З гісторыі паліцыі ў Лідзе

30 Июня 2017 3442

Службы аховы грамадскага парадку ў беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца разам з Магдэбургскім правам. У Лідзе – у канцы XVI ст., калі горадам пачаў кіраваць выбарны магістрат. Статут 1566 г. Вялікага княства Літоўскага ўвёў пасаду вознага. Возны – гэта адначасова судовы следчы і выканаўца. Статут 1588 г. пашырыў паўнамоцтвы вознага як следчага і падрабязна рэгламентаваў, якім чынам возны павінен складаць пратакол. Як і на суддзяў, падсудкаў і пісараў Вялікага княства, на возных распаўсюджвалася асабістая недатыкальнасць. Аднак да другой паловы ХVIII ст., як і ў большасці нашых суседзяў, цэнтралізаванай службы па ахове парадку не існавала, і толькі пасля рэформаў караля Станіслава Панятоўскага пачалі стварацца спецыялізаваныя камісіі, якія сталі прататыпамі сучасных міністэрстваў.

Цэнтральная камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага была створана ў 1791 г., а на месцах былі арганізаваны ваяводскія і павятовыя цывільна-вайсковыя камісіі. Гэтыя камісіі сачылі за парадкам. Дарэчы, найбольшыя праблемы ў тыя часы ў гарадах стваралі «валацугі, лайдакі і цыганы». Павятовыя камісіі складаліся з 5-6 мясцовых шляхцічаў, якія працавалі на сесіях на працягу аднаго месяца. Яны выконвалі выключна канцылярскую працу, разглядалі звароты, выдавалі мемарандум. Пасады паліцэйскага ў той час яшчэ не было. Замест іх выкарыстоўвалі вайскоўцаў, але па дапамогу жаўнераў звярталіся толькі ў крайнім выпадку. Пра ўсё гэта можна прачытаць у кнізе выдатнага беларускага гісторыка Юрыя Гардзеева «Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойму (1789–1792)».

Гарадская і павятовая

У складзе Расійскай імперыі ў нас з’явілася павятовая паліцыя. А пасля паўстання 1831 г., у пачатку сакавіка наступнага 1832 г., у дадатак да павятовай у Лідзе была арганізавана яшчэ і гарадская паліцыя. Дакументы аб стварэнні гарадской паліцыі я знайшоў ў Гродзенскім архіве. На ўтрыманне «паліцэйскай каманды» ў 1832 г. горад выдаткоўваў 900 срэбных рублёў. Адной з першых спраў выконваючага абавязкі лідскага гараднічага падпалкоўніка Верашчака (12 сакавіка 1832 г.) была справа супраць лідскіх касцёлаў, якія караліся за падтрымку паўстання.

З другой паловы XIX ст. лідская паліцыя месцілася ў арэндаваным у Камянецкіх доме па вуліцы Віленскай, 42, які быў пабудаваны насупраць рынка (прыблізна там, дзе зараз аддзел рамёстваў – ранейшы кінатэатр «Кастрычнік»). Гэты дом стаяў на рагу з вуліцай Паштовай, якая па прычыне суседства з паліцыяй у 1892 г. стала Паліцэйскай (спачатку завулкам, потым вуліцай). У доме Камянецкіх знаходзілася шмат дзяржаўных устаноў, і ў 1885 г. «Сары Камянецкай за арандаванае ў яе памяшканне» горад плаціў 250 руб. у год.

На чале – спраўнік і наглядчык

Паліцыяй павета кіраваў спраўнік. Спраўнік – вышэйшая паліцэйская ўлада ў павеце. Павятовае паліцэйскае кіраванне складалася з павятовага спраўніка і яго памочніка. Павятовы спраўнік прызначаўся і звальняўся губернатарам і быў абавязаны назіраць за аховай грамадскай бяспекі, за дакладным выкананнем усімі «вернападданніцкага абавязку», за правільным і хуткім вядзеннем спраў, якімі займаюцца чыноўнікі павятовай паліцыі. Спраўнік стала знаходзіўся ў павятовым горадзе, але не меней як два разы ў год ён павінен быў агледзець увесь павет. Пры гэтым спраўнік кантраляваў працу падначаленых яму станавых прыставаў і садзейнічаў ім у выкананні іх абавязкаў, асабліва па прывядзенні ў падпарадкаванне непаслухмяных, па пераследзе злодзеяў, разбойнікаў, ваенных дэзерціраў і ўсіх уцекачоў, па спагнанні падаткаў, па спыненні заразных хвароб. Аглядаючы павет, спраўнік звяртаў увагу на спраўнасць дарог, на якасць будаўніцтва дамоў і г. д. Спраўнік павінен быў «наводзіць на розум сельскіх абывацеляў, каб яны добра выконвалі свае абавязкі, і заахвочваць іх да працавітасці, паказваючы ім выгады распаўсюджвання і ўдасканалення земляробства, рамёстваў і гандлю, асабліва ж у захаванні імі добрых нораваў і парадку».

Гарадской паліцыяй кіраваў гарадскі наглядчык, які падпарадкоўваўся павятоваму спраўніку. Напрыклад, у 1894 г. выканаўцам абавязкаў гарадскога наглядчыка быў Сцяпан Цімафееў.

Таксама вядома, што з 1867 г. павятовым спраўнікам у Лідзе быў Аляксандр Ланскі, былы армейскі штаб-ротмістр, выпускнік Калужскай гімназіі, на момант прызначэння на пасаду меў узрост 33 гады. Яму быў прызначаны аклад у 1500 руб. у год – добрыя па тым часе грошы.

Галоўным паліцэйскім з 1888 па 1899 г. быў лідскі спраўнік Сцяпан Мацвеевіч Ляўданскі. За сваю службу атрымаў розныя адзнакі і быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра III ступені.

27 кастрычніка 1899 г. губернатар прызначыў на пасаду лідскага спраўніка былога памочніка віленскага павятовага спраўніка, надворнага дарадцу Махцэвіча. Пра Аляксандра Уладзіміравіча Махцэвіча вядома, што ён скончыў Віленскае пяхотнае вучылішча і служыў у 107-м Траецкім пяхотным палку (Вільня). Быў першым мужам Веры Сяргееўны Махцэвіч (у дзявоцтве Шыльдар-Шульдар), якая потым узяла шлюб з Ф. Л. Навіцкім і разам з другім мужам была заснавальніцай Лідскай прыватнай жаночай гімназіі. Надворны дарадца Махцэвіч нядоўга быў нашым спраўнікам і ўжо 18 лістапада 1900 г. быў пераведзены ў Віцебскую губерню.

Надворны дарадца Мікалай Іванавіч Салаўёў скончыў Уладзімірскую духоўную семінарыю, на пасадзе лідскага спраўніка знаходзіўся з лістапада 1901 г. З прэсы даведваемся, што лідскі павятовы спраўнік Салаўёў ў 1901 г. атрымаў падзяку ад губернатара за дбайнае стаўленне да службовых абавязкаў.

31 студзеня 1905 г. загадам № 14 па Віленскім губернскім кіраванні «начальнік земскай варты Новамінскага павета (Мінск-Мазавецкі павет. – Л. Л.) капітан фон Гротэ дэ Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў лідскага павятовага спраўніка». З «Памятных кніжак Віленскай губерні» бачна, што з 1906 г. па пачатак 1914 г. ён узначальвае павятовую паліцыю.

Чыны ў царскай паліцыі адпавядалі цывільным чынам Расійскай імперыі. Пры гэтым, у адрозненне ад сучаснай беларускай міліцыі, яны не з'яўляліся званнямі, але пры пераходзе з аднаго ведамства ў іншае захоўваліся за іх уладальнікамі. Таму некарэктна было б казаць, напрыклад, «калежскі асэсар паліцыі». Тым не менш, у адрозненне ад чыноўнікаў большасці цывільных ведамстваў, якія мелі знакі адрознення на пятліцах, чыноўнікі паліцыі насілі пагоны. Але ад пагонаў службоўцаў іншых ведамстваў, напрыклад чыгуначнікаў, гэтыя пагоны таксама адрозніваліся: пагоны паліцэйскіх чыноўнікаў былі падобныя на вайсковыя і адрозніваліся ад іх шырынёй, якая складала тры чвэрці ад шырыні армейскага пагона. Але пры пераходзе ў паліцыю з вайсковай службы за афіцэрам захоўваўся яго вайсковы чын, і ён насіў пагоны армейскага ўзору. Лідскі спраўнік Гротэ дэ Буко насіў, канешне, армейскія пагоны.

Умацоўваліся штат і дысцыпліна

У красавіку 1911 г. «Кур’ер Віленскі» пісаў: «Да Ліды прылягаюць і складаюць з ёй адно цэлае наступныя прадмесці: Дварцовая Слабада, Зарэчча, Каменка і Вісманты. Яны карыстаюцца ўсімі прывілеямі горада акрамя аднаго – паліцэйскага нагляду. Для далучэння іх да горада неабходна ўзяць на службу аднаго афіцэра, трох унтэр-афіцэраў і 8 шараговых паліцэйскіх. Афіцэр будзе штогод зарабляць 726 руб., 200 руб. кватэрных, 500 на канцылярыю – разам 1425 руб. Унтэр-афіцэр – 400 руб. зарплаты і 100 кватэрных, шарагоўцы – па 240 руб. зарплаты. У суме – 4846 руб. у год. У сувязі з гэтым віленскі губернатар звярнуўся да гарадскіх уладаў з пытаннем, якую частку гэтай сумы яны могуць узяць на сябе». Растлумачу, што Дварцовая Слабада – гэта раён горада, які зараз называецца проста Слабада, Зарэчча – раён вуліцы Калініна, Каменка – у канцы вуліцы Каменскай (зараз Ленінскай), а Вісманты – за старымі каталіцкімі могілкамі.

Пасля адкрыцця Полацк-Сядлецкай чыгункі Ліда стала буйным чыгуначным вузлом, горад пачаў хутка расці, узняліся кошты на жыллё. Лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко 17 чэрвеня 1909 г. напісаў рапарт пра тое, што паліцэйскім не хапае прызначаных грошай на арэнду жылля. Таму Лідскі сход упаўнаважаных вырашаў павялічыць кватэрныя выплаты і, акрамя гэтага, прызначыць 100 руб. на закупку рэвальвераў і шабляў. У выніку да раней выдаткаваных сум горад пачаў даплачваць павятоваму спраўніку 100 руб. і ягонаму памочніку 50 руб. у год. Паліцэйскаму наглядчыку Ліды даплачвалася 60 руб. у год.

1

Спраўнік Гротэ дэ Буко як мог узмацняў дысцыпліну сярод падначаленых. Газета «Беларус» у лютым 1913 г. пісала аб яго загадзе: «Ліда. У загадзе па павятовай паліцыі спраўнік звяртае ўвагу на тое, што стражнікі паліцыі прымушаюць сялян і крамнікаў даваць хабар і купляць ім гарэлку. Спраўнік папярэджвае, што калі паступіць ад каго такая скарга, дык абвінавачаны ў хабары ўраднік ці стражнік будзе выгнаны са службы без тлумачэння прычын, а калі будзе даказана, што прымушаў даваць хабар, дык тады будзе аддадзены пад суд».

2

Яўген Аляксандравіч Гротэ дэ Буко удзельнічаў у Першай сусветнай вайне і атрымаў чын генерал-маёра. Генерал фон Гротэ дэ Буко зрабіў шмат важнага для Ліды і назаўжды застаўся ў гісторыі нашага горада.

ДТЗ з... удзелам брычкі

Інфармацыі пра дзейнасць праваахоўнай сістэмы на Лідчыне ў пачатку ХХ ст. у прэсе няшмат, аднак я мог бы апісаць шмат цікавых ці страшных выпадкаў злачынстваў, якія адбыліся на Лідчыне ў той час. Але напішу толькі пра першае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам аўтамабіля на Лідчыне, якое адбылося 4 кастрычніка 1911 г.: «…каля 17.00 пані Чачот ехала на брычцы па дарозе Ліда – Вільня. Не даязджаючы да Беняконяў, конь быў напалоханы аўтамабілем пана Вагнера з Вялікіх Салечнікаў, які абагнаў брычку без папераджальнага сігнала. Конь кінуўся ўбок, перавярнуў брычку, і пані Чачот была выкінута з яе на дарогу. Конь з брычкай без гаспадыні памчаўся ў бок мястэчка, дзе і быў злоўлены. Пані Чачот атрымала цялесныя пашкоджанні і не магла сама падняцца з зямлі, аднак кіроўца і пасажыры аўтамабіля не звярнулі на яе ўвагу».

Злачыннасць была справай рэдкай

Пра агульны ўзровень злачыннасці на Лідчыне ў «Кур'еры Віленскім» пісаў адзін з самых адукаваных людзей таго часу на Лідчыне, гісторык і археолаг, член-карэспандэнт акадэміі Вандалін Шукевіч. Адзін з яго артыкулаў, пра чарговую сесію выязнога віленскага акруговага суда, пачынаўся так: «Разгледжаныя справы не былі складанымі. У Лідзе, у адрозненне ад вялікіх гарадоў, няма крадзяжоў, для расследавання якіх патрэбны Шэрлак Холмс, няма заблытаных забойстваў. Злачынствы здзяйсняюцца ў асноўным простымі людзьмі, сякерай або калом. Народная цемра падлівае алей у лямпу злачыннасці, агонь якой усё ж час ад часу абпальвае. Бягучая кадэнцыя суда разглядзела 15 спраў. Улічваючы, што акруговы суд збіраецца ў Лідзе 4 разы ў год, няцяжка падлічыць сярэднюю колькасць злачынстваў – 60 у год. А паколькі ў Лідскім павеце жыве амаль 200 000 чалавек, злачыннасць у нас невысокая. Тут, вядома, трэба ўлічыць, што частка спраў не даходзіць да суда прысяжных і г. д.». Такім чынам, злачыннасць на Лідчыне была ўсё ж справай рэдкай.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться