Католікі рыхтуюцца да Пальмавай нядзелі. Ужо заўтра яны збяруцца ў храмах, каб асвяціць упрыгожаныя галінкі вярбы

24 Марта 2018 2176

Іх ужо некалькі дзён прадаюць на вуліцах горада. Попыт на такі тавар традыцыйна немаленькі: сёння мала хто робіць вербы самастойна, у хатніх умовах, аддаючы перавагу ўжо гатовым «пальмам».

Ведаючы такую ​​тэндэнцыю, Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці ўпершыню за сваю дзейнасць разгарнуў выставу-продаж “Вербны кірмаш”. Размясцілася яна на плошчы каля гісторыка-мастацкага музея. У экспазіцыі – вялікі выбар вербаў, велікодных сувеніраў: пісанкі, абярэгі, мяккія цацкі, вязаныя рэчы, вырабы ў тэхніцы квілінг і шмат іншага цікавага. Народныя ўмельцы рэгіёна прапануюць каробкі для пасхі, кошыкі для асвячэння велікоднай трапезы, вербныя кампазіцыі.

– Такая выстава-продаж эканамічна, можа, і не зусім выгадная, але мы хацелі паказаць нашым жыхарам, наколькі мясцовыя майстрыхі таленавітыя, – распавяла вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. – На базе кожнага нашага філіяла ёсць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і на выставе “Вербны кірмаш” прадстаўлена іх творчасць.

Напярэдадні Пальмавай нядзелі ўся ўвага, канешне, вербам. На кірмашы іх прадстаўлена шмат і розных. Ёсць звыклыя нашаму воку – багата аздобленыя сухімі кветкамі, саломай, каласамі, – аднак ёсць і арыгінальныя, дзе ўпрыгожванне адсутнічае практычна цалкам, а ўся ўвага – прымацаванаму да цэнтральнай часткі вярбы яйку як сімвалу новага жыцця. Але як бы там ні было, на кожнай галінцы прысутнічае традыцыйны ядлавец. Дарэчы, кошт вербаў на кірмашы дэмакратычны: ад 1 да 4 рублёў.

“Вербны кірмаш” – гэта мерапрыемства не аднаго дня і нават нядзелі. Сваіх пакупнікоў выстава-продаж чакае таксама 29 і 30 сакавіка, 5 і 6 красавіка.

…Вербніца адкрывае перадвелікодны тыдзень, на якім – Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Вялікая субота. Завершыцца Вялікі тыдзень 1 красавіка, калі Вялікдзень будуць святкаваць католікі ўсяго свету.

vb

НА ЗДЫМКУ (злева направа): супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марыя Шылкоўская і Алена Свідэрская.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться