Святло каляднай зоркі – у кожны дом

07 Января 2018 2070

Адзінаццацігадовая Яна Крывеня, навучэнка Лідскай дзіцячай мастацкай школы, вось ужо чатыры гады запар удзельнічае ў Міжнародным маскоўскім фестывалі-конкурсе дзіцячага выяўленчага мастацтва “Віфлеемская зорка”. За тры папярэднія гады яе работы занялі адно першае і два другія месцы, сёлета вынікі яшчэ падводзяцца. А пакуль што Яна малюе для душы адно з самых любімых сваіх святаў – Каляды. На яе палатне – горад: дрэвы, вуліцы, дамы… А над горадам – анёл, які нясе ззяючую зорку, дорачы благаславенне свята Хрыстова Нараджэння кожнаму дому.

Сціплая прыгожая дзяўчынка з яснымі блакітнымі вачамі – гонар сям’і, школы, а ў будучым, магчыма, і гонар Лідчыны. Яна добра вучыцца ў школе №14, займаецца бальнымі і ўсходнімі танцамі, маляваннем, наведвае нядзельную школу пры Свята-Георгіеўскай царкве і ва ўсім паспявае. А яшчэ ў яе проста добрае сэрца, чулае да дабрыні і прыгажосці, і талент мастака – перадаваць убачанае і перажытае з дапамогай фарбаў.

Юная лідчанка выхоўваецца ў простай, але працавітай, творчай і дружнай сям’і. Мама працуе на заводзе электравырабаў, а ў вольны час займаецца батыкам, вязаннем, шыццём. Тата – электраманцёр у ГВФ “Ліда”, а таксама вялікі майстар, шчыруе на дваравой тэрыторыі. Залатыя рукі ў Яніных бабулі і дзядулі… Усе члены сям’і – вялікія энтузіясты, якія ахвотна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці абедзвюх школ, дзе займаецца дзяўчынка. І акрамя ўсяго – свята захоўваюць традыцыі. Дарэчы, бабуля і мама ў сям’і – католікі, дзядуля, тата і Яна – праваслаўныя.Таму ў сям’і шануюць святы абедзвюх канфесій.

Хутка ўся сям’я абавязкова збярэцца разам. Яна з мамай спякуць пірагі і прыгатуюць калядныя стравы. Затым усе разам наведаюць храм і, са з’яўленнем на небе першай зоркі, сядуць за святочны стол. Пажадаюць адзін аднаму самага найлепшага. Яна ўжо ведае, якія пажаданні выкажа сваім самым блізкім і родным: “Моцнага здароўя і каб яны заўсёды былі побач”. Дзяўчынка ўпэўнена: да гэтай пары ўсе яе пажаданні збываліся – і верыць, што так яно і будзе.

IMG 0063 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться