Ср03292017

Па старонках нашай гісторыі. Вуліца Савецкая каля перакрыжавання з чыгункай

СоветскаяМы падышлі амаль што да перакрыжавання вуліцы Віленскай (Савецкай) з чыгункай Ліда – Маладзечна і тут закончым вандроўку па нашай старажытнейшай вуліцы.

Лідская Свята-Георгіеўская царква пабудавана з дрэва ў 1875 г. на сродкі А. Васнеўскага. З 1919 па 1990-я гг. гэта царква была адзінай у горадзе. Лідскі гісторык Міхал Шымялевіч пісаў, што праваслаўныя могілкі арганізаваны каля 1865 г., і таму могілкі на гэтым месцы з’явіліся раней, чым царква, якая, дарэчы, будавалася як капліца на могілках.

За царквой, на захад ад вуліцы Сувальскай, знаходзілася фабрыка «Дротiндустрыя», ці, як яе яшчэ называлі ў горадзе, «фабрыка цвікоў». Фабрыка заснавана ў 1926 г. і месцілася каля «Ардаля», па адрасе: Фабрычная, 6. «Дротiндустрыя» належала таварыству, у якое ўваходзілі: Гiрш Чарток, Гдалія Чарток, Сымон Савiцкi i Мардух Езiмiцкi. Статутны капітал складаў 280 000 зл. (1936 г.). Фабрыка мела свой электрычны рухавік у 150 к. с. і давала працу 90 рабочым, 4 чалавекам інжынерна-тэхнічнага персаналу і 3 кіраўнікам. Тут выраблялі светлы жалезны дрот (каля 36 т), жалезныя цвікі (каля 280 т), жалезныя навугольнікi, арматуру і скобы для будоўлі, падкоўкі для абутку і г. д. «Дротiндустрыя» згарэла восенню 1936 г. Гэты пажар прынёс шкоды на 200 000 зл., шмат працаўнікоў страціла працу. Зноў адбудаваная «Дротiндустрыя» мела будынак у 6 350 м3. У канцы жніўня 1937 г. газета «Кур’ер Віленскі» пісала: «Фабрыка дроту і цвікоў “Дротіндустрыя” ў Лідзе адбудавана пасля пажару. На тэрыторыі спаленай фабрыкі пабудаваны мураваны гмах, які значна большы за папярэдні. Зараз тут будзе працаваць значна больш рабочых, чым да пажару. Наогул, развіццё прамысловасці ў Лідзе набірае тэмп. Некалькі месяцаў таму паўсталі фабрыка цукру і фабрыка мыла, зараз у горадзе 15 вялікіх прадпрыемстваў».

«Дротiндустрыя» паклала пачатак сучаснаму заводу электравырабаў.

На ўсходнім баку вуліцы размяшчаўся ліцейны і машына-будаўнічы завод братоў Якава і Эбера Шапіраў. Заснаваны завод быў іх бацькам Юдалем-Лейбам Мендзялеевічам Шапірам у 1901 г. На заводзе вырабляліся розныя сельскагаспадарчыя машыны. Зараз гэта завод, вядомы сярод лідзян як «Лідсельмаш».

У адным з папярэдніх артыкулаў я пісаў пра тое, што на пасяджэнні гарадской рады 5 ліпеня 1928 г. было вырашана перадаць пад рамесна-прамысловую школу дом, які будаваўся для адзінокіх старых па вуліцы Сувальскай, 130 (каля праваслаўных могілак, недалёка ад чыгуначнага пераезда), і хутка школа з будынка па вуліцы Сувальскай, 74 (зараз Савецкая, 26) пераехала ў новы будынак.
У жніўні 1928 г. прэса паведамляла пра праблемы ў гэтай школе: «Школа існуе ў Лідзе трэці год і мае сталярнае аддзяленне. ... Ёсць у школе шмат дрэннага ... і вінаваты ў гэтым яе дырэктар. Трэба дадаць, што раней за скандальны характар ужо быў звольнены папярэдні дырэктар. Але лепей не стала. Што бачаць у гэтай школе вучні? Яны бачаць, як іх дырэктар, па адукацыі дарожны інжынер, пагарджае рамяством, але пры тым з’яўляецца дырэктарам рамеснай школы, трымаецца па магчымасці надалей ад майстэрань і выражае ўсяму гэтаму сваю пагарду».

22 верасня 1929 г. да візіту прэзідэнта Масціцкага ў новапабудаваным будынку рамесна-прамысловай школы была адкрыта выстава сталярных і слясарных вырабаў вучняў за 1928-29 навучальныя гады.

03

Цудоўны калаж майго сябра Віталя Бурака, на якім 1916 год на вуліцы Віленскай сумяшчаецца з 2016 годам.

Яшчэ ў лютым 1926 г. прэса пісала пра пачатак працы гуртка авіямадэлістаў і планерыстаў у Лідзе, кіраваў гуртком нехта з афіцэраў авіяцыйнага палка. У пачатку 1934 г. прэса паведамляла: «Стараннямі ўправы гуртка планерыстаў у Лідзе і дзякуючы дырэкцыі i вучням Дзяржаўнай рамеснай школы ў варштатах школы пабудаваны два планёры “Варона”. Урачыстае асвячэнне планёраў адбудзецца 30 студзеня ў 13.30 на плошчы Збаўцы ў Лідзе».

Лідскія планёры былі першымі лятальнымі апаратамі, пабудаванымі ў Заходняй Беларусі. Абодва планёры прайшлі сертыфікацыю, былі прыняты ў эксплуатацыю міжнародным бюро «Верытас» і прызнаныя прыдатнымі для палётаў.

02

Лідскі планёр, здымак з віленскай газеты “Слова” таго часу.

У 1937 г. недалёка ад Ліды праходзіў летні лагер, дзе сабраліся добраахвотнікі, каб атрымаць практычныя навыкі пілатажу планёра. Стала працаваў гурток планерызму і парашутнай справы: «15 студзеня 1938 г. у памяшканні Саюза цывільных працаўнікоў Лідскага аэрадрома адбылося ўрачыстае адкрыццё пятага тэарэтычнага курсу планерызму і парашутнай справы. Гэтыя курсы праводзіць мясцовы гурток планерызму пры Таварыстве падтрымкі супрацьпаветранай абароны (LOPP), які ўзначальвае знаны інструктар планерызму інжынер Міхал Багатыроў. Гурток планерызму ў Лідзе таксама займаецца выхаваннем моладзі і авіямадэлізмам». Гурток Багатырова наведвала 70 чалавек.

Улетку 1937 г. рамесна-прамысловая школа ў Лідзе была перайменавана ў Дзяржаўную рамесную (механічную) школу. Сталярныя варштаты ліквідаваны, уведзены курсы навук і практычных заняткаў у кавальскіх, слясарных і тэхніка-механічных справах.

Увесну 1939 г. дырэкцыя рамеснай школы ў Лідзе арганізавала пры школе курсы вадзіцеляў аўтамабіля і матацыкла. На курсах вывучалася тэорыя і даваліся практычныя веды ў галіне аўтамабільнай справы. Дырэкцыя школы хацела, каб кожны выпускнік акрамя пасведчання аб адукацыі атрымаў веды ў аўтамабільнай справе і правы вадзіцеля. Першы аўтамабільна-матацыклетны курс сабраў 60 слухачоў.

Драўлянаму будынку школы не пашанцавала, яшчэ у верасні 1937 г. паведамлялася, што «будынку рамеснай (механічнай) школы па вуліцы Сувальскай патрэбны рамонт. Драўляны будынак школы пабудаваны да 1930 г. і патрабуе сталага дарагога рамонту, бо дрэва точыць грыбок, акрамя гэтага, некалькі разоў перарабляліся печы. Розныя рамонты ўжо каштавалі 60 000 зл., гэтых грошай хапіла б на мураваны будынак амаль такога ж памеру. Можа, лепей, чым ратаваць драўляны будынак ад грыбка, пабудаваць на тым жа месцы новы?»

01

Будынак рамесна-прамысловай школы ў 1964 г.

Будынак былой рамеснай школы існаваў да 1965 г. і быў знесены ў сувязі з пашырэннем пляцоўкі завода «Лідсельмаш». Пасля Другой сусветнай вайны тут месціліся розныя навучальныя ўстановы горада.

У наступным артыкуле я раскажу пра жыццё Лідскага замка з 1892 па 1939 гг. – зраблю тое, з чаго патрэбна было пачынаць цыкл. Але лепей зраблю гэта з затрымкай, чым ніколі.

Комментарии   

 
+1 #2 Очень надо знать ист 07.03.2017 18:17
Очень надо знать историю своего города.!!!!!!!! !!!!!
Цитировать
 
 
+1 #1 Владимир 82 07.03.2017 12:18
Супер!
Цитировать
 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить