Сб08192017

Няхай прыйдзе ў сэрцы cветлая велікодная радасць!

ПасхаНеба засцяць хмары, круціць вецер, а мы тулімся ў цёплыя паліто, хаваемся пад парасоны, з нецярпеннем запытваючы адзін у аднаго: калі ўжо, калі?.. Пры гэтым упэўненыя: вось-вось, адно імгненне, і – вясна, а з ёю – свята Вялікага дня. Сонца прыйдзе на змену хмарам, цяпло – холаду, з-пад кажуха пажухлага лісця праб’ецца жывая траўка, жыццё пераможа смерць. Так будзе абавязкова, бо так створаны Богам свет.

У лёсе 79-гадовай жыхаркі вёскі Дроздава Ганчарскага сельсавета Ядзвігі Шалтыс было многа добрага: яна нарадзілася і вырасла ў добрай вясковай сям’і, выйшла замуж за добрага чалавека, была з ім шчаслівая, нарадзіла траіх добрых дзетак, дачакалася пецярых унукаў, чацвярых праўнукаў. Было ў яе жыцці і шмат болю: вось ужо 24 гады, як засталася ўдавою, чатыры месяцы, як пахавала дачку… У вянок яе лёсу ўпляліся і горыч, і радасць імгненняў, і спакой... Але ў кругазвароце дзён нязменна штогод, вясной, наступае адзін асаблівы дзень, калі, насуперак усяму, у сэрца ўсяляюцца радасць і вера ў лепшае.

– Кожны раз, як жывыя, паўстаюць успаміны дзяцінства і маладосці, калі з заміраннем сэрца ўсе мы чакалі Вялікадня, – расказвае Ядзвіга Аляксандраўна. – Пасціліся: гатавалі саладуху (кіслы напой, які гатаваўся на аснове закваскі з жытняй ці грэцкай мукі) і елі яе з бульбай. Напярэдадні Вялікадня рыхтавалі велікодны стол: варылі мяса (потым у той вадзе адварвалі кіслую капусту), каўбасы, гатавалі масла, сыр, хрэн, фарбавалі яйкі. Тата запрагаў каня, і мы ўсёй сям’ёй ехалі да касцёла ў Ельню (пад Беліцай).
Як нешта святое, Ядзвіга Шалтыс захоўвае тую памяць і тыя пачуцці. А самі велікодныя традыцыі ахвотна перадае ў спадчыну маладому пакаленню. Яна жаданы госць на мерапрыемствах у Ганчарскім Доме культуры. Сёлета тут адкрылася “Гасцёўня Васіля і Ганны”, дзе адраджаюць народныя традыцыі, – вопыт Ядзвігі Аляксандраўны вельмі запатрабаваны. Дарэчы, на сёлетнім раённым свяце “Спазнай смак сваёй кухні” Ганчарскі Дом культуры прэзентаваў менавіта велікодны стол, накрываць які навучыла Ядзвіга Шалтыс.

Напярэдадні свята Вялікадня ў госці да Ядзвігі Аляксандраўны завіталі ўдзельнікі клуба “Вясёлы дворык” Каця Новік і Антон Шмукста (на здымку) – каб пераняць не толькі тонкасці мясцовых велікодных традыцый, але і настрой, кроплю шчырай радасці. “Адчуць яе сёння можа кожны з нас, – вучыць Ядзвіга Аляксандраўна. – Дастаткова проста адкрыць свае сэрцы і прыняць у іх чыстае, светлае, добрае, што нясе нам свята Вялікага дня”.

IMG 0067

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить