Па старонках нашай гісторыі. Выган – раён горада

28 Июля 2017 2492

Значная частка лідзян раней жыла з зямлі: мела зямельныя надзелы каля горада, трымала хатнюю жывёлу. Вялікі кавалак балоцістай зямлі на паўночным захадзе горада, дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу, здаўна меў назву Выган. Гэта тэрыторыя прымыкала да рэчкі Каменкі і мела плошчу ў 377 гектараў. Заходнія межы Выгану прыблізна супадалі з сучаснай чыгункай, на поўдні – з месцам, дзе знаходзіцца сучасны стадыён, на ўсходзе Выган падыходзіў да сучаснай вуліцы Перамогі, на поўначы мяжой Выгану была дарога на Крупава, якая потым стала вуліцай Крупаўскай (сучасная вуліца 8 Сакавіка). Часткай былога Выгану з’яўляецца сучасны гарадскі парк.

У 1920-30-я гг. Выган быў асушаны і на яго тэрыторыі вырас мікрараён – гонар тагачасных гарадскіх улад. Тут былі пабудаваны першы корпус бальніцы, жылыя дамы для лідскіх чыноўнікаў, школы №1 і №2 (сучасная СШ №1), гімназія (сучасны каледж), пошта, паліклінікі. Гэта частка Выгану паміж паркам і стадыёнам у 30-я гады насіла назву “Вялікая Ліда”, і пра гэтыя і іншыя аб’екты я напішу асобныя артыкулы. А гэты артыкул – непасрэдна пра Выган.

З даваеннага часу

Вось якія факты дайшлі да нас дзякуючы тагачаснай прэсе. Да 1914 г. частка Выгану, блізкая да горада, выкарыстоўвалася як месца правядзення святаў з удзелам войскаў. Напрыклад, падчас святкавання 300-годдзя царавання дома Раманавых, 21 лютага 1913 г., у 12 гадзін дня, хрэсны ход ад сабора Міхаіла Архангела ў суправаджэнні ваеннага аркестра накіраваўся да Выгану, дзе ўжо стаялі мясцовыя войскі. У адмыслова ўстаноўленай і расфарбаванай альтанцы быў адслужаны малебен і зачытаны царскі маніфест. Камандзір 192-га Лідскага палка павіншаваў войска са святам, пасля чаго яно прайшло цырыманіяльным маршам і хрэсны ход вярнуўся ў сабор.

У жніўні 1912 г. раней судзімы Паўлюкевіч у публічным доме Вайна на Выгане ў запальчывасці і раздражненні цяжка параніў шараговага Лідскага палка Жыліна, ад чаго той памёр. 7 сакавіка 1913 г. у судзе слухалася справа аб забойстве ў публічным доме. Паўлюкевіч быў прыгавораны да арыштанцкіх рот на 2 гады і 2 месяцы. Гэта газетная інфармацыя – адзінае згадванне ў прэсе аб месцы, дзе знаходзілася такая спецыфічная ўстанова.

У 1913 г. прэса паведамляла, што наймальнікі кватэр нашага горада скардзіліся на рост арэнднай платы за кватэры, і выказвала надзею на новае будаўніцтва: “Ужо некалькі гадоў кажуць пра тое, што Выган падзелены на ўчасткі, якія будуць прадаваць з таргоў. Але гэтага не робіцца”. На карце горада 1914 г. Выган ужо падзелены на вуліцы. Прадаваць зямельныя надзелы гараджанам гарадскім уладам перашкодзіла вайна.

01

Выган на карце горада 1914 г.

Падчас мабілізацыі ў пачатку Першай сусветнай вайны на Выгане была адна з пляцовак горада, на якіх ішоў адбор коней у войска. Большасць людзей спакойна прадавалі сваіх коней, бо цэны дзяржаўнага закупу былі добрыя. Аднак былі і такія, хто, прадаючы, плакаў.

У 1919 г. на Выгане была адноўлена зруйнаваная царскімі ўладамі магіла ксяндза Адама Фалькоўскага, якога казакі расстралялі ў 1863 г. за чытанне вернікам маніфеста паўстанцаў. Відавочца так апісваў гэтую падзею: “У 1919 г. лідскія чыгуначнікі пры ўдзеле гараджан задумалі ўшанаваць памяць ксяндза і паставіць на яго магіле помнік. Чыгуначнік Стэфан Лоўкіс прыняў тую справу блізка да сэрца, зрабіў крыж з жалезных труб і падрыхтаваў цэмент для помніка. ... наступіла хвіліна, калі трэба было адшукаць магілу. Людзі – жывыя ў 1919 г. сведкі падзеі (расстрэлу і пахавання ксяндза – Л. Л.) ... сталі на тыя самыя месцы, як і ў 1863 г., і на скрыжаванні ліній знайшлі магілу. Пры капанні ямы пад фундамент помніка натрапілі на камяні, а глыбей – на вапну. Месца гэтае – бясспрэчна, магіла расстралянага ксяндза”.

Будаўніцтва стадыёна

Нягледзячы на наяўнасць спартыўнай пляцоўкі ў замку Гедыміна, у 1929 г. было вырашана пачаць будаўніцтва новага стадыёна на 1000 чалавек з тэнісным кортам і бегавой дарожкай, але з-за сусветнага эканамічнага крызісу новы стадыён быў пабудаваны толькі ў 1937 г. Тым не менш ужо ў красавіку 1931 г., пасля вывучэння розных пляцовак, было вырашана будаваць стадыён на вуліцы Школьнай (сучасная вуліца Кірава), «насупраць гімназіі і школ № 1 і № 2». Там ён знаходзіцца і зараз.

У 1920-я гг. ішло будаўніцтва ў заходняй і паўднёвай частках Выгану. Тады ж пачалося асушэнне ўсяго Выгану. У канцы 1933 г., падчас работ на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, тут была знойдзена вялікая колькасць керамічных чарапкоў, раскіданых па вялікай тэрыторыі. Таўшчыня іх была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва ўпраўленне рэстаўрацыі ў Вільні і прыпыніў работы. Чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгану. Абодва месцы знаходзіліся па краях аднаго ўчастка. Лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта д-ра Хелену Цэгак (хутка яна стане вядомым і аўтарытэтным навукоўцам, атрымае ступень прафесара).

З прыездам археолага плошча раскопак была пашырана, і былі знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Д-р Цэгак выказала здагадку, што з XI па XIII ст. тут магло існаваць славянскае паселішча, сляды якога потым былі амаль цалкам знішчаны. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносілі да племянных груп, што ішлі з усходу. ... На археалагічнай карце ... з'явіцца новы знак, які будзе абазначаць сляды побыту славян на лідскім Выгане». У Лідзе Хелена Цэгак была разам са сваім мужам, таксама вядомым археолагам, Уладзімірам Галубовічам, які напісаў газетны артыкул пра старажытную Ліду.

На маю думку, паселішча на Выгане – гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г. Старажытная Ліда сёння – у самым цэнтры сучаснай і ніяк не пазначана на турыстычнай карце горада. Але менавіта тут, прыблізна на месцы старажытнай Ліды, пастаўлены знак “нулявога кіламетра”. Адсюль адлічваюцца кіламетры, і можа, адсюль варта адлічваць нашу гісторыю?

Дарэчы, у тым жа артыкуле археолаг Галубовіч пісаў: “Выган – тэрыторыя, на якую Ліда вядзе экспансію ўжо некалькі гадоў, запаўняючы яе зграбнымі мураванымі дамкамі. Выган – узвышша, да нядаўняга часу аточанае гразкім балотам, а цяпер перарэзанае сухімі вуліцамі і ўжо амаль усё перакапанае”.

У 1937 г. было вырашана дабудаваць працяг вуліцы Перацкага (вуліца ад сучаснай Ленінскай да бульвара Гедыміна, зараз яе няма) і злучыць яе з Выганам. гарадская магістраль злучыла чыгуначны вакзал з Выганам – раёнам горада, які хутка рос, – і Новай Лідай.

У студзені 1937 г. «Кур’ер Віленскі» пісаў: «Выган – участак горада, зарослы хмызняком і забалочаны, – зараз хутка забудоўваецца. Яшчэ ў 1920-я гг. тут у багне танула жывёла, якую выводзілі сюды пасвіцца, а тых людзей, якія хацелі прайсці напрасткі, чакаў такі ж лёс. Аднак пасля ўрэгулявання рэчкі і меліярацыі балота тут была пабудавана калонія дамоў для дзяржаўных чыноўнікаў, паўсталі прыгожыя гмахі школы і гімназіі, пачалося будаўніцтва найвялікшага ў Навагрудскім ваяводстве стадыёна плошчай 3,85 га з бегавой дарожкай працягласцю ў 500 м, пачалося будаўніцтва прыгожага будынка пошты агульным аб'ёмам у 10 000 м3, які будзе па-сучаснаму абсталяваны. Сюды ж плануецца перанесці гарадскі рынак». Рынак быў перанесены за Выган (на тэрыторыю базы сучаснага завода электравырабаў) у 1938 г. На старым рынку ў цэнтры горада засталіся толькі кіёскі і гандаль расліннымі і малочнымі прадуктамі. У тым жа 1938 г. у дамах каля Выгану скончыліся работы па мантажы каналізацыі.

02

Выган і стадыён на карце 1937 г.

У пачатку восені 1937 г. скончылася будаўніцтва новага гарадскога стадыёна. У нядзелю, 26 верасня, стадыён быў урачыста адчынены, на ім былі праведзены спартыўныя мерапрыемствы. Сярод ганаровых гасцей былі чыноўнікі высокага ранга і вядомыя спартсмены-цяжкаатлеты з Вільні: Вайткевіч, Крым, Маліноўскі, Рымовіч. Галоўным арганізатарам мерапрыемства і творцам прыгожага стадыёна з’яўляўся капітан Грывач. На наступны дзень пасля спартыўнага свята ў Лідзе газеты пісалі: «Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел навагрудскі ваявода Адам Сакольскі і палкоўнік Адам Квацішэўскі з Вільні. У 10.15 перад ваяводам пачаўся выступ спартсменаў на стадыёне, потым стадыён асвяціў ксёндз-дэкан Баярунец. Пасля дэфіле, у якім, між іншым, браў удзел гурток планерыстаў і парашутыстаў, ваявода абвясціў фармальны акт адкрыцця стадыёна».

03

У пачатку 1939 г. для будаўніцтва новых дамоў Ліда атрымала 3 000 000 злотых. Увесну на Выгане, недалёка ад калоніі дамоў для чыноўнікаў, планавалі пачаць будаўніцтва вялікага дома на 100 кватэр з усімі выгодамі: вадой, ацяпленнем, каналізацыяй. Да пачатку вайны паспелі набыць пляцоўку пад гэтае маштабнае для нашага горада будаўніцтва і пачаць першасныя работы. Лідзяне казалі, што кінатэатр “Летні”, якога ў нашым парку ўжо няма, будаваўся на ўжо гатовай пляцоўцы. Магчыма, гэта і была пляцоўка 100-кватэрнага дома.

На карце горада 1937 г. Выган зноў разбіты на вуліцы і мае круглую плошчу ва ўсходняй частцы. Гэтыя вуліцы без дамоў і круглая плошча бачныя на вядомым аэрафотаздымку горада 1944 г.

Парк узнік на месцы рынка

Падчас Другой сусветнай вайны тут, на Выгане, быў рынак. Лідзянка Канчэўская ўспамінала: “Парк ... у маім дзяцінстве быў маладым, густым і вельмі добра скампанаваным. Разбівалі яго адразу пасля вайны на месцы, дзе навакольныя сяляне прадавалі жывёлу – кароў, коней, свіней, авечак – і корм для яе. Там жа ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі праводзіліся пакаранні для запалохвання жыхароў горада, прылеглых вёсак і хутароў. Бывала (асабліва зімой), павешаных не здымалі з шыбеніц цэлымі тыднямі. Натуральна, людзям пасля вызвалення хацелася ачысціць памяць і вярнуць вуліцы Міцкевіча яе прэстыж самай добраўпарадкаванай і сучаснай ... Карэнны лідзянін Георгій Квінта, муж маёй старэйшай сяброўкі (на жаль, абодва памерлі), які нарадзіўся дзесьці каля 1930 г., апавядаў, як у канцы саракавых гадоў школьная і рабочая моладзь горада ... удзельнічала ў пасадцы дрэў гэтага парку. Асноўнымі дрэвамі, якія складалі парк таго часу, былі цалкам бясплатная таполя (калы ад яе восенню глыбока ўкопвалі ў самыя сырыя месцы, а ўвесну яны ўжо ўкараняліся, пускалі галінкі, хутка раслі), гібрыднае дрэва клён-ясень, якое, відавочна, у вялікай колькасці было завезена ў горад з нейкага гадавальніка, верагодна яшчэ пры Польшчы. Гэтае дрэва вельмі густое, цяністае, кучаравае, лёгка размнажаецца самасевам і таксама даволі хутка расце (яго асобнікі, даволі сталыя, з арыгінальнымі наростамі (капамі) унізе ствалоў, яшчэ да нядаўняга часу ўпрыгожвалі вуліцу Савецкую па правым баку да перасячэння з вуліцай Міцкевіча)”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться