"Я пазнаю яе па кроках у калідоры...": гісторыя аб самай удзячнай пацыентцы і самым блізкім чалавеку, доктары

25 Апреля 2018 2121

качанНа сацыяльным ложку ў Беліцкай участковай бальніцы не адзін год жыве Ірына Іванаўна Дайлідка. Нестарая яшчэ жанчына, якую напаткала і адабрала ногі цяжкая хвароба, цукровы дыябет. Жанчына без ног, але не без душы – тонкай, чулай і добрай. Душы не толькі сваёй палаты, але і цэлай бальніцы. Колькі лістоў напісала яна нам у рэдакцыю, і ні адной скаргі на жыццё, а толькі падзякі, толькі пазітыў! І ў кожным з лістоў згадваўся, бадай, самы блізкі чалавек – доктар, Люцыя Сцяпанаўна Качан. Колькі эпітэтаў падабрала жанчына ў яе адрас, колькі шчырых слоў!.. Нарэшце, нам патрэбна было пазнаёміцца і з легендарным доктарам, і з самай удзячнай пацыенткай.

Лёгкі макіяж на твары, акуратная стрыжка, пах парфюму, элегантная кофтачка, спадніца... А яшчэ – добразычлівасць на твары, усмешка. “Я заўсёды такая, – з годнасцю тлумачыць, убачыўшы маё здзіўленне, Ірына Іванаўна. – А як жа інакш – доктара сустракаць?!”

– Я пазнаю яе ўжо па кроках у калідоры, – кажа Ірына Дайлідка. – Рыхтую сваё “Прывітанне, доктар!” Яна ніколі не бывае ў дрэнным настроі. Усміхнецца, падбадзёрыць. Пагаворыш з ёю – і на душы хораша і спакойна.

…Колькі такіх, як Ірына Дайлідка, пацыентаў прайшло праз рукі Люцыі Качан! Колькіх выратавала ад хвароб, колькім вярнула надзею і любоў да жыцця!.. Пачынаючы з 1973-га, калі пасля заканчэння Гродзенскага медінстытута была накіравана на працу ў Парэчскую бальніцу. І пазней, калі ў 1988-м перайшла ў Беліцкую бальніцу.

Сама – карэнная жыхарка Беліцы, глыбока ўлюбёная ў свой прыгожы, аздоблены блакітнай стужкай Нёмана край. “Тут і лес, і луг, і рака, тут усё для душы!” – не хавае пачуццяў Люцыя Сцяпанаўна, кажучы пра сваю малую радзіму.

У Беліцы яна стварыла сям’ю, нарадзіла і выхавала двух дзяцей. І ўвесь час самааддана служыла медыцыне. “Невядома яшчэ, ці была б тая самааддача, калі б не падтрымка сям’і, – з усмешкай заўважае Люцыя Качан. – Быў час, калі ездзіла на працу за 9 км, і дзеці раслі, лічы, на руках мужа”. І тым не менш менавіта мама была ўзорам і прыкладам у сваёй сям’і. Дачка Люцыі Сцяпанаўны пайшла па яе слядах, стала ўрачом, праўда, другой спецыялізацыі, жаночай, але працуе таксама на Лідчыне.

Люцыя Сцяпанаўна ўспамінае свае першыя практычныя ўрокі ў бальніцы. І як было страшна (баялася нашкодзіць), і як хацелася ўсё пра ўсё ведаць.

– У мяне былі добрыя настаўнікі, і я не саромелася пытацца, – дзеліцца ўрач.

А сёня яе вопыт – бясцэнны для маладзейшых калег. Галоўны ўрач Беліцкай бальніцы Аляксандр Даніловіч не тоіць: “З вялікім задавальненнем назіраю за Люцыяй Сцяпанаўнай. Вучуся яе падыходам і метадам. Добра, калі побач ёсць такі ўрач...” Дарэчы, некалькі год таму Люцыя Сцяпанаўна вырашыла заслужана адпачываць, але Аляксандр Аляксандравіч угаварыў вярнуцца, хаця б на паўстаўкі.

Хаця аб узросце жанчыны звычайна не гавораць, але для Люцыі Сцяпанаўны Качан зробім выключэнне – з нагоды яе сёлетняга юбілею, 70-гадовага, каб сказаць, што ён – упрыгажэнне мудрасці, дабрыні і душэўнасці чалавека і доктара, крокаў якога па калідоры Беліцкай бальніцы з нецярпеннем і радасцю чакае не толькі Ірына Дайлідка, але і ўсе без выключэння пацыенты.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться