Калі пяро ўпісваецца ў газету

05 Мая 2018 2193

АнашкевичГонарам “Лідскай газеты” ў розныя гады быў і ёсць яе прафесійны калектыў. Жыхарам нашага горада, чытачам газеты добра знаёмыя прозвішчы пастаянных аўтараў, іх пазнаюць па почырку, стылі і тэмах артыкулаў. Але побач з прозвішчамі журналістаў чытач часта бачыць і пазаштатных аўтараў: настаўнікаў, урачоў, інжынераў, міліцыянераў, бібліятэкараў і проста лідчан, якія жывуць, назіраюць і давяраюць свае думкі паперы, дасылаючы іх у рэдакцыю. Мы вельмі ўдзячны такім людзям! Адным з самых актыўных аўтараў і да таго ж неардынарным чалавекам, які не проста чытае “Лідскую газету”, піша ў яе, але і вядзе архіў цікавых матэрыялаў, надрукаваных за многія гады, і вялікую даследчую працу на аснове артыкулаў “Лідскай газеты”, з’яўляецца настаўніца СШ №11 Наталля АНАШКЕВІЧ.

– З дзяцінства, колькі сябе памятаю, любіла гартаць, чытаць газету “Уперад”, якую выпісвалі мае бацькі, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна. – Першыя артыкулы, якія мне вельмі спадабаліся і прыцягнулі ўвагу, былі напісаныя Анатолем Фёдаравічам Куляшом і прысвячаліся гісторыі горада Ліды. Потым газета стала называцца “Лідскай”, і я таксама з цікавасцю сачыла за ёй. Бо там было ўсё: і гісторыя, і матэрыялы аб маіх аднавяскоўцах (а жыла я тады ў вёсцы Дроздава), і пра маю Ганчарскую школу. Канешне, калі б я ў той час разумела значнасць “Лідскай газеты”, архіў пачала б весці намнога раней.

“Ужо потым, – прызнаецца Наталля Анашкевіч, – калі ў 1999 годзе скончыла філфак БДУ і прыехала ў Ліду на працу, сама пачала выпісваць “Лідскую газету”: бацькі выпісвалі яе само сабой, а я – паралельна для сябе. Цікавыя артыкулы стала збіраць: выразала, падпісвала дату, нумар газеты. Спачатку збірала проста ў асобную папку, потым іх стала вельмі шмат, і я стала раскладваць выразкі ў асобныя папкі: аб цікавых людзях Лідчыны, гісторыі праваслаўных цэркваў, касцёлаў, жыцці школы, Лідскім замку, помніках скульптуры і архітэктуры, воінах-інтэрнацыяналістах...”

Сваю першую нататку ў “Лідскую газету” Наталля Анашкевіч даслала дзесяць год таму. “Аднойчы ў вёсцы Баравічы, дзе жыла мая бабуля, адбылося свята вёскі. Я патэлефанавала галоўнаму рэдактару, запытала, ці можна пра свята напісаць, і атрымала згоду. Адчувала сваю адказнасць, тым больш падзея была значнай для людзей: яны жывуць у невялікай вёсцы і вось прачытаюць пра сябе, убачаць на фотаздымку. Як змагла, я напісала сваю нататку і прынесла ў рэдакцыю. Яе прынялі, падкарэкціравалі і надрукавалі. Праз месяц адбылося свята вёскі Дроздава. І я зноў патэлефанавала ў рэдакцыю і зноў напісала нататку. Гэта былі першыя спробы пяра, – распавядае Наталля Мікалаеўна. – Ну а паколькі працую ў школе і ў нас праходзіць шмат мерапрыемстваў, таксама з’яўлялася жаданне пра іх напісаць... Нашы ветэраны педагагічнай працы гавораць: “Мы толькі і жывём навінамі з “Лідскай газеты”, у якіх расказваецца аб жыцці школы”. Дзякуюць мне, што пішу”.
Дарэчы, Наталля Анашкевіч не толькі пазаштатны аўтар “Лідскай газеты”, але і галоўны рэдактар школьнай газеты “Вялікі перапынак”.

Зыходзячы з таго, што бачым у “Лідскай газеце”, дакладна так робім і ў нашай”, – расказвае лідчанка.

– “Лідская газета” для мяне – гэта крыніца ведаў, інфармацыі, энцыклапедыя, архіў, гартаючы які знаходзіш тое, чаго сам не чакаў, – працягвае Наталля Анашкевіч. – Так была напісана наша з вучнямі даследчая праца пра вёску Леснікі. Вынік апраўдаў спадзяванні: даследаванне (адзінае з Лідскага раёна) заняло 2-е месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці”.

Зараз з’явіўся новы накірунак – літаратурнае краязнаўства. Адной з першых на гэтым шляху стала зноў жа Наталля Анашкевіч. Нядаўна яна правяла вялікую даследчую працу, якая тычыцца дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.

– Ідэю выношвала доўга, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – Першае, што стала прычынай, – гэта 50-гадовы юбілей аб’яднання. Другое – хацелася знайсці дакладную дату, бо да гэтага грунтаваліся на адным толькі артыкуле. Трэба было шукаць, і я шукала. Аказалася, літаратары сталі групавацца вакол газеты яшчэ ў часы працы тут Валянціна Таўлая. А ў 1967 годзе аб’яднанне было створана афіцыйна.

Апошнім часам у Наталлі Анашкевіч з’явілася яшчэ адна задумка – напісаць працу аб “Лідскай газеце”. Пакуль яна яшчэ на ўзроўні ідэі, але падстава маецца: у наступным годзе “Лідская газета” адзначыць 80-гадовы юбілей, жаданне ёсць і аўтар-выканальнік, майстар сваёй справы і вялікі энтузіяст таксама ёсць.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться