«Праваслаўныя святыні Лідчыны». Дакудаўскі святы і святыня

18 Января 2018 2035

Вёска Дакудава сёння амаль нічым не адрозніваецца ад соцень такіх жа невялікіх вёсачак Лідчыны. Праўда, маленькаю яе наўрад ці назавеш, бо распасцерлася яна ўшыркі і ўдоўж сваімі доўгімі вуліцамі. Ды і ў месцы раскінулася асаблівым – прыгожым, жывапісным: б’юцца тут аб бераг хвалі Нёмана, лясы – грыбныя ды ягадныя, лугі – мурожныя. І гісторыя ў Дакудава багатая, і людзі ў гэтых мясцінах нараджаліся, жылі слаўныя. І ўсё ж... Вёска зараз у разрадзе неперспектыўных: хаты пусцеюць, вуліцы цішэюць... І толькі адна царква, каменная, моцная, стаіць у цэнтры сяла, непадуладная ніякім гістарычным віхурам. Як маяк у акіяне часу, прыцягвае ўвагу, уражвае сваёй велічнай прыгажосцю.

З глыбіні стагоддзяў

Далёкая і глыбокая гісторыя Дакудава. Сама вёска ўпершыню згадваецца ў летапісе ў XIV стагоддзі (там гаворыцца аб бітве пры Дакудаве).

– Людзі, што тут жылі, былі праваслаўныя. Крыху пазней на землях з’явіліся рыма-католікі. А яшчэ пазней ў Вялікае княства Літоўскае пранік дух пратэстантызму. Кальвінісцкія абшчыны ўзніклі ва ўсім княстве, у тым ліку да кальвіністаў перайшоў і Дакудаўскі касцёл, – расказвае карэспандэнту настаяцель прыхода айцец Іаан Пешко. – У XVII стагоддзі каталіцкая царква бярэ ініцыятыву ў свае рукі і становіцца дзяржаўнай у ВКЛ. Затым была прынята унія. Новая, аб’яднаная канфесія стала называцца ўніяцкай. Уніяцкая царква была ўзведзена і ў Дакудаве. А ў 1839 годзе на ўніяцкім саборы ў Полацку быў падпісаны акт аб далучэнні ўніятаў да праваслаўнай царквы. Дакудаўская царква была пераўтворана ў праваслаўную.

Па словах айца Іаана, у кліравых ведамасцях згадвалася аб старым драўляным храме са званіцай, пабудаванай на чатырох драўляных слупах. Да 1865 года дах стлеў, паўночны бок будыніны крыху пакасіўся, з заходняга боку ветрам поўнасцю вырвала акно, яно было забіта дошкамі. Як вынік, у 1865 годзе ў Дакудаве пачалося будаўніцтва новай каменнай царквы. У 1866 годзе яна была пабудавана, а ў 1867 годзе асвечана. Яна размясцілася непадалёку ад старой. З тых жа кліравых запісаў вядома, што праз некалькі гадоў у новай царкве ўжо былі тры званы і дастаткова царкоўных рэчаў.

Аднак пры наступленні нямецкай арміі падчас Першай сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі была праведзена эвакуацыя царкоўнай маёмасці. З Дакудава ў Маскоўскі Данскі манастыр былі вывезены срэбная даразахавальніца і еўхарыстычны набор, панікадзіла, каштоўныя іконы, богаслужэбныя і метрычныя кнігі. З цягам часу сумеснымі намаганнямі святара і старасты Феадора Даніліка, а таксама на сродкі прыхаджан храм зноў быў напоўнены іконамі і царкоўнымі рэчамі.

Дваццатае стагоддзе прынесла шмат выпрабаванняў царкве, мноства храмаў было знішчана, пацярпелі святары і простыя вернікі. Не абышлі бязбожныя ганенні і дакудаўскі храм. Але міласэрнасцю Божай і стараннямі духавенства і прыхаджан храм выстаяў. Ён захаваў сваё аблічча і жывую душу дзякуючы людзям, якія неслі Госпаду сваю гарачую, сардэчную малітву.

IMG 149Гісторыя храма пазначана імёнамі многіх святароў і вернікаў. Тут служылі Іаан Сцяпура (пахаваны каля царквы), Іаан Канцэвіч, Іакаў Баліцкі, Мікалай Смірноў, Іаан Аляхновіч, протаіерэі Мікалай Галянкевіч, Віктар Курылаў, Уладзімір Вернікоўскі (пахаваны на могілках в. Дакудава), Міхаіл Гіль, Міхаіл Тарас і інш.

Шмат папрацаваў на карысць храма і, больш таго, літаральна абараніў яго ад закрыцця стараста Іван Даўлюд. У пасляваенныя гады, калі ў Дакудаве быў утвораны калгас, мясцовую царкву хацелі ператварыць у збожжасховішча. Але дбайны стараста, які, дарэчы, і ў ваеннае ліхалецце бярог храм, паехаў у Маскву і дабіўся, каб царква не была ператворана ў склад. Яго дачка, жыхарка Дакудава Соф’я Іванаўна Блінава, успамінае, што бацька, ды і ўся сям’я моцна паплаціліся за гэта: бацька быў пазбаўлены пенсіі, але аб сваім рашэнні не пашкадаваў. Храм не быў зачынены. У ім не перарываліся богаслужэнні і не спынялася духоўнае жыццё прыхода. Вернікі і сёння ўспамінаюць яшчэ аднаго старасту – Саву Крыпца, дзякуючы якому ў прыходзе шмат год жыла прыгожая традыцыя. Падчас Вадохрышча прыхаджане са святаром хрэсным ходам ішлі на раку Нарву асвячаць ваду. Стараста высякаў крыжападобную палонку, бакі яе фарбаваў вараным бураком, а калі вада была асвячона, выпускаў у неба схаванага ў рукаве белага голуба.

«Будуць ненавідзець вас за імя Маё...»

На будынку царквы летась устаноўлена мемарыяльная дошка, якая сведчыць, што прыхаджанінам гэтага храма быў Георгій Урбановіч, які пазней прыняў манаскі пострыг з імем Галактыён, а затым – пакутніцкую смерць за веру ў Хрыста. Ён кананізаваны праваслаўнай царквой.

Гэты чалавек – з рода вядомай на Лідчыне асобы, Ганаровага грамадзяніна Лідскага раёна, былога старшыні калгаса “Бердаўка” Аляксандра Каранюка. У сваёй кнізе “Сэнс жыцця” Аляксандр Аляксандравіч расказвае пра радавод: “Мая пляменніца Жыдок Марыя Мікалаеўна даследавала гісторыю свайго роду (Урбановічаў), пачынаючы з прапрабабкі і прапрадзеда. Звалі іх Пятруля і Станіслаў. Жылі яны ў вёсцы Пудзіна Лідскага павета Віленскай губерні (гэта недалёка ад Дакудава. – Аўт.). Яны вельмі кахалі адзін аднаго, але стаць мужам і жонкай змаглі толькі тады, калі Станіслаў згадзіўся вянчацца ў царкве (ён быў католікам, а Пятруля праваслаўная) і хрысціць сваіх дзяцей таксама ў царкве. Была і яшчэ адна перашкода. Пятруля – малодшая дачка ў сям’і, і магла выйсці замуж толькі пасля старэйшых сёстраў. Але ўсе перашкоды закаханыя змаглі пераадолець.

Пасля вянчання іх сям’я ўзяла прозвішча Урбановічаў. Жылі яны ў каханні і згодзе. У іх нарадзіліся тры сыны: Сцяпан, Ніканор і Рыгор. Ніканор і Рыгор пайшлі ў манастыр.

іканор – у Кіева-Пячэрскую лаўру, а яго брат апынуўся на Валааме. Вядома, што праз нейкі час браты наведалі радзіму і пакінулі ў Дакудаўскай царкве ікону Іаана Хрысціцеля. Гэта ікона захоўваецца ў царкве і зараз, на зваротным яе баку маецца надпіс братоў. Ніканор прыняў манаскі пострыг з імем Ніфант, а Рыгор – Галактыён...”

Як расказаў карэспандэнту айцец Іаан, на долю іераманаха Галактыёна выпала шмат выпрабаванняў. У цяжкі час, пасля рэвалюцыі 1917 года, яго прызначылі эканомам падвор’я Валаамскага манастыра ў Маскве. Падчас ганенняў на царкву сан святара, а тым больш царкоўна-адміністрацыйная пасада азначалі добраахвотнае ўзыходжанне на пакутніцкі крыж.

У 1922 годзе па надуманых падставах дапамогі галадаючым пачалі адбіраць царкоўныя каштоўнасці храмаў і манастыроў. Сваёй маёмасці пазбавілася і Валаамскае падвор’е ў Маскве. Айцец Галактыён, як загадчык гаспадаркі, рабіў спробы хоць неяк выратаваць частку маёмасці падвор’я. Тым часам ігумен Валаамскага манастыра (а сам востраў Валаам з 1918 года апынуўся на тэрыторыі Фінляндыі) пачаў прымаць меры па выездзе браціі з Масквы назад на востраў.

Аднак супраць ад’езду браціі нечакана выступілі прыхаджане, масквічы, якія звярнуліся з просьбай захаваць хаця б невялікую частку браціі з айцом Галактыёнам (настаяцелем падвор’я), «каб не заставацца духоўнымі сіротамі» ў такі цяжкі час. У выніку 18 чалавек, атрымаўшы візы, вярнуліся ў манастыр, а 16, пад кіраўніцтвам іераманаха Галактыёна, засталіся. Калі Валаамскае падвор’е было афіцыйна закрыта, манахі пасяліліся ў падвале дома насупраць і працягвалі здзяйсняць набажэнства ў падворным храме. Але гэта доўжылася нядоўга: хутка храм быў канчаткова зачынены, манахі разагнаныя. Але валаамскія інакі і ў гэтых абставінах не кінулі сваю паству. Яны знайшлі прытулак у другой царкве, дзе працягвалі служыць і духоўна акармляць вернікаў.

Праз некалькі год усе яны былі арыштаваныя і адпраўленыя ў ссылкі. Сам настаяцель падвор’я іераманах Галактыён, гэтак любімы прыхаджанамі і браціяй, быў арыштаваны ў 1927 годзе па абвінавачванні ў «шпіянажы». Утрымліваўся ў Бутырскай турме. За “ўдзел у контррэвалюцыйнай групе царкоўнікаў” і “шпіянажы” ў 1927 годзе іераманах Галактыён асуджаны на пяць гадоў кемскага канцлагера Салавецкіх лагераў АДПУ.

Пасля лагера адпраўлены яшчэ на пяць гадоў у ссылку ў Казахстан. Але і пасля гэтага тэрміну яму не дазволілі выйсці на волю. Ён цвёрда трымаўся Хрыстовай веры, сваіх манаскіх зарокаў і не прызнаваў раскольніцкую “Жывую царкву”. У грозным 1937 годзе яго зноў арыштавалі ў далёкім горадзе Талды-Курган і расстралялі.

У вёсцы Дакудава і сёння жывуць далёкія родзічы прападобнапакутніка Галактыёна. Ірына Уладзіміраўна Маркевіч, з якой сустрэўся карэспандэнт, расказвае: “Іераманах Галактыён – родны дзядзька маёй бабулі. Ягоны брат Сцяпан – мой прадзед....”

На жаль, пра пакутніцкі шлях земляка вядома няшмат. Хаця ўжо тое, што вядома, сведчыць аб яго вялікай веры, захаванай да смерці. Ён жа мог адмовіцца ад пасады эканома ў лютую часіну, бо ведаў, што ідзе на пагібель, але не адрокся ад Бога, прайшоў лагерныя пакуты і прыняў смерць. На ім спраўдзіліся словы Госпада: “Будуць ненавідзець вас за імя Маё; хто вытрывае да канца, уратуецца... Усякага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім Нябесным”.

Дарэчы, дзень памяці прападобнапакутніка Галактыёна святкуецца праваслаўнай царковой 20 снежня. А ў Лідзе адзін з сучасных храмаў (у Паўднёвым гарадку) носіць яго імя.

IMG 129

«Найсвяцейшая Маці Божая Іверская, дапамажы...»

З той жа вёскі Пудзіна ў наваколлях Дакудава, адкуль родам прападобнапакутнік Галактыён, узяла выток і яшчэ адна дакудаўская святыня. А гісторыя яе такая... Падчас Першай сусветнай вайны жыхары дакудаўскіх мясцін, як і ўсёй Лідчыны, Беларусі, перажывалі голад, пакуты, хваробы... Ад адной вёскі да другой распаўсюджваліся заразныя, смяротныя захворванні, быў час, калі ў гэтых мясцінах стаяў сапраўдны мор. Паратунку вясковыя жыхары шукалі ў Бога і ў нашай найсвяцейшай заступніцы, Маці Божай.

Жыхары вёскі Пудзіна сабралі ледзь не апошнія свае грошы і заказалі напісанне іконы Маці Божай Іверскай. (Даведка. Абраз Маці Божай Іверскай названы па імені Іверскага манастыра на Святой гары Афон, дзе ён упершыню з’явіўся. Абраз стаў сведкам шматлікіх цяжкіх для хрысціянства часоў – ганенняў, нападаў ворагаў. Сам ён таксама падвяргаўся нападу. Нейкі разбойнік ударыў па ліку Найсвяцейшай Дзевы – з раны пайшла кроў. Гэта настолькі ўзрушыла бандыта, што ён увераваў і вырашыў прысвяціць сябе манаству, застаўся на Афоне і аддана служыў Богу. Менавіта гэтая гісторыя стала прычынай таго, што Іверскі абраз Божай Маці сучаснымі іканапісцамі малюецца са шрамам і кроплямі крыві на твары. Такія сляды крыві пазначаны і на іконе ў Дакудаве. Сам Іверскі абраз, які праславіўся шматлікімі цудамі, знаходзіцца, як ужо было сказана, у Афонскім манастыры. З моманту сваёй з’явы больш за тысячу гадоў таму ён не пакідаў мясціны. Лічыцца, што гэта адбудзецца перад канцом свету. Між тым, з абраза зроблены спіскі (копіі), якія распаўсюдзіліся і глыбока ўшаноўваюцца вернікамі. Абраз Маці Божай Іверскай – адзін з найбольш ушаноўваемых абразоў Маці Божай у Рускай і Беларускай праваслаўных цэрквах.)

Калі абраз, напісаны па заказе жыхароў Пудзіна, быў гатовы (гэтай датай было 14 жніўня), шматлікія вернікі з навакольных вёсак урачыста, хрэсным ходам, з малітвамі, неслі яго праз усю вёску Дакудава, вуліцы якой усцілаліся жывымі кветкамі, да царквы. І – малітвы людзей былі пачутыя. Смяротная навала адступіла і больш у гэтым краі не з’яўлялася.

– З тых часоў і па сённяшні дзень дакудаўцы і жыхары навакольных вёсак надзвычай шануюць святы абраз і нябесную заступніцу, ідуць да яе з самымі гарачымі, сардэчнымі малітвамі і прашэннямі. А сам цудатворны абраз Маці Божай Іверскай знаходзіцца на пачэсным месцы ў храме, – расказаў настаяцель айцец Іаан. – Магчыма, калісьці мы адродзім і традыцыю – хрэсныя хады з абразом у дзень яе з’яўлення ў нашым храме, 14 жніўня.

Абраз насамрэч незвычайны: з аднаго боку на ім – выява Божай Маці, а з другога, адваротнага, – святога Велікамучаніка і Лекара Панцеляймона, заступніка ўрачоў, да якога звяртаюцца з малітвамі аб вылячэнні і пазбаўленні ад хвароб. Абраз нібыта мае двайную сілу і моц – тварыць тое, аб чым так шчыра моляцца дакудаўскія вернікі.

IMG 135

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться