Чт11232017

Па старонках нашай гісторыі. Будынак Лідскай пошты – шэдэўр стылю функцыяналізму

ПочтаСапраўднай пярлінай функцыяналізму ў нашым горадзе з'яўляецца будынак пошты. Неаднаразова чуў ад знаўцаў, што гэты прыгожы будынак са стылёвымі кратамі на вокнах лёгка ўявіць сабе на самай фешэнебельнай вуліцы еўрапейскага горада. Нават больш позняя мазаіка ўнутры перакрытай зверху светлавымі вокнамі аперацыйнай залы арганічна ўпісалася у інтэр'ер будынка. І самае галоўнае – ніякія рамонты не сапсавалі гэты будынак.

У сярэдзіне 1930-х гг. паштовыя гмахі ў стылі функцыяналізму таксама былі пабудаваныя ў Гдыні, Быдгашчы, у заходнеўкраінскім Луцку і заходнебеларускай Лідзе. Паштовыя будынкі ў Быдгашчы і Луцку – родныя браты лідскага, але, нягледзячы на тое што гэтыя гарады ў той час, як і цяпер, мелі большую колькасць насельніцтва, чым Ліда, Лідская пошта ўсе ж большая па памерах і прыгажэйшая. Цікава, аднак, што, згодна з гарадской легендай, будынак пошты ў Быдгашчы, як ў і Лідзе, быццам бы будаваўся па праекце англійскіх архітэктараў, пра англійскага архітэктара Лідскай пошты піша і Леў Коласаў.

Насуперак гарадскім легендам, будынак быў спраектаваны ў 1936 г. Вандай Баэрнер-Пшэўлоцкай, якая таксама спраектавала шэраг іншых будынкаў у іншых гарадах. Верагодна, заказ на праектаванне будынка пошты ў Лідзе архітэктар атрымала праз адпаведныя кантакты – яе дзядзька Ігнат Баэрнер у 1929-33 гг. быў міністрам поштаў і тэлеграфаў Польшчы.

З пункту гледжання архітэктуры гмах пошты складаецца з кубічных аб'ёмаў з элементамі, тыповымі для стылю Ле Карбюз’е: першы паверх знаходзіцца трошкі ў глыбіні, што падкрэслена больш цёмным колерам, і на першым плане бачныя канструкцыйныя слупы. У галоўным аб'ёме будынка знаходзіліся паштова-касавая зала і бакавая тэлеграфна-тэлефонная зала з агульным вестыбюлем. Вакол паштова-касавай залы месціліся памяшканні розных паштовых службаў. Для работнікаў пошты меліся асобныя выхады з боку і тылу будынка. На другім-чацвёртым паверхах знаходзіліся розныя офісныя памяшканні, а таксама тэлефонная і тэлеграфная станцыі, у бакавым крыле пошты – кватэры.

Як усё пачыналася?

Першае паведамленне пра пачатак будаўніцтва новай Лідскай пошты я знайшоў у жнівеньскім нумары газеты «Кур’ер Віленскі» за 1936 г. У гэтым нумары Дырэкцыя поштаў і тэлеграфаў Віленскай акругі абвясціла публічныя таргі на будаўніцтва гмаху Лідскай пошты, а праз некалькі месяцаў, у снежні 1936 г., тая ж Дырэкцыя абвясціла таргі на выкананне работ па мантажы сістэмы цэнтральнага ацяплення, каналізацыі і водаправода.

Віленская прэса зноў паведамляла, што будаўніцтва плануецца закончыць у 1937-38 гг. Да 1937 г. ужо былі пабудаваныя два паштовыя гмахі ў Вільні, пачалося будаўніцтва новай пошты ў Баранавічах агульным аб'ёмам 13 000 м3, планаваліся новыя будынкі пошты ў Гродне, Друскеніках, Шчучыне, Гарадзеі, Клецку і Маладзечне.

Ажыўленне ў эканоміцы, якое назіралася ў другой палове 1930-х гг., спрыяла развіццю тэлефонных сетак на Лідчыне. За 1937 г. колькасць тэлефонных абанентаў на Лідчыне вырасла на 1/5 і дасягнула колькасці ў 218 абанентаў. Штомесячны грашовы абарот лідскіх тэлефаністаў дасягнуў 10 000 зл., усе пашкоджанні на лініі рамантаваліся не болей чым за 4 гадзіны, на тэлефоннай станцыі працавала 6 высокакваліфікаваных тэлефаністак.

У красавіку 1937 г. заказчык будаўніцтва – Дырэкцыя пошты і тэлеграфа ў Вільні – аб'явіў таргі на мантаж электраабсталявання ў новым будынку Лідскай пошты.

Будаўніцтва гмаху пошты рухалася наперад. У маі 1937 г. паведамлялася, што «ў найбліжэйшыя месяцы ў новым раёне горада каля гімназіі паўстане другі гмах коштам больш за мільён злотых (першы «мільённік» – гэта будынак гімназіі. – Л. Л.). Тут будзе ліставая пошта, тэлеграф і тэлефон. У памяшканнях вышэй ад першага паверха размесціцца персанал ліставой пошты, аддзелаў тэлеграфа і тэлефона, кіраўнікоў гэтых аддзелаў». Ужо ў кастрычніку 1937 г. корпус гмаху пошты быў зроблены «пад дах» і пакрыты. Узімку планавалі пачаць унутраныя работы, таму частковае адкрыццё новай пошты магло адбыцца яшчэ ўвесну 1938 г. Але будаўнічыя работы затрымліваліся.

Разам з будаўніцтвам новай пошты пракладваліся падземныя камунікацыі: «Ліда будзе мець падземныя тэлефонныя кабелі. Як і ў вялікіх гарадах, у Лідзе закладваюцца трубы для пракладкі тэлефонных сетак. Гэтыя работы выконваюцца на галоўных вуліцах горада».

Бліжэй да заканчэння будаўніцтва гмаху, у маі 1938 г., лідскія паштавікі пачалі атрымліваць новую тэхніку: «Матарызацыя пошты. Управа пошты і тэлеграфа ў Лідзе атрымала 5 аўтамабіляў маркі «Польскі «Фіят». Цяпер конны воз для дастаўкі пошты будзе служыць толькі там, дзе аўтамабіль не зможа праехаць».

Здача ў эксплуатацыю зацягвалася

У чэрвені 1938 г. пачаліся ўнутраныя работы, здача новага шматпавярховага паштова-тэлеграфнага гмаху ў эксплуатацыю чакалася ў жніўні ці верасні таго ж года. Будаўнікі павінны былі закончыць работы да 1 верасня, бо ў старым, драўляным будынку пошты па вуліцы Сувальскай (зараз – Савецкая) планавалася размясціць новую гімназію. Але хутка стала зразумела, што да 1 верасня здаць у эксплуатацыю новы паштовы гмах не паспеюць: «Пошта ў гатэлі? Будаўніцтва паштовага гмаху ў Лідзе марудна прасоўваецца наперад. Паштовыя ўлады ўсімі сіламі рупяцца паскорыць тэрмін адкрыцця новай пошты, з-за хуткага развіцця горада даўно пара было б вырашыць гэтую праблему. Калі ўсё ж будоўля затрымаецца, лідскія паштовыя ўлады будуць змушаны браць за ўзор вырашэнне праблемы з зацягваннем будаўніцтва пошты №2 у Вільні – там новая пошта часова пераехала ў гатэль. Здаецца, такі самы лёс чакае і пошту ў Лідзе».

Гарадскія ўлады да моманту адкрыцця новай пошты рыхтавалі вуліцу Міцкевіча: «Запраектаваная ў свой час на Выгане вул. Адама Міцкевіча дачакалася ўладкавання і цвёрдага дарожнага пакрыцця. Забрукоўка вуліцы ідзе ў паскораным тэмпе з-за хуткага заканчэння будаўніцтва і адкрыцця новай гарадской пошты. З моманту перанясення пошты ў новы гмах частка руху з вуліцы Сувальскай аўтаматычна скіруецца на Выган, таму вуліца Міцкевіча, на якой стаіць новая пошта, ажыве».
У другой палове жніўня будоўлю новага гмаху наведаў міністр поштаў і тэлеграфаў Польшчы Калінскі. Было вырашана, што новая пошта пачне працаваць да 7 верасня 1938 г.

Стварылі праблему ровары і адсутнасць асвятлення

Адразу пасля пачатку работы выявілася нечаканая праблема: «Барыкада з ровараў каля новай пошты. З моманту перанясення бюро паштова-тэлеграфнай управы ў новы будынак па вуліцы Міцкевіча, у час перад поўднем рух кур'ераў з розных арганізацый значна вырас, прычым кожны з іх карыстаецца роварам. Таму на вуліцы перад новай поштай заўжды ляжыць барыкада з ровараў».

Тым не менш у нашым горадзе з'явілася, магчыма, самая прыгожая вуліца, якая, аднак, у першыя месяцы не мела нават вулічнага асвятлення: «Самая новая вуліца Ліды без асвятлення. Да часу пераносу пошты ў новы гмах на Выгане гарадскія ўлады парупіліся аб поўнай перабудове вуліцы Міцкевіча. Вуліца ўпарадкавана па ўзоры цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкурыраваць з лепшымі вуліцамі Вільні. Але толькі ўдзень, бо ўвечар пануе на ёй егіпецкая цемра. Няма аніводнай лямпы. Чаму кіраўніцтва гарадской электроўні не звяртае на гэта ўвагі?» Дарэчы, з гэтага тэксту выцякае, што першай заасфальтаванай вуліцай горада была вуліца Міцкевіча.

Да начальніка пошты – з павагай

Пасля пераносу гарадской пошты ў новы будынак паштовая ўправа выпрацавала новы план дастаўкі карэспандэнцыі. Горад быў падзелены на 10 раёнаў (да гэтага часу пошту разносілі 8 паштальёнаў, стала 10), прычым карэспандэнцыя жыхарам горада пачала дастаўляцца два разы ў дзень. Часы дастаўкі пошты сінхранізаваліся з прыбыццём варшаўскіх і віленскіх цягнікоў у Ліду, дзякуючы чаму кожны жыхар атрымліваў цэнтральныя газеты і астатнюю пошту першы раз каля 9 раніцы. Гэта было вельмі значнае паляпшэнне паштовай справы горада. За добрую арганізацыю працы начальнік Лідскай пошты Батаровіч карыстаўся вялікай павагай у гараджан.

Але ўрачыстае адкрыццё новага будынка пошты адбылося толькі ў пачатку мая 1939 г. Верагодна, толькі да гэтага часу быў цалкам закончаны мантаж абсталявання. «Кур’ер Віленскі» пісаў: «У межах святкавання свята 3-га Мая (Дзень Канстытуцыі 1791 г. – Л. Л.) адбылося ўрачыстае асвячэнне пабудаванага коштам 524 000 зл. гмаху паштовай управы. Пасля асвячэння будынка ксяндзом-дэканам Г. Баярунцам прадстаўнік міністэрства поштаў і тэлеграфаў, пан дырэктар Шпачынскі сказаў прыгожую прамову. За ім выступіў дырэктар Віленскай акругі поштаў і тэлеграфаў пан Навіцкі, які расказаў пра ўмовы будаўніцтва гмаху і адзначыў, што Ліда ляжыць на лініі, якая злучае паўночны ўсход са сталіцай. Ад імя гараджан выступіў дырэктар гімназіі асаднікаў пан Мэнжык».

Адзначым, што замест першапачатковай сумы ў мільён злотых новы будынак з абсталяваннем абышоўся ў 524 тысячы. Цікава, на чым сэканомілі?

Працаваць на пошце было прэстыжна, бо работнікі добра зараблялі. Мемуарыстка Я. Ярмант, дачка лідскага чыгуначніка, пісала пра знаёмую лідскую сям'ю: «Пан Коркут займаў нядрэнна аплачваемую пасаду на пошце. Ён спачатку працаваў у старым будынку на вуліцы Сувальскай, а пазней у новым прыгожым будынку пошты на вуліцы Міцкевіча. Яго ні разу не скарачалі, і сям'я Коркут была лепш, чым мы, забяспечана матэрыяльна».

Будынак Лідскай пошты – сапраўдны шэдэўр стылю функцыяналізму. Вельмі добра, што гэты помнік архітэктуры першай паловы ХХ ст. знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай, але на памятным знаку, які знаходзіцца на будынку, трэба паправіць дату яго пабудовы на 1939 г.

Комментарии   

 
0 #2 Павел12 06.09.2017 13:23
Очень интересно
Цитировать
 
 
0 #1 Ассоль 06.09.2017 10:35
Спасибо за отличные статьи, действительно интересные вещи раскрываете. Одна просьба сделайте шрифт более читаемым, очень мелкие буквы, абзацев нет, и текст на странице расположите, чтобы строчки одинаково заканчивались. Глазу сложно воспринимать неупорядоченную информацию
Спасибо 8) :-)
Цитировать
 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

 

Наши блоги: 

Из личного блокнота

petrul
Блог Людмилы Петрулевич

Открытый микрофон

pin
Блог Жанны Пиневской

Строчки без точки

rus
Блог Виктории Русилевич

Между делом

kudr
Блог Татьяны Кудряшовой

Житейский перекресток

Каральчук
Блог Татьяны Каральчук