Больш за 40 гадоў дружбе беразаўчаніна Анатоля Макарэвіча і расійскага пісьменніка, сцэнарыста Альберта Іванова

10 Августа 2018 2302

DSCN1195Больш за 40 гадоў звязвае моцная дружба жыхара Бярозаўкі і вядомага маскоўскага пісьменніка Альберта Іванова

Цікава ведаць

Ці бачылі вы на тэлеэкране мастацкія фільмы “Сем старых і адна дзяўчына”, “Раз на раз не прыходзіцца”, “Лесвіца”, “Тры дні ў Маскве…”, “Свістаць усіх наверх!”, мультфільмы “Крылы, ногі, хвасты”, “Хітрая варона”? Ці чыталі дзецям кніжкі пра прыгоды Хомы і Сусліка? Тады вы, напэўна, ведаеце, што сцэнарыстам і аўтарам іх з’яўляецца Альберт Іваноў.

Нядаўна ад вядомага прадстаўніка маскоўскай літаратурнай багемы я атрымала ліст:

“Паважаная Людміла Піліпаўна! Мой сябра Анатоль Макарэвіч прапанаваў напісаць што-небудзь цікавае для вашай газеты. Для мяне самае цікавае тое, што мае кнігі сталі выдавацца ў Беларусі яшчэ з мінулага стагоддзя. У 1983 годзе выдавецтва “Юнацтва”, услед за маскоўскім выдавецтвам “Малыш”, выпусціла “Прыгоды Хомы” з малюнкамі знакамітага мастака Н. Байрачнага. А ўжо ў нашым стагоддзі выдатнае выдавецтва “МЕТ”, пачынаючы з 1993 года, пяць разоў выдавала кнігі пра Хому і Сусліка… Што датычыць пажадання вашаму выданню, дык я жадаю рэдакцыі “Лідскай газеты” далейшых творчых поспехаў”.

DSCN1195

Альберт Іваноў і Анатоль Макарэвіч.

А цяпер, як кажуць, усё па парадку. І перш-наперш – хто такі Анатоль Макарэвіч, які з маскоўскім пісьменнікам на “ты”?

IMG 2633

Анатоль Макарэвіч з творамі сваіх сяброў.

IMG 2608

Аўтограф Леаніда Штэрна.

Адзін аднаго пазнаў і на піва пазваў

Пра Анатоля Аляксандравіча я даведалася гадоў пятнаццаць назад. Тады я вяла рубрыку “Сустрэча са знакамітасцю”, у якой чытачы расказвалі аб сустрэчах з вядомымі людзьмі. Сярод іншых пра факт свайго знаёмства з Альбертам Івановым распавядаў і работнік шклозавода “Нёман” Анатоль Макарэвіч. Але калі для ўсіх тых, хто тады даслаў у рэдакцыю свае допісы, сустрэчы са знакамітасцямі былі мімалётнымі, то ў Анатоля Аляксандравіча знаёмства з Альбертам Івановым перарасло ў сапраўдную дружбу. А адбылося яно так. У 1977 годзе работнік шклозавода Анатоль Макарэвіч паехаў па турыстычнай пуцёўцы ў Венгрыю. Як вядома, у такіх паездках пасажыры аўтобуса знаёмяцца паміж сабой. Таварыскі чалавек Анатоль Макарэвіч не мог не завесці размову з суседам па крэсле: “Бачу ў вас у руках новы парасон. Дзе набылі?” – пацікавіўся ён. Суразмоўца падхапіў размову, задаволіўшы цікаўнасць беразаўчаніна, у сваю чаргу спытаў: “Ты не супраць, каб вечарам схадзіць разам на піва?”

Тое, што новага знаёмага Альберта іншыя пасажыры называюць пісьменнікам, спачатку не зацікавіла Макарэвіча. Ну які ён там знакаміты творца – просты кампанейскі мужчына. Калі б гэта быў прадстаўнік маскоўскай багемы, няўжо ўважыў бы ён яго, правінцыяла з Лідчыны?

У канцы паездкі Альберт і Анатоль абмяняліся і тэлефонамі, адрасамі. Альберт пераканаўча прапаноўваў новаму сябру званіць і пісаць яму.
Мінуў некаторы час пасля паездкі. У кватэру Анатоля Макарэвіва правялі тэлефон. Тады ён і ўспомніў пра тое, што мае маскоўскі тэлефонны нумар. Патэлефанаваў па ім. Трубку ўзяла жонка Альберта. Сказала, што ён у творчай камандзіроўцы ў Эфіопіі. Папрасіла Макарэвіча напісаць яе мужу пісьмо. “І абавязкова прыязджайце да нас “, – пачуў Анатоль Аляксандравіч на другім канцы провада.

Мой сябра – твой сябра

Анатоль Аляксандравіч прыняў запрашэнне Альберта Анатольевіча і яго жонкі. У час першага прыезду і пераканаўся, кім з’яўляецца яго новы сябра. Больш таго, аказалася, што той не толькі пісьменнік і сцэнарыст, але і швагер самога Мікіты Міхалкова – зводны брат яго жонкі Таццяны, што сярод сяброў Альберта шмат знакамітых акцёраў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў. Ім, не цураючыся, Альберт пры выпадку прадстаўляў Макарэвіча: “Мой сябра з Беларусі, з Бярозаўкі”. А як кажуць, твае сябры – мае сябры.

– Пасябраваў я, напрыклад, з таварышам Альберта – акцёрам Віталем Шапавалавым. Ён у свой час дзяліў адну грымёрку з Уладзімірам Высоцкім у тэатры на Таганцы, – расказвае беразаўчанін. – Успамінаю, як утрох – Альберт, Віталь і я – хадзілі на сажалку (яна знаходзіцца ў Маскве недалёка ад шведскага пасольства) лавіць рыбу. Усё было як і належыць: прачыналіся ў 4 гадзіны раніцы, бралі прылады і адпраўляліся кампаніяй да месца. Ведаеце, зусім іншае адчуванне, чым вудзіць рыбу дзе-небудзь у цішы на Нёмане. Тут назіраеш, як памалу пачынае абуджацца жыццё ў горадзе, а калі над сажалкай паступова рассейваецца туман, малюнкі становяцца яркімі і нядаўні спакой змяняе маскоўскае шматгалоссе.

Ці, напрыклад, беразаўчанін Анатоль Макарэвіч можа папросту сказаць: “Мой сябра Леанід Штэрн”. Пазнаёміўся ён з ім у гасцях у Альберта Іванова. Пра Леаніда Штэрна я чула раней, але каб адчуць маштаб асобы і прадставіць чытачам газеты, улезла ў сусветную павуціну. Леанід Штэрн – Прэзідэнт Міжнароднага Шухаўскага фонду (мэта фонду – падтрымліваць, захоўваць і развіваць нацыянальную і культурную спадчыну). Штэрн – генеральны дырэктар ААТ “СКГазінжынвест”, дзеючы член Акадэміі тэхналагічных навук, член Міжнароднага саюза журналістаў. Ён аўтар 100 навуковых работ, 6-ці манаграфій, 36-ці вынаходніцтваў. Узнагароджаны залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ, удастоены звання “Лепшы вынаходнік газавай прамысловасці”, і іншае.

Даводзілася Анатолю Макарэвічу бываць у кватэры Міхалковых у Малым Казіхінскім завулку. Там жыла маці Альберта Іванова і Таццяны Міхалковай.

“Самога Мікіту Сяргеевіча бачыць не давялося, ну а жонка яго, Таццяна, чарку каньяку налівала, – усміхаючыся, прызнаецца беразаўчанін. – Яна, дзеці – цудоўныя людзі. Не фанабэрыстыя, шчырыя ў зносінах”.

Дарэчы, любы калекцыянер аўтографаў мог бы пазайздросціць Анатолю Аляксандравічу. Шматлікія аўтографы і пажаданні напісалі знакамітасці ў яго адрас. А чаго вартыя самі сустрэчы! Былі яны не толькі дома ў Альберта Іванова, але і ў Доме літаратара, і ў Доме творчасці ў Перадзелкіне, у тэатрах, у гасцях.
“Памятаю, упершыню трапіў на дзень нараджэння да Віталя Шапавалава. Аж галава кругам пайшла ад таго, што ўвачавідкі бачу тых, каго бачыў толькі на экране. Леанід Філатаў з жонкаю, Інна Ульянава…” – прызнаецца Анатоль Макарэвіч.

“Альбо прыйшлі з Альбертам у тэатр на Таганцы. Віталь Шапавалаў вынес нам кантрамаркі, – расказвае беразаўчанін. – Я аглядаюся вакол: Сямён Фарада і Валерый Залатухін недалёка ад нас стаяць і аб чымсьці гутараць. Віталь кажа: “Не дзівіся. Давай лепей я цябе з імі пазнаёмлю”. Падвёў да іх, прадстаўляе: “Вось мой сябра з Беларусі, з Бярозаўкі…”

«Друг в беде не бросит, лишнего не спросит…»

І ўсё ж болей за ўсё дароўных подпісаў мае Анатоль Макарэвіч ад свайго сябра Альберта Іванова. Яно і нядзіўна: за сорак гадоў, што сябруюць беразаўчанін з масквічом, убачыла свет не адна кніжка таленавітага аўтара. І ўсе іх з подпісам Альберт Анатольевіч дорыць Анатолю Аляксандравічу. Дарэчы, дае чытаць пісьменнік свайму беларускаму сябру і рукапісы. Просіць выказаць сваю думку. А той не саромеецца, калі што не так яму здалося, кажа проста ў вочы.
На адным з выдадзеных твораў пра прыгоды неразлучных сяброў Хомы і Сусліка пісьменнік напісаў: “Калі ты Суслік, то я Хома”. “Знешне мы адпавядаем, – смяецца Анатоль Макарэвіч. – Ды і сяброўства такое ж моцнае, як і ў гэтых двух герояў”.

Дружба паміж прадстаўніком маскоўскай багемы і жыхаром Бярозаўкі з абодвух бакоў бескарыслівая, шчырая. Напэўна, таму і праіснавала чатыры дзесяцігоддзі. Яны, як і ў любым моцным сяброўстве, гатовы раздзяліць і гора, і радасць адзін аднаго. Напрыклад, Альберт прыходзіў сябру і яго сям’і на дапамогу, калі з’яўляліся праблемы са здароўем. Анатоль жа ад усяго сэрца радуецца поспехам сябра-пісьменніка. Масквіч, у сваю чаргу, запрашае беразаўчаніна на ўсе значныя даты ў сваім жыцці: перасяліўся ў новую, больш шыкоўную кватэтэру – Анатоля не забыў паклікаць на наваселле, спраўляе юбілей – і зноў у Бярозаўку ляціць запрашэнне Макарэвічу.

– Цікава, якія падарункі дорыце знакамітаму пісьменніку, калі запрошаны на мерапрыемства ў якасці госця? – цікаўлюся ў Анатоля Аляксандравіча.

– Што тут дарыць – у яго ўсё ёсць. Раней піўныя кубкі – у тым ліку і вытворчасці шклозавода – дарыў. Альберт раней іх калекцыяніраваў. Калі быў у чэрвені гэтага года запрошаны на 80-годдзе, павёз цацачнага Хому, якога зрабілі бярозаўскія ўмельцы з цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, і слоік малінавага варэння. Я не раз пераконваўся, што для Альберта каштоўней за ўсё нашы шчырыя зносіны, – адказвае Анатоль Макарэвіч.

Дарэчы, калі я даведалася, што Анатоль Макарэвіч запрошаны сябрам у Маскву, тады і папрасіла ў яго, каб Альберт Іваноў напісаў пару слоў для “Лідскай газеты”.

Пазнаёмцеся і вы

У тым, што з Анатолем Макарэвічам вельмі прыемна весці гутарку, пераконвалася і я, журналіст “Лідскай газеты”. Ён – чалавек разумны, на ўсё мае свой пункт погляду, але не націскае на суразмоўцу. Чалавек сціплы, але надзвычай дружалюбны, адкрыты. Мне здаецца, многім лідчанам будзе цікава пазнаёміцца з ім сам-насам. А для гэтага я звярнулася ў раённую бібліятэку. Ім, як кажуць, карты ў рукі. Выстава аўтографаў, кніг, сувеніраў ад маскоўскай творчай інтэлігенцыі, якія за сорак гадоў сабраў Анатоль Аляксандравіч, прыцягне ўвагу. А калі яшчэ пры гэтым падзеліцца ўспамінамі сам Макарэвіч, мерапрыемства стане незабыўным.
Мы паважаем лідскіх самародкаў. Анатоль Макарэвіч, несумненна, адносіцца да іх ліку.

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться