«сТАЎЛенне»: лідскімі сцежкамі валянціна Таўлая

12 Мая 2017 2141

У адныя з нядаўніх выхадных па ўсёй Беларусі прайшоў шэраг бясплатных экскурсій для ўсіх жадаючых. Праходзілі яны ў рамках “Фэсту экскурсаводаў” – традыцыйнай штогадовай рэспубліканскай акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. Сёлетні “Фэст экскурсаводаў” праходзіў пад дэвізам “Складзі свой маршрут”. Далучыліся да акцыі і склалі свае маршруты экскурсій і некаторыя экскурсаводы Ліды. У іх ліку – супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун, які распрацаваў маршрут “сТАЎЛенне” – па аб’ектах нашага горада, звязаных з лідскімі старонкамі біяграфіі беларускага паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая. На аснове гэтага маршруту Алесь плануе ў далейшым праводзіць аднайменную гульню-квест. Аб гэтым унікальным для Ліды праекце ён і расказаў карэспандэнту “Лідскай газеты”.

– Падобныя гульні-квесты, прысвечаныя таму ці іншаму класіку беларускай літаратуры, даўно практыкуюцца літаратурнымі музеямі Мінска, – пачынае нашу гутарку Алесь. – Напрыклад, літаратурны музей імя Петруся Броўкі праводзіць гульню-квест “ДАБРОўкі”. Я і вырашыў: а чаму б нашаму літаратурнаму аддзелу, доміку Таўлая, не праводзіць аналагічную гульню, прысвечаную Валянціну Таўлаю? Сугучная з прозвішчам Таўлай назва праекта – “сТАЎЛенне” – як бы падкрэслівае неабыякавае стаўленне, неабыякавыя адносіны ўдзельнікаў гульні да паэта, яго жыцця і літаратурнай спадчыны.

– Раскажы крыху аб правілах гульні.

– Гульня разлічана на школьнікаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, але могуць удзельнічаць у ёй і дарослыя. Кожны ўдзельнік гульні-квеста атрымлівае фрагмент карты Ліды, на якім пазначаны “таўлаеўскія” аб’екты нашага горада. Па карце гульцы знаходзяць гэтыя аб’екты і фатаграфуюцца побач з імі (робяць сэлфі), пацвярджаючы тым самым, што пабывалі ў той ці іншай кропцы, пазначанай на карце. У кожным з пазначаных месцаў гульца чакае лісток паперы з зашыфраваным фрагментам верша Валянціна Таўлая. Пабываўшы ва ўсіх патрэбных месцах, удзельнік гульні знойдзе ўсе фрагменты крыптаграмы і расшыфруе яе з дапамогай “ключа” – лістка з беларускім алфавітам, які будзе дадзены яму разам з картай (пад лікамі ў крыптаграме зашыфраваныя літары, з якіх і складаецца тэкст верша). Магчыма, акрамя фрагментаў зашыфраванага верша, трэба будзе сабраць і якіясьці прадметы (што характэрна для такой формы гульні, як квест) – напрыклад, пяро для пісьма, сшытак і г. д.

– І якая ўзнагарода чакае ўдзельнікаў?

– Хто поўнасцю справіцца з заданнем – вяртаецца да зыходнай кропкі маршруту (доміка Таўлая па вуліцы Замкавай, 7). Кожны, хто абыдзе ўвесь маршрут, расшыфруе крыптаграму, збярэ ўсе прадметы, будзе ўзнагароджаны дыпломам-падзякай як бы ад самаго Валянціна Таўлая (з аўтографам паэта), атрымае запрашальны білет на выстаўкі, што працуюць у доміку Таўлая. Такім чынам, удзельнікі праекта і пагуляюць у цікавую гульню, і пройдуць па Лідзе шляхамі Валянціна Таўлая, і больш даведаюцца пра “лідскі след” паэта.

– Якія пункты пазначаны ў “таўлаеўскім” маршруце?

– Пра зыходную і канцавую кропку маршруту – домік Таўлая – я ўжо згадваў. Недалёка ад доміка, за паўночнай сцяной замка, знаходзіцца другая кропка – месца, дзе некалі стаяла школа №5 (там Таўлай атрымліваў пачатковую адукацыю, менавіта ў той час ён напісаў свой першы верш). Дзесьці ў раёне сучасных бульвара Гедыміна і вуліцы Труханава жылі бацька і мачаха Валянціна Таўлая – у тым раёне я змясціў чарговы пункт “таўлаеўскага” маршруту. На жаль, дзе дакладна стаяў той бацькоўскі дом, сёння можна толькі меркаваць. Як можна толькі меркаваць і аб тым, дзе перад самай вайной месцілася рэдакцыя газеты “Уперад”, у якой працаваў Валянцін Таўлай, – дзесьці на поўнач ад завода харчканцэнтратаў (гэты раён таксама трэба будзе наведаць удзельнікам гульні). І, канешне ж, у маршрут я ўключыў і сучасны будынак рэдакцыі “Лідскай газеты” па вуліцы Ленінскай, на якім змешчана мемарыяльная дошка ў памяць аб паэце.

Цяжэй будзе наведаць тэрыторыю мэблевай фабрыкі, дзе знаходзілася фашысцкая турма, у якую быў кінуты Валянцін Таўлай, – тут трэба папярэдне дамаўляцца з кіраўніцтвам фабрыкі, падаваць заяўку на наведванне. Ёсць у нас яшчэ бібліятэка-філіял імя Таўлая па вуліцы Фурманава, але ў сувязі за значнай аддаленасцю гэтага пункта ад доміка Таўлая я яго ў маршрут не ўключыў – пра бібліятэку я толькі коратка раскажу ўдзельнікам праекта.

– Маршрут гульні і так, як бачу, складаны…

– Так, складаны. Калі да месца колішняй 5-й школы ля замка ці да вуліцы Труханава ад адпраўной кропкі маршруту можна дабрацца хутка, то ў месцы, звязаныя з працай Таўлая ў газеце, з яго зняволеннем, так хутка не трапіш, ды і знаходзяцца яны ў розных накірунках. Магчыма, гэта гульня будзе доўжыцца не адзін дзень. Але яно таго варта.

P. S. У заканчэнне нашай гутаркі Алесь азнаёміў мяне з новымі рэчамі, якія нядаўна папоўнілі фонд літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея і якія датычацца Валянціна Таўлая. Так, сястра паэта Ніна Паўлаўна, якая жыве ў Літве, праз лідскую сваячку перадала ў домік Таўлая сшытак з успамінамі аб перыядзе жыцця ў Лідзе, а таксама радавод Таўлаяў. Шмат чаго перадаў паэт і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, які прыязджаў у наш горад на “Пятыя лідскія чытанні”. Гэта і фотаздымкі, на якіх можна ўбачыць Валянціна Таўлая з першай жонкай Кірай (як выглядала Кіра, да гэтага мы не ведалі), Валянціна Таўлая ў двухгадовым узросце, і таўлаеўскія рукапісы, і кніга паэта “Выбранае”, выдадзеная ў 1947 годзе, хутка пасля яго смерці, і макет вокладкі кнігі “Шляхі і краты”, якую паэт падрыхтаваць не паспеў.

Як бачым, памяць аб Валянціне Таўлаі ў Лідзе падмацоўваецца новымі экспанатамі доміка паэта. Будзе падмацавана яна і гульнёй-квестам “сТАЎЛенне”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться