Лепшых работнікаў раённага гандлю і грамадскага харчавання павіншавалі з прафессіанальным святам

29 Июля 2018 2537

невероГандлёвая галіна – адна з лідараў па забеспячэнні занятасці для насельніцтва рэгіёна. Сёння ў ёй працуюць больш за 3,5 тысячы жыхароў. На Лідчыне дзейнічаюць каля 1600 крам – ад буйных супермаркетаў да гандлёвых кропак крокавай даступнасці. Свае паслугі таксама прапануюць больш за 130 кафэ, рэстаранаў, бараў, буфетаў. 12% – той кавалак, які ў мінулым годзе ўсе разам яны паклалі ў агульны “пірог” раённага бюджэту.

Напярэдадні Дня работнікаў гандлю дзевяці лепшым прадстаўнікам галіны намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віталій Нявера ўручыў Падзячныя лісты і Ганаровыя граматы выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. «Гандаль, грамадскае харчаванне – адны з самых важных сектараў эканомікі, без якіх немагчыма ўявіць сучаснае жыццё. Я рады, што ў нашым рэгіёне з кожным годам паляпшаюцца культура і якасць абслугоўвання пакупнікоў, пашыраецца асартымент прамысловых і харчовых тавараў, расце сетка крам і кафэ. Усё разам гэта вельмі запатрабавана, ад гэтага шмат у чым залежыць камфортнасць жыцця людзей. Жадаю ўсім, хто заняты ў сферы гандлю і грамадскага харчавання, актыўных продажаў, высокага прыбытку, усмешак удзячных кліентаў», – сказаў Віталій Іосіфавіч.

неверо

Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віталій Нявера ў час узнагароджання.

З ЛЮБОЎЮ ДА ПАКУПНІКОЎ І СВАЁЙ СПРАВЫ

Акрамя ўсяго іншага, гандаль уносіць асаблівы ўклад у развіццё прадпрымальніцтва, бо ў большасці выпадкаў менавіта гандаль з'яўляецца стартавым відам бізнесу для многіх людзей. “Таму сярод узнагароджаных сёлета так шмат прыватнікаў”, – патлумачыла начальнік упраўлення гандлю і паслуг райвыканкама Алена Усаніна і дадала, што сёння на Лідчыне ў гэтай галіне занята каля 650 індывідуальных прадпрымальнікаў, 450 юрыдычных асоб. Сярод іх – Таццяна Бушынская, якой уручылі Ганаровую грамату Лідскага раённага выканаўчага камітэта. І калі яе імя, напэўна, шмат каму незнаёмае, то сетку крам Таццяны Іванаўны ведае кожны, хто калі-небудзь сутыкаўся з рамонтам і выбарам шпалер. Тысячы пакупнікоў штогод знаходзяць тое самае: індывідуальнае, незаезджанае, эксклюзіўнае, – ідучы задаволенымі з рулонамі “адзення” для сцен з аднаго з трох магазінаў “Свет шпалер”, якія дзейнічаюць у нашым горадзе.

– Прызнанне нашай працы на раённым узроўні было нечаканым, але вельмі прыемным, – падзякавала Таццяна Бушынская. – Мы сапраўды заўсёды ідзём насустрач пакупнікам, імкнучыся дагадзіць густу кожнага. Адсюль – вялікі асартымент тавару, пастаяннае яго абнаўленне, прытрымліванне апошніх павеваў моды, акцыі і распродажы.

Дарэчы, у галіне гандлю Таццяна Іванаўна працуе ўжо не адно дзесяцігоддзе, у 2010 го-дзе аформілася індывідуальным прадпрымальнікам. На пытанне, ці не пашкадавала аб такім рашэнні, адназначна адказвае: “Не. Я люблю сваю працу, люблю кожнага свайго кліента. Разуменне таго, што ты здольны хаця б крыху ашчаслівіць чалавека, прымусіць яго ўсміхнуцца ад добрай пакупкі, каштуе многага”.

бушинская

Таццяна Бушынская ўзнагароджана граматай Лідскага райвыканкама.

АЎТАРСКІ ПАДЫХОД У РАСПРАЦОЎЦЫ МЕНЮ

Гэтага ж прынцыпу ў сваёй рабоце прытрымліваецца і Святлана Рум, кухар рэстарана “Вінтаж” ГВФ «Ліда». За вернасць абранай прафесіі (стаж Святланы Станіславаўны ў галіне грамадскага харчавання перавышае 30 гадоў), за добрасумленнае стаўленне да працы спецыяліст удастоена Ганаровай граматы ўпраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю.

– Мой шлях кухара пачынаўся ў Гродне, потым працаўладкавалася ў Лідзе, – распавядае Святлана Рум. – У гандлёва-вытворчай фірме “Ліда” працую дзевяць гадоў, з моманту адкрыцця кафэ “Гранд”. Цяпер гатую на кухні рэстарана “Вінтаж”. За што люблю сваю працу? Ды за ўсё! Хіба ёсць для жанчыны большае шчасце, чым смачна і сытна накарміць свайго роднага чалавека?! А ўсе нашы наведвальнікі нам як родныя, і стаўленне да іх адпаведнае. Стараемся пастаянна ўносіць у меню новыя стравы, аўтарам многіх з іх з'яўляюся і я. Хачу сказаць, што спажывец цяпер патрабавальны, яго складана здзівіць, але мы робім для гэтага ўсё магчымае. Вялікую ўвагу ўдзяляем не толькі смакавым якасцям, але і афармленню стравы.

рум

Святлана Рум з'яўляецца аўтарам многіх страў.

Стаўку ў тым ліку на гэта, але абавязкова яшчэ і на карыснасць, збалансаванасць робіць таксама загадчыца вытворчасці сталовай СШ № 14 Алена Тума. Алена Іванаўна сустракае сваё прафесійнае свята з Падзячным лістом старшыні Лідскага раённага Савета дэпутатаў.

– Стол навучэнца, вядома, адрозніваецца ад таго, што падаюць у кафэ і рэстаранах, – пракаментавала Алена Тума. – У школах харчаванне павінна быць паўнавартасным, каб не толькі ежа, але і ўсе навукі добра засвойваліся (усміхаецца). Увогуле, на камбінаце школьнага харчавання я працую вось ужо 20 гадоў. Любоў да кухарскага мастацтва мне перадала мама, яна таксама працавала ў гэтай сферы. На жаль, на сям'ю часу і сіл не заўсёды хапае – такія асаблівасці прафесіі. Але я імкнуся кампенсаваць гэта смачнай выпечкай, люблю песціць сваіх дамачадцаў тартамі, булачкамі і іншай здобай.

тума

Алёна Тума робіць стаўку на смак і карысць абедаў для рабят.

ГАЛОЎНАЕ – НЕ ПАКАЗЧЫКІ І ЛІЧБЫ, А ЛЮДЗІ

Сфера грамадскага харчавання таксама вабіць прыватнікаў. Сёння ў рэгіёне ў гэтай галіне працуюць каля дзесяці індывідуальных прадпрымальнікаў, больш за 125 юрыдычных асоб.
– На спажывецкім рынку рэгіёна пастаянна вядзецца праца па пашырэнні асартыменту, у тым ліку за кошт тавараў айчыннай вытворчасці, адкрываюцца новыя аб’екты харчавання. Апошнія тэндэнцыі – гэта кавярні, фургоны, павільёны з ежай хуткага прыгатавання. Каб азнаёміць кліентаў з усім пералікам, пастаянна право-дзяцца кірмашы, дэгустацыі, акцыі, распродажы... Але напярэдадні Дня работнікаў гандлю хочацца казаць не аб паказчыках і лічбах, а аб людзях. Гандлёвы работнік, працаўнік грамадскага харчавання – гэта ганаровая і адказная прафесія. Ад усёй душы віншую кожнага са святам. І перш за ўсё хачу сказаць вялікае дзякуй ветэранам, таму што мы працягваем іх справу. Добрага настрою ўсім і шчасця – асабістага і ў працы, – падагульніла начальнік упраўлення гандлю і паслуг Лідскага райвыканкама Алена Усаніна.

Сярод тых, каго ўзнагародзілі сёлета напярэдадні Дня работнікаў гандлю, быў таксама дырэктар ТДА “Ордэн Ліда” Андрэй Суботнік (Падзячны ліст старшыні Лідскага райвыканкама). Ганаровыя граматы Лідскага раённага Савета дэпутатаў былі ўручаны галоўнаму бухгалтару УКП ГЦ “Патсдам” Алене Скавытавай і кіраўніку прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Ромакс гандаль” Уладзіміру Гецольду. Падзячным лістом старшыні Лідскага раённага Савета дэпутатаў узнагародзілі загадчыцу замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Март Інн Фуд” Валянціну Гяцэвіч.

ГРАМАТЫ І ПАДЗЯКІ… АД МІНІСТРА ТАКСАМА

У апошнюю пятніцу ліпеня Ліду і Лідскі раён, Гродзенскую вобласць з рабочым візітам наведаў Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч. Адказ на пытанне, з кім ён сустрэўся і якія пытанні былі абмеркаваны, вы атрымаеце ў наступным выпуску газеты. Сёння важна другое: Уладзімір Калтовіч, акрамя ўсяго іншага, выконваў і такую важную і прыемную місію – ён таксама ўзнагародзіў лепшых прадстаўнікоў рэгіянальнай сферы граматамі і падзякамі. Сярод іх, зразумела, ёсць і лідчане.

Ганаровымі граматамі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўзнагароджаны загадчыца сталовай ААТ “Лакафарба” Ірына Кішкель і загадчыца магазіна “Мой дом” Дома гандлю Алена Санюк. Падзяку Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі атрымала прадавец магазіна “Алмі” па вуліцы Гастэла Тэрэса Звездзіна. Кухар піўнога рэстарана “Лідскае піва” Ірына Куцко адзначана Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама. Прадаўцу магазіна “Віёла” ПГУП “Вітамарк” Наталлі Гавенка ўручылі Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Падзячны ліст старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – у кухара кафэ ААТ “Ліданафтапрадукт” Галіны Кузьміцкай. Ганаровай граматай упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю адзначана, акрамя Святланы Рум, індывідуальны прадпрымальнік, дырэктар міні-рынку па вуліцы Чырвонаармейскай Рэгіна Вашкевіч.

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться