Месца сустрэчы – аддаленая вёска. Асноўная праблема – стан дарогі да месца апошняга прытулку родных

22 Апреля 2018 2235

Валерый Калодка прыйшоў на пасаду старшыні Ганчарскага сельскага Савета ў сакавіку гэтага года. Менавіта яму дэпутаты аказалі давер узначаліць мясцовую ўладу.

Калі днямі журналіст прапанавала Валерыю Уладзіміравічу адправіцца ў адзін з населеных пунктаў сельсавета (у “Лідскай газеце” існуе рубрыка “Месца сустрэчы – аддаленая вёска”), каб пазнаёміцца з жыхарамі і даведацца, якія праблемы іх хвалююць, новы старшыня ахвотна згадзіўся. А журналіст адзначыў для сябе: нягледзячы на тое што Валерый Калодка працуе толькі месяц, ён ведае не толькі асаблівасці ўсіх шаснаццаці вёсак, але і нямала іх жыхароў.

– Раней, калі працаваў начальнікам аператыўна-дзяжурнай службы, намеснікам начальніка Лідскага РАУС, даводзілася бываць на тэрыторыі раёна, і на тэрыторыі Ганчарскага сельсавета ў прыватнасці. Напрыклад, у час правядзення выбараў кантраляваў, як нясуць службу і забяспечваюць парадак участковыя на выбарчых участках, – гаворыць Валерый Уладзіміравіч.

Новая пасада ўсклала новыя абавязкі. Валерый Калодка стаў актыўна займацца арганізацыяй навядзення парадку ў вёсках, на мясцовых могілках і на памятных гістарычных месцах, пытаннямі сем’яў, якія знаходзяцца ў дрэнным становішчы, і бяспекай насельніцтва. А гэта ў немалой ступені дало магчымасць хутка пазнаёміцца з насельніцтвам сельсавета.

Для сустрэчы з жыхарамі аддаленай вёскі Валерый Калодка і журналіст “Лідскай газеты” абралі вёску Жомайдзі. Яна знаходзіцца на адлегласці ў восем кіламетраў ад цэнтра сельсавета – аграгарадка Ганчары. Пастаянна пражывае ў вёсцы дзесяць чалавек. А некаторыя наведваюцца сюды перыядычна, каб правесці час у пакінутай ім у спадчыну бацькоўскай хаце і, безумоўна, падтрымаць на сядзібе парадак.

Першае, што ўразіла па прыездзе ў Жомайдзі, дык гэта тое, што, нягледзячы на дзясятак жыхароў, вёска жыве паўнакроўным жыццём: з аднаго падворка даносіўся гук сталярнага станка, на другім было бачна, як мужчына тупае ля хоць і старэнькага, але ўласнага трактара, гаспадары трэцяга дома назапашвалі бярозавы сок…

Мы завіталі ў адзін з двароў. Гаспадар Уладзімір Уладзіміравіч Урбановіч хоць і ў гадах, але даволі актыўны. Ён з катэгорыі тых, хто не толькі паразважаць можа, але і да любой справы ахвочы. Уладзімір Уладзіміравіч – чалавек умелы. Некалі сам сабраў трактар, гэта ўжо пазней набыў заводскай зборкі. А вось інвентар да трактара па-ранейшаму ўласнай вытворчасці. Хаця, як бы там ні было, любая сельгастэхніка – добрая падмога для жыхара вёскі.

IMG 1821

“Пытаеце, дзе я працаваў? На Лідскай чыгунцы. А мая нябожчыца жонка Ірына Леанардаўна доўгі час шчыравала ў калгасе даяркай”, – кажа Уладзімір Уладзіміравіч і заўважае: “Дарэчы, ад чыгункі большая павага да сваіх былых працаўнікоў, чым ад калгаса да сваіх. На святы абавязкова ўшануюць мяне паштоўкай і падарункам. А калі адзначалася 155-годдзе Беларускай чыгункі, я атрымаў грашовае заахвочванне”.

Калі размова заходзіць пра наяўнасць і якасць паслуг для жыхароў Жомайдзяў, Уладзімір Уладзіміравіч таксама не ў прэтэнзіях. Прадуктамі забяспечвае аўталаўка Лідскага філіяла аблспажыўтаварыства, якая прыязджае па графіку раз на тыдзень і робіць на вуліцы два прыпынкі – з аднаго і другога канца вёскі. Па панядзелках завітвае ў Жомайдзі і машына індывідуальнага прадпрымальніка, каб прапанаваць вяскоўцам разнастайныя тавары.

Медыцынскім абслугоўваннем забяспечвае жыхароў Жомайдзяў Мінойтаўская амбулаторыя. У экстранным выпадку прыязджае хуткая дапамога. Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, прамаруджванняў ці адмоў прыехаць да чалавека, які адчуў сябе дрэнна, не было.

На пытанне, ці зручна вяскоўцам карыстацца грамадскім транспартам, суразмоўца адказвае, што, каб даехаць у патрэбным накірунку, трэба выходзіць на прыпынак “Баравічы”. Да яго адлегласць 1,7 кіламетра, затое там заўсёды спыняюцца аўтобусы і падбіраюць пасажыраў.

Сярод праблем, якія хвалююць жыхароў Жомайдзяў, Уладзімір Уладзіміравіч назваў дзве. Адна з іх – з-за праведзеных недалёка ад вёскі меліярацыйных работ зменшыўся ўзровень падземных вод, што адпаведна сказалася на колькасці вады ў калодзежах. Праўда, у гэтым выпадку добра ці дрэнна, але рашэнне знойдзена. А вось другая праблема для жыхароў Жомайдзяў сапраўды як костка ў горле. Справа ў тым, што дарога да мясцовых могілак не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яна і раней была не з лепшых. Ды ў час, калі будаваўся ў Ганчарах аграгарадок, былы старшыня сельскага Савета Ніна Іванаўна Урбановіч знайшла рашэнне і ў рамонце дарогі да Жомайдзеўскіх могілак. Але пасля гэтага вяскоўцам доўга радавацца не прыйшлося. Як расказваюць жыхары, сваю адмоўную ролю ва ўтрыманні ў належным стане дарогі сыгралі колы трактароў гаспадаркі. Да таго ж лесавозамі Лідскага лясгаса па гэтай дарозе некаторы час вазілі з лесу бярвенні, чым дабілі праезджую частку канчаткова. У сухое надвор’е даставіць памерлага на могілкі яшчэ можна, а вось калі на двары слота, то апошні шлях чалавека да таго месца прытулку, дзе ўжо пахаваны яго блізкія, аказваецца вельмі цяжкім.

– Надзеі на тое, што дарогу паправіць калгас, мала, – казаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Мы, жыхары Жомайдзяў, спадзяёмся на разуменне нас кіраўніцтвам лясгаса і на дапамогу з боку гэтай арганізацыі.

Менавіта праблему з дарогай да могілак агучвалі як асноўную старшыні сельскага Савета і журналісту “Лідскай газеты” і іншыя жыхары вёскі. Напрыклад, Уладзімір Міхайлавіч Мурын, які на час наведвання яго сядзібы аднаўляў вуллі, казаў, што дапамогі на ўласным падворку ён ні ад каго не просіць, сам з усім справіцца. А вось дарогу да могілак самастойна адрамантаваць, нават калі брацца ўсім гуртам, жыхарам вёскі не пад сілу.

Стан дарог неабыякавы і мясцоваму жыхару Вячаславу Канстанцінавічу Гросу. Паколькі яго хата стаіць паводдаль ад асноўнай вуліцы Жомайдзяў, патрэбна, каб палявыя і лясныя “дарожныя артэрыі”, якія злучаюць яе з населенымі пунктамі, не мелі перашкод. Дарэчы, па словах старшыні сельскага Савета Валерыя Калодкі, аб стане дарог сельсавета наогул, вуліц населеных пунктаў ён вёў размову з начальнікам ДРБУ №157 Янінай Пракопчык. Яніна Чаславаўна ўважліва ставіцца да кожнага звароту.

IMG 1836

Наведваючы Жомайдзі, старшыня сельскага Савета і журналіст даведаліся, што ў вёсцы трое гаспадароў трымаюць у гаспадарцы кароў. Хаця гады бяруць сваё, і сёй-той плануе адмовіцца ад утрымання рагулі. Казалі таксама жыхары, што ў Жомайдзях можна жыць, нават калі чалавек састарыцца і стане нямоглым: вельмі ўжо ўдалыя сацыяльныя работнікі замацоўваюцца за такімі людзьмі – Віктар і Алена Бутурля з суседняй вёскі Дзітрыкі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться