Журналіст «Лідскай газеты» адзначаны дыпломам I ступені на рэспубліканскім творчым конкурсе
Загадчыца аддзела інфармацыі “Лідскай газеты” Вікторыя Русілевіч – сярод пераможцаў рэспубліканскага творчага конкрусу на лепшае асвятленне ў СМІ і на Інтэрнэт-рэсурсах тэматыкі ўборачнай кампаніі “Жніво-2017: І хлебам адзіныя”.
Узнагароджанне адбылося напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Мінску у Доме прэсы. Пераможцаў у сямі намінацыях віншавалі першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гракун.
– Задача Прэзідэнта шырока асвятляць ход уборачнай кампаніі, расказваць пра чалавека працы, аб яго дасягненнях – выканана ў поўнай меры, – засяродзіў увагу Ігар Луцкі. – Асаблівую падзяку хочацца выказаць журналістам менавіта рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, якія на месцах, фактычна не адыходзячы ад камбайнаў, аператыўна выдавалі матэрыялы на сваіх Інтэрнэт-рэсурсах, у газетах, тым самым падтрымліваючы такую няпростую працу хлебароба.
На конкурс “Жніво-2017: І хлебам адзіныя” было заяўлена больш за паўтары сотні аўтарскіх матэрыялаў. Прыемна, што сярод такой колькасці асобна выдзелілі працу карэспандэнта “Лідскай газеты” Вікторыі Русілевіч: яна ўдастоена дыплома I ступені ў намінацыі “Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ”.