«Няшчасны чалавек не будзе бегаць цэлыя суткі». 56-гадовы жыхар Ліды прыме старт у шасцісутачным марафоне, які пройдзе ў Афінах

17 Января 2018 3876

Два з паловай гады таму Лявон Анацка ўпершыню прыняў удзел у спаборніцтвах па бегу. Цікава, што лідчанін вырашыў праверыць свае фізічныя магчымасці не на кароткай дыстанцыі і нават не на марафонскай, а адразу выйшаў на паўсутачны забег. З таго часу ён актыўна падарожнічае па розных краінах свету, дзе спаборнічае з блізкімі па духу людзьмі ў сутачных і двухсутачных марафонах. Але ж і такіх выпрабаванняў для Лявона аказалася мала. 25 студзеня гэтага года ён стартуе ў забегу, які працягнецца цэлых шэсць сутак!

У інтэрв’ю «Лідскай газеце» Лявон Анацка, які працуе на абутковай фабрыцы рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, распавёў падрабязнасці свайго захаплення, а таксама выказаў надзею, што ў хуткім часе спаборніцтвы па ўльтрамарафоне пройдуць і ў Лідзе.

– Сказаць па праўдзе, у дзяцінстве я быў вельмі хваравітым хлопчыкам, – распачынае гаворку Лявон. – Запаленне лёгкіх у мяне было, а як толькі снег у рукі вазьму, адразу тэмпература падымаецца. У школе мама пастаянна аберагала, на першым курсе інстытута з-за высокага ціску нават меў абмежаванні на занятках фізкультурай. Але ж як адарваўся ад маці, пачаў патроху загартоўвацца, абсыпацца снегам, некаторы час купаўся зімой, ды і бегаць пачаў. Потым жыццё пайшло складаней, траіх дзяцей выхаваў, даглядаў хворых бацькоў – проста не было калі займацца спортам. Цяпер жа ёсць куды дзець вольны час, таму і зноў бегаць пачаў. Ды так захапіўся гэтым заняткам, што цяпер і адарвацца не магу. Жыццё кароткае, хочацца зрабіць яго, асабліва другую палавіну, як мага больш цікавым і насычаным.

– Чаму выбралі менавіта сутачны бег?

– Мне лягчэй бегчы суткі, чым звычайны марафон. З моладдзю спаборнічаць я не магу, таму падчас марафону неяк сорамна адставаць ад іншых. А так у сваім тэмпе бяжыш, не звяртаючы ўвагу на сапернікаў, можаш падысці ці наогул на трохі спыніцца. Цікава, што марафонцаў у Беларусі сотня ці паўтары, а тых, хто рызыкнуў бегчы суткі, можа, толькі з дзясятак. Але ж калі разабрацца, не ўсё так складана. На самой справе можна ўвогуле не бегчы, а ўвесь час пешшу ісці. Так было ў Кіеве падчас першага для мяне ўльтрамарафона, дзе я 136 кіламетраў амаль што ішоў. Маладыя беглі днём, затое ноччу адпачывалі, а я за гэты час іх нагнаў, бо зусім не стаміўся і не адпачываў. У выніку да раніцы выйшаў на шостае месца ў абсалютнай катэгорыі.

– Як на гэта адрэагаваў ваш арганізм?

– Канешне, ускосна трэба глядзець на сапернікаў, але ж у першую чаргу – за сваімі магчымасцямі. Якое месца ў выніку ні зоймеш, калі ты можаш прабегчы суткі ці двое, а на наступны дзень яшчэ з задавальненнем ідзеш на экскурсію, значыць, ты ўжо пераможца. Два гады я так бегаў, а потым, дарэчы, сам задумаўся наконт свайго здароўя. Здаў аналізы, зрабіў кардыяграму… Аказалася, што яно нават і лепш стала. На рабоце мне многія кажуць: «Глядзі, каб не замучыў сябе». Але ж я і не мучу. Наадварот, стаў неяк інакш глядзець на свет. Раней хацелася кагосьці павучыць, штосьці памяняць, а цяпер проста задаволены тым, што маю, – шчасце, здароўе, ды і грошай мне хапае. Пагадзіцеся, няшчасны чалавек не будзе бегаць цэлыя суткі, траціць на занятак вольны час і свой заробак. Яшчэ ў мяне шмат знаёмых ва ўсім свеце, і, калі спатрэбіцца, магу разлічваць на іх дапамогу. Вось на чэмпіянаце свету ў Белфасце пазнаёміўся з адным бегуном, дык пасля жыў у яго на кватэры, калі падарожнічаў па Капенгагену.

– У Кіеве вы ўпершыню ўдзельнічалі ў забегу на суткі, а раней выходзілі на старт у другіх дысцыплінах?

– Увогуле, мой першы забег адбыўся ў жніўні 2015 года, у Мала-дзечне тады праводзіўся паўсутачны марафон. Ён мяне вельмі ўразіў сваімі складанымі ўмовамі. Было 34 градусы гарачыні, мы беглі па стадыёне, але ж мяне гэта толькі больш кранала. Калі ўдзельнікі забегу рванулі са старта з голым торсам, то я, наадварот, надзеў доўгую кашулю, акуляры і кепку. Толькі трохі не разлічыў і пабег босым. Выцярпеў тры гадзіны, пакуль не адчуў, што ў мяне ўжо на нагах пухіры павылазілі. Потым абуўся і працягнуў спаборніцтвы, хаця было ўжо вельмі цяжка. У выніку за паўсутак прайшоў-прабег дзесьці каля сямідзесяці кіламетраў. У Маладзечне пазнаёміўся са спартсменам з Украіны, які і запрасіў мяне на сутачны забег у Кіеў. Потым у Вінніцы паўдзельнічаў у 48-гадзінным марафоне, а затым пачаў бегаць усё запар. Толькі афіцыйных стартаў за мінулы год у мяне было дваццаць пяць. На чэмпіянаце свету ў Белфасце заняў чацвёртае месца ў сваім узросце, у двухсутачным марафоне ў Белградзе быў другім з асабістым рэкордам: за дваццаць чатыры гадзіны я пераадолеў 171 кіламетр.

– Як вы рыхтуецеся да такіх спаборніцтваў?

– Дзіўна, але да першага забегу я фактычна не рыхтаваўся, і цяпер гэтага не раблю. Раней спрабаваў розныя варыянты і заўважыў, што пасля багатых трэніровак на першых кіламетрах сутачнага забегу ногі літаральна нясуць мяне самі. А гэта не зусім добра, бо ў такім тэмпе ты доўга не пратрымаешся. Таму перад сутачнымі марафонамі я не праводжу ніякіх бегавых трэніровак. Па-першае, часу асабліва няма, па-другое, я і так вельмі многа хаджу. Напрыклад, у Лондане я каля ста кіламетраў прайшоў пешшу, не на спаборніцтвах, а так, гуляючы. У Капенгагене – дзесьці каля сямідзесяці. Летам езджу на ровары. Дзедаўскі дом знаходзіцца на адлегласці ў паўсотні кіламетраў ад Ліды. Дзеці казалі, каб прадаваў яго, бо на машыне туды не наездзішся. Сапраўды, на машыне не наездзішся, але ж на ровары самае тое. Тры гадзіны – і я там. Гэта калі грыбоў няма. Неяк сам хату перакрыў, з дапамогай толькі адной лапаты возера выкапаў. Вось гэта мае трэніроўкі.

– Які рэгламент сутачных спаборніцтваў? Вы кажаце, што нехта бяжыць, нехта спіць…

– Ён даволі дэмакратычны. Усе стартуюць разам, звычайна ў дванаццаць гадзін дня. Фактычна калі чалавек хоча пайсці адпачыць, то лепш папярэдзіць аб гэтым суддзяў, хаця ўсё роўна пры спыненні ўдзельніка спрацуе спецыяльны чып, які надзяецца спартсменам на руку. Бяжым па крузе даўжынёй каля кіламетра, бывае трохі менш ці больш. Роўна праз суткі (ці двое, у залежнасці ад фармату ўльтрамарафону) гучыць сігнал, забег спыняецца і падлічваецца адлегласць, якую пераадолеў той ці іншы спартсмен. Спыніцца на адпачынак можна ў любы час, есці можна таксама па сваім жаданні. Бывае, што арганізуюць яшчэ і масаж, але менавіта я ім не карыстаюся, бо гэта вельмі расслабляе. Падчас сутачнага забегу стараюся не сыходзіць з дыстанцыі, ісці хоць пешшу, але кантраляваць дзеянні сапернікаў, іх хуткасць і магчымасці. Суткі я вытрымліваю такі тэмп, а вось з двума ўжо прыходзіцца цяжэй.

– Памятаеце свой самы незвычайны забег?

– Ён называўся «Зіма мінус 100». На стары Новы год у Вязынцы адначасова выйшлі на старт каля пяцідзесяці веласіпедыстаў, дваццаць пяць бегуноў і тры лыжнікі. Як толькі мы выйшлі на трасу, пачаў валіць моцны снег, а нам трэба было пераадолець 102 кіламетры, пры гэтым знайсці па карце пэўныя пункты і сфатаграфавацца там. Ліміт на ўсё – дваццаць чатыры гадзіны. Напачатку я бег добра, але калі сцямнела, амаль заблукаў. Добра, што дапамог адзін лыжнік, які быў з навігатарам. Так з ім з васьмі вечара да васьмі раніцы прабеглі 52 кіламетры. Зусім нядаўна прыехаў з Таліна з паўсутачнага марафону. 31 снежня ўдзельнікі стартавалі ў дванаццаць гадзін дня, а фінішыравалі ў поўнач. Так і сустрэлі Новы год.

– І колькі гэта каштуе?

– За год на спаборніцтвы і падарожжы я аддаў прыкладна ад трох да чатырох тысяч долараў. Самае дарагое з іх – паездка ў Белфаст на чэмпіянат свету. І віза нятанная, і форму набываў спецыяльна для забегу, і красоўкі новыя. Затратна, але ўсё адносна. Дарагія пералёты, гатэлі. З другога боку, амаль нічога з харчавання я не купляў у крамах.

– Літаральна праз пару дзён вы вылятаеце ў Афіны. Што там за спаборніцтвы?

– Буду прымаць удзел у вельмі сур’ёзным фестывалі ўльтрамарафону. Максімальны забег – шаснаццаць сутак на тысячу міль. Але я на гэта выпрабаванне не рызыкнуў. Па-першае, каштуе дорага – каля тысячы еўра, па-другое, вытрымаць такую дыстанцыю яшчэ не гатовы. У выніку заявіўся на шасцісутачны забег. Дарэчы, з Беларусі я пакуль адзіны ўдзельнік. Стартую 25 студзеня.

– Наколькі мне вядома, вы плануеце арганізаваць двухсутачны ўльтрамарафон у Лідзе…

– Так. Спадзяюся, што ў гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі і менавіта ў Лідзе адбудуцца двухсутачныя забегі. Разлічваю на тры этапы. Старт першага ўжо хутка – 2 сакавіка, 28 верасня пачнецца другі этап, трэці – 29 снежня. Вынікі плануем падводзіць пасля кожнага этапу і таксама па суме трох. Ужо паабяцалі прыехаць прадстаўнікі дванаццаці краін. Можа, пакуль буду ў Грэцыі, змагу запрасіць кагосьці яшчэ.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться