У Лідзе прайшоў дзень Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта

10 Мая 2017 2135

Рукой падаць да лета, выпускных экзаменаў і ўступных іспытаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Якраз у час на Лідчыне аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама быў арганізаваны выязны дзень Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Сваёй пляцоўкай ён абраў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, а на сустрэчу запрасіў старшакласнікаў і выпускнікоў лідскіх школ.

Будзем казаць проста, адносіны да аграрнай прафесіі сёння ў нас супярэчлівыя і часам прадузятыя. Сельская гаспадарка бачыцца многімі маладымі людзьмі як нешта ніжэйшае. Ды толькі погляд гэты неаб’ектыўны. Беларусь была, ёсць і будзе аграрнай дзяржавай. Сельскагаспадарчая галіна можа і павінна зарабляць. Іншая справа, што яна патрабуе высокакваліфікаваных спецыялістаў, якіх і бярэцца рыхтаваць Гродзенскі аграрны ўніверсітэт.

На сустрэчу з лідскімі старшакласнікамі прыехалі дэканы і выкладчыкі ўсіх факультэтаў, якія з першых вуснаў давялі прысутным інфармацыю аб перспектывах навучання ў ВНУ. Сёння ўніверсітэт рыхтуе кадры па трох профілях: інжынерна-тэхналагічным, эканамічным і аграрным. ВНУ прапануе сваім студэнтам не толькі высокую якасць адукацыі, але і навукова-даследчую дзейнасць, творчую, спартыўную, грамадскую самарэалізацыю. Акрамя таго, Гродзенскі аграрны дае і шэраг пераваг... Калі казаць пра нас, лідчан, то, па-першае, гэта блізкасць – сто кіламетраў, і ты дома. Па-другое, усе студэнты стопрацэнтна забяспечваюцца добраўпарадкаваным інтэрнатам, жыць у якім можна на працягу ўсяго навучання. Бацькам і самім студэнтам не трэба думаць пра жыллё, а толькі пра вучобу. Дарэчы, для тых, хто добра вучыцца, ёсць шэраг дадатковых прывілеяў... Магчымасць на другім курсе здаць экзамен на атрыманне вадзіцельскага пасведчання на катэгорыю В. На чацвёртым – праходзіць практыку за мяжой. Акрамя таго, студэнты агранамічных спецыяльнасцей могуць атрымліваць паралельна другую вышэйшую эканамічную адукацыю (платную). Гэта значыць, на выхадзе з універсітэта мець не адзін, а два дыпломы аб вышэйшай адукацыі.

Яскравей за ўсё аб адукацыі ў Гродзенскім аграрным універсітэце раскажуць, напэўна, самі студэнты. Дарэчы, сярод іх нямала лідчан. З агітбрыгадай у Ліду прыехалі студэнты факультэта бухгалтарскага ўліку, лідчане Ганна Брэйва і Дзмітрый Верамейчык. Дзмітрый раней скончыў Лідскі каледж па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік” і паступіў на скарочаны курс аграрнага ўніверсітэта па той жа спецыяльнасці. Зараз ён на пятым курсе, выпускнік... “Калі ў каледжы нам давалася асноватворная база ведаў, то ва ўніверсітэце веды ўдакладняюцца, – падзяліўся ён. – Упэўнены, што зрабіў свой выбар правільна. Вучыцца няцяжка, ды і атмасфера паміж выкладчыкамі і студэнтамі выключна добразычлівая”. Лідчанка Вікторыя Банцэвіч вучыцца на другім курсе эканамічнага факультэта. ”У Гродзенскі аграрны паступала мэтанакіравана, – кажа яна. – Прафесію эканаміста выбрала дакладна яшчэ загадзя, а вось гродзенскай ВНУ аддала перавагу найперш таму, што тут забяспечвалі інтэрнатам. Да таго ж балы былі даступныя”. Выпускнік СШ №15 г. Ліды Ілья Ляховіч (на здымку) паступаў ва ўніверсітэт летась, зараз ён першакурснік агранамічнага факультэта. “Мой дзядзька – аграном, і мне заўсёды падабалася тое, што ён робіць. Таму і паступаў у аграрны, – кажа Ілья. – Не шкадую аб гэтым... Вучыцца падабаецца. Займаюся ў спартыўных секцыях, удзельнічаю ў спаборніцтвах. Тым, хто будзе паступаць сёлета, раю: смела ідзіце ў аграрны, але толькі пры ўмове – калі падабаецца прафесія. А наконт таго, што сельская гаспадарка неперспектыўная, магу сказаць упэўнена: падымем...”

универ

– Выязныя дні ўніверсітэта ў райцэнтрах (з якіх Ліда – адзін з найбольшых) мы праводзім не ўпершыню. Улічваючы, як шырока ў Лідзе развіта перапрацоўчая прамысловасць, адсюль нам хацелася б бачыць у сябе як мага больш абітурыентаў, – расказвае выконваючы абавязкі дэкана факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Віктар Паплёўка. – Сёлета на найбольш запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы спецыяльнасці для абітурыентаў з’явіліся новыя ўмовы: можна здаць ЦТ, а можна замест яго – вусны экзамен ва ўніверсітэце. Хачу адзначыць, што аграрны дыплом нашай ВНУ сёння надзвычай запатрабаваны. Усе выпускнікі атрымліваюць размеркаванне, а тыя, хто добра вучыўся, выбіраюць першае месца працы самі. Гэта стымул добра вучыцца. І вучыцца ў аграрным увогуле.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться