Алена Шчэліна: «У саматканым касцюме адчуваю асаблівы гонар за нашых майстрых»

30 Сентября 2016 2619

Алена Шчэліна ўзначальвае аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры  ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Яе праца высока ацэнена не толькі органамі ўлады (мае шэраг заахвочванняў, лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко), але і жыхарамі Лідчыны. Бо Алену Валянцінаўну можна назваць гаспадыняй лідскай спадчыны. Сёння мы запрасілі яе да гутаркі.

1. Алена Валянцінаўна, прапаную Вам, як кажуць, заглянуць у кішэні памяці і ўспомніць, калі адбылося першае сутыкненне з рамёствамі і народнай культурай.

– Калі датычыцца таго, чым займаюся сёння, то гэта быў 2003 год. Так склалася, што райвыканкам падбіраў кандыдатуру творчага і апантанага чалавека на пасаду кіраўніка толькі адчыненага раённага Дома рамёстваў, для якога знайшлося памяшканне ў пасёлку Першамайскім. Прапанавалі мне, палічылі, што спраўлюся. Хаця я на той час, пасля заканчэння мастацкага вучылішча, працавала ў сярэдняй школе №14 настаўнікам малявання і сфера дзейнасці, якой павінна была заняцца, была для мяне некалькі іншая.

2. Ці можна пра Вас сказаць: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”?

– Так. Я лідчанка. Хаця нарадзілася ў Мурманскай вобласці. Тата быў мараком-падводнікам, нямала гадоў аддаў службе на падводнай лодцы. Калі ён пайшоў на вайсковую пенсію, то наша сям’я вярнулася назад на радзіму. Мой бацька быў родам з вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна, а мама – з Хвінявіч, што непадалёку. Пасля вяртання сям’я пасялілася ў Лідзе. Тут я вучылася спачатку ў сярэдняй школе №10, потым – у школе №14 з мастацкім ухілам. Так што наш горад магу лічыць па праве сваім. Хаця ведаеце, бацькоў заўсёды цягнула непасрэдна да сваіх каранёў. Таму часта ехалі на Дзятлаўшчыну, ну і я таксама бавіла там многа часу ў бабулі.

3. А ці былі ў Вашай радавой галіне майстры і майстрыхі, справу якіх пэўным чынам працягваеце сёння?

– Прозвішча Дзядовіч (яно і маё дзявочае) вядомае ў Дзятлаўскім раёне, бо мой дзядзя Янак быў адмысловы будаўнік. Ён узводзіў зрубы, дамы, плады яго працы нават ёсць у драўляных цэрквах. Дзядзьку не было роўных і ў дрэваапрацоўцы: умеў гнуць дрэва, рабіў колы, вазы, сані. Успамінаю, калі ў дзяцінстве надаралася бываць у дзядзькі ў гасцях, мяне нельга было выцягнуць з яго майстэрні. Гадзінамі магла сядзець сярод стружак і апілак, разглядвала інструменты ці аснову вырабу.

Мая цёця, таксама па лініі бацькі, Марыя Канюшкевіч (Дзядовіч) – прафесар, доктар філалагічных навук. Яе таксама можна аднесці да творцаў, толькі ў плане навукі.

А ў мяне, як прадстаўніка сваёй радавой галіны, праявіліся здольнасці маляваць, ці, правільней будзе казаць, уважліва назіраць за прыродай, дзеяннямі, зменай колераў і падкрэсліваць іх асаблівасці…

4. Пэўна, гэта Ваша здольнасць падкрэсліваць дэталі і тварыць спатрэбілася, калі пачыналі сваю дзейнасць у раённым Доме рамёстваў?

– У некаторай ступені гэта так. Спачатку звярнулася да кніг, каб тэарытычна спасцігнуць традыцыйныя беларускія рамёствы. Некалькі дзяўчат, якія ўліліся ў калектыў, былі практыкамі – скончылі Мірскае мастацкае вучылішча. Вучылася і ў іх. На той час задачы былі сціплымі: выраб сувеніраў і навучанне дзяцей рамёствам. Мы хутка абжылі невялікія пакоі, і некалі стары будынак сельвыканкама стаў сапраўдным домам творчасці.

2016 год

5. Але праз сем гадоў, ў 2010 годзе, адбылося чарговае наваселле. Гэта было напярэдадні правядзення рэспубліканскіх дажынак. Як вы абжывалі новыя памяшканні, каб і сюды маглі завітаць госці свята?

– Гэта было клопатна, але прыемна. Пераезд Дома рамёстваў з Першамайскага ў Ліду, у рэканструяваны будынак былога кінатэатра “Кастрычнік”, мы ўспрынялі як падарунак мясцовай улады. На той час кіраўнік райвыканкама Андрэй Худык паверыў у нас, зразумеў, што маюцца планы, у наяўнасці здольнасці і задаткі ў майстроў, патрэбна толькі даць больш месца для рэалізацыі. Дажынкі сталі нагодай для гэтага. Пераехалі мы з такімі накірункамі, як пляценне з саломы, вырабы з гліны, трохі мелі скарбу, падоранага мясцовымі майстрыхамі. А патрэбна было ў кароткі тэрмін напоўніць выставачную залу. Тады моцна дапамагла мне радзіма бацькоў – суседняя Дзятлаўшчына: бочкамі, маслабойкамі, прыладамі да печы, лавамі… Дарэчы, з’явіліся тут і вырабы майго дзядзькі Янака – сталяра і будаўніка. Затым, з цягам часу, наш цэнтр пачаў папаўняцца народнымі скарбамі жыхароў Лідчыны. Цікава, што часта прыносяць дарослыя дзеці вырабы, прылады працы сваіх старых бацькоў, каб такім чынам на доўгі час захавалася памяць пра іх родных. Адкрываем мы імёны майстроў і іх вырабы, калі ездзім па раёне з даследчай работай. Напрыклад, якую цудоўную памяць пра сябе пакінулі майстрыхі з хутара Збляны! Ды і наогул, лічы, у кожнай хаце вёсак Панямоння ўбачыш цэлы музей. І людзі там па-асабліваму адкрытыя сэрцам да цябе.

6. Нездарма кажуць: “Якія мы гаспадары, такія і нашы двары”. Гэта можна аднесці і да Вашага аддзела рамёстваў. Усё размешчана талкова, кожны куток абсталяваны з густам. Адкуль гэта? Ваша заслуга?

– Не толькі мая – усяго калектыву. У нас ёсць жаданне пазнаёміць з усімі відамі рамяства, каб даць магчымасць дзецям і дарослым не толькі ўбачыць, але і атрымаць веды. Таму мы і ствараем магчымасць папрацаваць на прыладах працы. Гэта стала, кажучы сучаснай мовай, нашай фішкай, і яе вельмі цэняць наведвальнікі.

7. Вядома, Ваш калектыў у параўнанні з тым, з якім прыйшлі ў цэнтр рамёстваў з Дома рамёстваў, пашырыўся. Як вы падбіралі і падбіраеце супрацоўнікаў пэўных накірункаў?

– Можна сказаць, што сам лёс іх прыводзіць. Зараз у нас разам са мной дзевяць супрацоўнікаў так званага творчага накірунку. Некаторыя прыйшлі да нас, маючы спецыяльную адукацыю, іншыя раскрылі свае здольнасці ў час працы ў цэнтры. Напрыклад, гадоў пяць назад прыйшла да нас працаваць швачкаю Валянціна Сільвановіч. З цягам часу ў нас яна асвоіла ткацтва і стала выдатным майстрам у гэтым накірунку! Ці ўзяць Ірыну Вашкевіч. Яна класічны мастак-дызайнер, але з задавальненнем займаецца і батлейкай, піша вершы на беларускай мове, спявае ў фальклорным калектыве, асвоіла флейты, дудкі. Дарэчы, я ганаруся кожным нашым супрацоўнікам. Цаню іх шчырае жаданне працаваць на карысць роднай Бацькаўшчыны. Мне здаецца, такіх добрых, таленавітых, апантаных людзей, як у нашым калектыве, нідзе няма! Яны не стаяць на месцы, а імкнуцца развівацца, раскрываць усё больш і больш свае здольнасці.

8. Значыць, Вы цэніце працу талакой?

– А як жа. Гэта ўмова нашай работы. Калі агучваецца нейкая ідэя (хто б гэта ні зрабіў: майстар, метадыст, рэжысёр ці я), у яе рэалізацыю свой уклад па магчымасці імкнецца ўнесці кожны.

2016 год Літва свята Мора

Прадстаўляючы Лідчыну ў Літве ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва.

9. Вы самі не толькі чалавек творчы, але і кіраўнік. Якія ў гэтым плане стаяць перад вамі задачы?

– Я ведаю ўзровень тэхналогіі многіх рамёстваў, але ў кіраўніка мала часу для непасрэдна сваёй творчасці. Не менш важным лічу падтрымліваць супрацоўнікаў, ствараць умовы для іх працы і накіроўваць работу так, каб быў канечны добры прадукт. Мне здаецца, што я таксама адкрыла ў сябе ў гэтым плане здольнасць – працаваць з людзьмі.

10. Уменне працаваць з людзьмі патрэбна было пры ўдзеле раённага цэнтра ў трансгранічным праекце паміж беларускім і літоўскім бакамі ў напрамку спасціжэння рамёстваў і традыцыйнай культуры?

– Пры рэалізацыі праекта перад нашым аддзелам рамёстваў стаяла задача арганізаваць на тэрыторыі Беларусі пазнавальныя заняткі для літоўскіх майстроў. Разам з тым патрэбна было адправіць нашых дзяўчат з тымі ж мэтамі ў Літву. Дарэчы, менавіта там мы адкрылі для сябе такое народнае рамяство, як валенне з воўны. Атрымалі магчымасць лепш спасцігнуць пляценне з лазы, пісанку і іншае. А ў мяне, як кіраўніка аддзела рамёстваў, яшчэ з’явіліся думкі, што мы можам і маем магчымасць не толькі паказваць на прыкладзе вырабаў, але і развіваць вытворчасць у сябе.

11. Цэнтр ладзіць і паказ абрадаў. Даводзілася Вас бачыць сярод удзельнікаў. Раскажыце пра гэта. І якія народныя абрады Вам самой больш падабаюцца?

– Арганізацыяй такіх свят у нас запраўляе Мікола Сакалоўскі. Але і мне даводзіцца выконваць арганізацыйныя абавязкі за кулісамі. Праўда, бывае, станаўлюся ўдзельніцай абраду. Паколькі не спяваю, як нашыя артысты фальклорнага калектыву “Талер”, то аказваюся сярод тых, хто водзіць карагоды.

А больш за ўсё мне падабаецца такі абрад, як Купалле. Сваёй асаблівай атмасферай, атрыбутамі, кожны з якіх нясе сэнс: паклон Сонцу, вогнішча, вянкі на вадзе… Ну а як не любіць Каляды за бясконцую весялосць, шматлікіх гасцей у нашым цэнтры рамёстваў!

12. Турыстаў у цэнтры заўсёды нямала. Тое, што прадстаўляеце ім, ацэньваюць высока. Згадайце, калі ласка, самую прыемную падзяку, якую пачулі ад іх.

– Вясною мінулага года наш цэнтр рамёстваў наведаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел. Калі разам з усім прадстаўленым мы паказалі яму, як робіцца нітка, і Уладыка сам паспрабаваў яе зрабіць, адзначыў: “На маіх вачах ствараецца цуд Боскі”. А яшчэ вельмі запомнілася непадробленае захапленне прадстаўнікоў Саудаўскай Аравіі, калі яны бачылі, як з дапамогай немудрагелістых прылад працы беларускія майстры ствараюць рэчы. Трэба сказаць, што да нас спецыяльна едуць як турысты з розных абласцей Беларусі, так і замежнікі.

2016. свята Купале ў Лідзе

На свяце Купалле ў Лідзе.

13. У святы, у час прыёмаў гасцей супрацоўнікі аддзела рамёстваў прыбіраюцца ў нацыянальныя касцюмы, і Вы ў тым ліку. Што адчуваеце, апрануўшы такое адзенне?

– Касцюмы выткалі і пашылі нашы дзяўчаты на нашых кроснах, толькі ніткі выкарысталі вытворчасці “Гроднатэкса”.

Ну як не адчуваць сябе ў такім касцюме каралеўнай, не адчуць асаблівы гонар за нашых майстрых! Дарэчы, і выглядае прыгожа: святочна, белага колеру (як кажуць, чыста), з аздабленнем чырвона-чорнымі колерамі. Я, напрыклад, люблю насіць да яго хустку. Ды і ў традыцыі, што жанчына ва ўзросце павінна надзяваць гэты галаўны ўбор.

14. Дарэчы, яшчэ аб адной традыцыі з разраду беларускай культуры. Згадваю купалаўскія радкі: “Не цурайся роднай песні ў шчасці і ў жалобе…”. Як вы ўспрымаеце народныя песні?

– Скажу, што з беларускай традыцыйнай песняй я пазнаёмілася блізка, калі ўжо працавала ў цэнтры рамёстваў. Бабуля па мамінай лініі калісьці, у дзяцінстве, спявала мне. Былі гэтыя песні як вясёлыя, так і сумныя – пра жаночую долю. Аднак тады яны мяне зусім не краналі. А вось зараз, з вышыні гадоў, калі ёсць жыццёвы вопыт, разумею, наколькі ад душы ідзе выкананне, ды і з сэнсам, перададзеным у іх, можна пагадзіцца.

15. Ці перадаліся Вашы творчыя задаткі Вашым дзецям? Наколькі цэнтр рамёстваў паўплываў на іх?

– Не толькі я маю нейкія творчыя задаткі. Мой муж – прафесійны музыкант. Таму ад нас нешта перадалося і дзецям. Ды і ў цэнтры яны сёе-тое пачарпнулі. Старэйшы сын зараз скончыў палітэхнічны каледж і мае спецыяльнасць “тэхнік-архітэктар”. Ён бачыць сваю будучыню ў камп’ютарным дызайне, стварэнні нечага новага. Малодшы – вучыцца ў дзявятым класе. Заканчвае музычную школу па класе гітары. Ён ахвотна ўдзельнічае ў выступленнях фальклорнага калектыву цэнтра.

16. Як гаспадыня, ці падаеце да абедзеннага стала мужчынскай палове сям’і прысмакі, згатаваныя па традыцыйных народных рэцэптах?

– Вось тут ёсць маё ўпушчэнне. Традыцыйныя беларускія стравы ўмела гатаваць мая мама. Мы з задавальненнем збіраліся ў бацькоў на святы. І я зараз, калі мамы не стала, з сумам канстатую, што не пераняла яе кулінарнага майстэрства. Таму ў маім арсенале рэцэпты сучаснай кухні. Хаця прызнаюся, тварыць з прадуктамі люблю не так, як у мастацтве.

17. У мяне дома беражліва захоўваецца невялікі абярэг, які атрымала ў падарунак, калі аднойчы разам з дэпутатамі раёна наведвала Дом рамёстваў у Першамайскім. Якія падобныя дарагія сэрцу рэчы захоўваеце ў сябе дома?

– Не так даўно ў мяне з’явілася даўнейшая дуга, з дапамогай якой у воз запрагаюць каня. Яна незвычайная, вясельная, з цікавай разьбою. Буду яе берагчы заўсёды як атрыбут сямейнага дабрабыту. Яшчэ ў нашай гарадской кватэры знайшлі месца падковы на шчасце.

2006 год детский кружок п.Первомайск

2006 год. Ля Дома рамёстваў у п. Першамайскім з удзельнікамі гуртка.

18. А якія свае работы Вы з гонарам размясцілі ў сябе ў кватэры?

– Пра гонар неяк не думала. А падабаюцца творчыя карціны, якія выканала ў галіне графікі. Па тэхналогіі выканання, яны малююцца гарачым прасам на капіравальнай паперы, і адразу нельга ўявіць, што ў выніку з’явіцца. Хачу больш увагі ўдзяляць гэтаму накірунку. Але тут можна, бадай, казаць пра далейшае развіццё сваіх здольнасцей.

19. З нашай размовы я разумею, што Вы цэніце ўдасканаленне асобы? Як у сабе гэта праяўляеце?

– Напрыклад, нядаўна атрымала вышэйшую адукацыю, звязаную з практычнай псіхалогіяй. Мяне заўсёды цікавіў сам чалавек, што з ім адбываецца. Крыху падзялюся амбіцыйнымі планамі: хочацца яшчэ стварыць цэнтр іншага накірунку, сямейны. Атрымалася ж у мяне стварыць цэнтр рамёстваў. А трэба ж было прадумаць адзінкі спецыялістаў, накірункі дзейнасці і г. д.

20. Я памятаю, Вы неяк дзяліліся сваёй задумкай дабаўляць да цэнтра вёскі народных промыслаў. Маюцца зрухі ў гэтым напрамку?

– Рух ёсць, але спяшацца нельга. Трэба бачыць, дзе б’е пульс жыцця народных рамёстваў, і падтрымліваць. На голым месцы не зробіш, чалавека не прымусіш. А вось у Ганчарах ёсць творчыя дзяўчаты, якія ўмеюць працаваць з ніткай. Таму можа здарыцца так, што мы там, пры мясцовай установе культуры, зробім філіял ткацтва.

21. Перад цэнтрам рамёстваў ставіцца і задача зарабляць грошы сваёй дзейнасцю. Так што Вам трэба быць ашчаднай гаспадыняй. Як гэта ўдаецца?

– Так. Нам даводзяць планы платных паслуг. Мы іх выконваем. Ладзім імпрэзы, майстар-класы, выставы. Але ёсць тут і адно “але”. Мы настройваемся на камерцыйную хвалю, менш застаецца часу, каб пераймаць традыцыі пакаленняў, якія адыходзяць, каб у сваю чаргу потым перадаваць ім нашчадкам.

22. Вы чалавек з душой мастака. У чым у першую чаргу бачыце непаўторнасць фарбаў, формы?

– Люблю назіраць за прыродай. Мая любімая пара года – канец лета. З дзяцінства, калі праводзіла час у бабулі, назірала цудоўныя малюнкі прыроды: як заходзіць сонца ці як над сенажаццю сцелецца туман. У мяне захавалася шмат уласных творчых работ менавіта з тых мясцін.

23. А як кажуць, жыць на зямлі, працаваць на ёй – такой патрэбы не маеце?

– Вы папалі ў самую кропку. У мяне ёсць мара, якая, я ўпэўнена, з цягам часу можа здзейсніцца, – жыць у вёсцы. Хачу, каб хата была ў канцы вёскі і мелася прастора, быў бачны гарызонт. Агарод можа быць зусім невялікі, а вось сад – займаць значнае месца. Люблю садавіну. Яна для мяне пахне натуральнасцю. Дарэчы, як і сама зямля. Менавіта з яе чалавек сілкуецца сапраўднай энергіяй. Хачу, каб гэта адчувалі іншыя і ў маім вясковым доме было заўсёды многа гасцей, якія цэняць душэўныя, цёплыя зносіны.

24. А хто вы па знаку Задыяка?

– Стралец. Гэта знак вогненны. Калі пачала цікавіцца ў розных крыніцах, які ж агонь, згодна з датай нараджэння, я нясу, то з радасцю адзначыла, што не спальваючы, разбуральны, а стваральны.

25. З твора школьнай праграмы “На ростанях” Коласа памятаю такую цытату: “Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш”. Вы ніколі не пашкадавалі, што выбралі сабе менавіта такі шлях, па якім ідзяце зараз?

– Ні ў якім разе. Я задаволена, як складваецца маё жыццё. А яшчэ пераканалася: з жыццём можна працаваць, паляпшаць яго. Што я і раблю. Можа, на жыццёвым шляху дзесьці трохі доўга стаю на адным месцы ці разварочваюся і адступаю назад, але потым зноў іду наперад.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться