У парачанцаў лепшы ФАП, а іх надзея – фельчар Алена

04 Августа 2018 2612

Безымянный...Загадчыцу Парэчскага ФАПа Алену ШВЕДЧАНКА (на здымку) застаю на парозе, з сумкай на плячы – на паўдарозе да хворага. Усіх пацыентаў у яе каля пяцісот, і жывуць яны не толькі ў Парэччы, але і ў Лайкаўшчыне, Сідараўцах, Пацуках і Баярах Смалодскіх. Нягледзячы на адлегласць, надвор’е і што б там ні было, да кожнага фельчар дойдзе або даедзе на веласіпедзе.

сб2

У медыцыне Алена Дзмітрыеўна дзесяць год. А ў Парэчскім ФАПе з 2012-га. Трапіла калісьці часова, на падмену. Потым абяцалі перавесці ў Беліцу (дзе і жыве Алена Шведчанка) або ў Ліду. Але затым кіраўніцтва змянілася, а яна засталася. І сёння ўжо са свайго Парэчча нікуды не хоча сыходзіць. “Ведаю ўсіх сваіх хворых і іх балячкі. Ды і людзі... Для іх я надзея. І самі яны – добрыя”.

Алена Дзмітрыеўна не хавае прыхільнасці да сваёй прафесіі.

– Мне нават роды тут даводзілася прымаць. Шэсць год таму. Адбылося гэта раптоўна. Жанчына на 28-м тыдні цяжарнасці паехала на прыём да доктара, у яе было ўсё добра, і яна вярнулася дамоў... І тут пачынаюцца роды. Усё абышлося, дзіцятка нарадзілася жывое, хаця і важыла ўсяго 1 кг 100 г. Канешне, жанчыне і немаўляці патрабавалася кваліфікаваная медыцынская дапамога. Я выклікала хуткую, і яны накіраваліся ў бальніцу. Ды гэта што... У Шчучынскім раёне, дзе я працавала раней, прыйшлося роды ў машыне прымаць. Так што прывычная я да экстранных выпадкаў. У мяне і спецыяльны чамаданчык нагатове, – гаворыць Алена Дзмітрыеўна.
– На што найбольш хварэюць вясковыя жыхары? – пытаюся ў фельчара.

– Пераважна гэта старэчыя хваробы: сардэчна-сасудзістыя паталогіі, артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца. Павялічваецца колькасць хворых на цукровы дыябет, – расказвае яна.

Асобная катэгорыя – дзеці. Нягледзячы на тое што ў суседніх вёсках няма дзіцячых садкоў і школ, на ўчастку фельчара 34 дзіцяці, двое – ва ўзросце да аднаго года. “Чакаем яшчэ папаўнення, – усміхаецца фельчар. – Дзве жанчыны рыхтуюцца стаць мамамі”.

У абавязках сельскага фельчара, акрамя аказання медыцынскай дапамогі, рэалізацыі лекаў, вялікі пласт работы па прафілактыцы захворванняў. Нават калі чалавеку нічога не баліць, трэба наведаць яго, падказаць, навучыць. Адзінокіх – раз у квартал, дзетак – раз у тыдзень, небяспечныя сем’і (дзякуй Богу, сёлета на ўліку ў Парэчскім ФАПе такіх сем’яў няма) – два разы ў тыдзень.

У Парэчскім ФАПе адчуваецца сапраўдны жаночы парадак, у якім і цвёрдасць, і кампетэнтнасць, і пяшчота... Прыём пацыентаў, аказанне ім дапамогі і іншая праца ідзе дакладна, зладжана і якасна. Нездарма ж летась Парэчскі ФАП быў прызёрам абласнога конкурсу – заняў трэцяе месца ў вобласці сярод лепшых сельскіх ФАПаў. Заслужана, годна, а самае галоўнае – за працу на карысць людзей.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться