гэтага прывяла дэвальвацыя расійскага рубля, бо 60 працэнтаў экспарту Гродзеншчыны прыходзіцца на рынак Расійскай Федэрацыі. Больш выгаднае становішча ў тых, хто пастаўляе прадукцыю не толькі ў Расію. Уладзімір Краўцоў праінфармаваў удзельнікаў прэс-канферэнцыі: актыўна вядзецца будаўніцтва АЭС у Астраўцы. У 2018 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю першы блок атамнай станцыі. Вялікія сродкі будуць укладзены ў стварэнне ўсёй структуры стратэгічна важнага для краіны аб’екта.

Сярод прыярытэтных задач на будучы год – павелічэнне вытворчасці свініны да ўзроўню 2012-га года. (Для гэтага ў Гродзенскай вобласці будуць пабудаваны чатыры буйныя комплексы.) Асобна адзначыў губернатар работу з інвестпраектамі. Як станоўчы прыклад згадваліся ветсанутыльзавод у Даржах Лідскага раёна, інвестыцыйны праект па вырошчванні індзейкі і перапрацоўцы мяса, які рэалізуецца на Лідчыне. Згадваўся і бярозаўскі шклозавод “Нёман”. “Сітуацыя тут складаная, – адзначыў Уладзімір Краўцоў, – але ў наступным годзе, у канцы першага квартала – пачатку другога, новая прадукцыя – шклавата – будзе выпушчана”.

Падчас прэс-канферэнцыі гаварылася: сярод значных падзей, якія ў наступным годзе будуць адзначацца ў нашай вобласці, – 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе 6 верасня ў Шчучыне, абласныя дажынкі ў Дзятлаве. Уладзімір Краўцоў нагадаў, што 2015 год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі. Падчас прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама адказаў на пытанні журналістаў.

img 248

***Па традыцыі, удзельнікам мерапрыемства была дадзена магчымасць азнаёміцца з гісторыяй шчучынскага краю, яго культурнымі здабыткамі, сацыяльнай і вытворчай інфраструктурай. Шчучын, першае згадванне пра які датуецца 1537 годам, у гэтыя дні сустракае гасцей па-святочнаму ўпрыгожанай цэнтральнай плошчай і той непаўторнай атмасферай, якая ўласцівая кожнаму населенаму пункту, дзе захаваліся будынкі архітэктуры мінулых часоў. Асаблівы каларыт уносіць вежа з гадзіннікам, якая была адноўлена на цэнтральнай плошчы горада ў 2007 годзе, калі Шчучын адзначаў юбілей – 470-годдзе з дня заснавання. Аб шматвекавой гісторыі гэтага краю сведчаць храмы і старажытныя сядзібы, якія захаваліся ў Шчучыне, Васілішках, Ішчалне, Мураванцы, Ражанцы.

Шчучынцы па праве ганарацца тым, што іх раён у свой час не толькі атрымаў Магдэбургскае права (гэта адбылося 23 мая 1761 года) – тут у 1742 годзе было ўтворана першае ў Беларусі таварыства сёстраў міласэрнасці, а 26 чэрвеня 1773 года ў Шчучыне адкрылася адна з першых аптэк на тэрыторыі сучаснай рэспублікі. Знакамітыя выхадцы шчучынскай зямлі – асобная старонка ў гісторыі. У старых Васілішках, у доме, дзе нарадзіўся сусветна вядомы музыкант Чэслаў Нэман, адкрыты музей. Да 100-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у Шчучыне быў устаноўлены помнік паэтэсе.

Невыпадкова ў наступным, 2015, годзе менавіта ў Шчучыне пройдзе знакавая для ўсёй краіны ўрачыстасць – Дзень беларускага пісьменства. Адпаведна, адным з першых пытанняў, якія журналісты задалі старшыні шчучынскага райвыканкама, было: што адметнага будзе зроблена ў шчучыне да гэтага дня і, галоўнае, ці будуць адноўлены сядзібы – Друцкіх-Лябецкіх у Шчучыне і Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку? Адказваючы на гэта пытанне, кіраўнік мясцовага райвыканкама Сяргей Лажэчнік патлумачыў, што знакамітая сядзіба ў Жалудку была прада-дзена з аўкцыёна за 900 мільёнаў рублёў сям’і расійскіх бізнесменаў, якія займаюцца турыстычным бізнесам. Рэканструкцыя і палаца, і палацава-паркавага комплексу будзе весціся, але ў 2015 годзе не скончыцца. Палац у Шчучыне да 6 верасня адновіцца. Да дня пісьменства ў Шчучыне будзе перабудавана набярэжная, адбудавана бібліятэка імя Цёткі, кінатэатр пасля рэстаўрацыі стане маладзёжным цэнтрам.

– Мы цікавіліся, як прайшлі Дні беларускага пісьменства ў Заслаўі, Быхаве, і ўпэўніліся, што планка ў правядзенні мерапрыемства паднята высока, але мы знойдзем чым здзівіць, – сказаў кіраўнік шчучынскага раёна.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко зазначыў: у адрозненне ад іншых абласцей, Гродзеншчына не абмяжуецца ў правядзенні Дня беларускага пісьменства адным днём, на працягу года ў прынёманскім краі будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце.

Адным з аб’ектаў, якія наведалі журналісты падчас знаёмства са Шчучынам, было ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”. Прадпрыемствам выпускаецца звыш ста марак кабельных вырабаў з меднымі і алюмініевымі жыламі ў ізаляцыі з полівінілхларыднага пластыку і поліэтылену, а такасама шырокі асартымент жгутоў правадоў, забяспечваецца патрэба ў іх аўтамабільных і аўтатрактарных прадпрыемстваў рэспублікі і іншых краін: Расіі, Чэхіі, Казахстана. На прадпрыемстве працуюць 640 чалавек, мадэрнізацыя вытворчасці вядзецца з 2011 года. У бягучым годзе быў асвоены новы від прадукцыі – вогнетрывалы кабель. Напрыканцы знаёмства з вытворчасцю журналістам стаў вядомы і іншы цікавы факт. Прадпрыемствам у размешчанай у 24 кіламетрах ад Шчучына вёсцы Шчукі, якая знаходзілася ў запушчаным стане і дзе было ўжо толькі 12 будынкаў, з мінулага года вядзецца работа па стварэнні агратурыстычнай сядзібы, а лепш сказаць – комплексу. Афіцыйная назва – “Паляўніча-рыбалоўная гаспадарка “Каменскае”. У Шчуках будуць кафэ, шэсць домікаў эканом- і 2 домікі VIP-класу. На пытанне журналістаў, ці не паўторыць комплекс ужо вядомыя нам “Каробчыцы” ў Гродзенскім раёне, дырэктар “Аўтапровада” Генадзь Скітаў адказаў, што ў “Каменскага” іншы накірунак, тут можна будзе спыніцца з сям’ёй, кампаніяй на адпачынак, палавіць у сажалцы карпа, пакатацца на веласіпедах, у брычцы. Плануецца, што ўжо вясной наступнага года можна будзе пабачыць усе вартасці новай гаспадаркі.

На вытворчай базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі дырэктар Уладзімір Курыловіч падрабязна расказаў пра вялікую даследчую работу, якую вядуць навукоўцы інстытута па забеспячэнні сельгасарганізацый якасным насенным фондам збожжавых, зернебабовых, пладовых культур, бульбы. Супрацоўнікі інстытута працуюць над стварэннем адаптаваных да няпростых умоў надвор’я (“кіслых” зім з адлігамі і замаразкамі) сартоў раслін. І вельмі крыўдна бывае навукоўцам, калі ў гаспадарках яны бачаць, як у нявычышчаных сеялках або на складах элітныя сарты насення змешваюцца з іншым насенным матэрыялам.

– Толькі пры строгім захаванні тэхналогіі сяўбы можна разлічваць на высокую ўраджайнасць, – канстатаваў Уладзімір Курыловіч.

Ну а пра смак пладова-ягадных культур гаспадары доўга апавядаць не сталі – проста пачаставалі ўдзельнікаў мерапрыемства сёлетнім ураджаем. Плюс да ўсяго, журналістам былі прапанаваны матэрыялы з рэкамендацыямі па тэхналогіі закладкі і вырошчвання пладовага саду (яны будуць надрукаваны ў 2015 годзе ў адным з нумароў “Лідскай газеты”, у выпуску “Справа гаспадарская”).

ААТ “Шчучынскі масласырзавод” – вядомы ў краіне вытворца сычужных сыроў. І не толькі. Тварог, смятана, масла, біфітат, маслёнка і іншыя прадукты славяцца сваёй высокай якасцю і натуральным смакам. Прадукцыя прадпрыемства адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Напрыклад, пастаўляемыя на расійскі рынак сыр “Голландский БИО”, масла салодкасметанковае несалёнае “Любимый вкус” и “Крестьянское Premium (72,5%)” у конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі” ў 2013 годзе перамаглі ў намінацыі “Харчовыя тавары”. На айчынным рынку, у рамках беларускага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, лепшым прадуктам таксама названа масла “Крестьянское Premium”. Спіс значных перамог шчучынскіх вытворцаў як на айчынным, так і на міжнародным узроўні можна працягваць. на мой жа погляд, не менш важна зазначыць іншае: на дасягнутым яны не спыняюцца. Так, у дзень наведвання журналістамі прадпрыемства для дэгустацыі была прапанавана навінка: сыр “Дольче Вита” з водарам вінаграду. Яго адметнасць – у высокай смакавай вартасці, што характэрна і для іншай прадукцыі шчучынскага завода.

 

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться