Сабраць робата можа нават першакласнік! Каб упэўніцца ў гэтым, варта зазірнуць у Лідскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці

30 Сентября 2016 2735

На майстар-клас, відавочцам якога днямі стаў карэспандэнт “Лідскай газеты”, былі запрошаны вучні пачатковых класаў з некалькіх гарадскіх школ. Падчас сарака хвілін, на працягу якіх загадчык аддзела Міхаіл Грабоўскі расказваў і паказваў дзецям, як скласці з простага канструктара “Lego We Do” робата, а потым падключыў сілкаванне, камп’ютар, і маленькія канструкцыі пачалі міргаць вачыма, рухацца, выконваць тыя ці іншыя дзеянні, захапленню дзяцей не было межаў! Між іншым, так цікава яны могуць не толькі бавіць вольны час, але і атрымліваць карысныя веды, якія дапамогуць больш паспяхова вучыцца ў школе і нават (пра што малодшыя школьнікі яшчэ не вельмі задумваюцца) дадуць пуцёўку ў жыццё. З простага пачынаецца вялікае. Галоўнае – пачаць...

Прынамсі, менавіта так думалі летась выкладчыкі і краўніцтва цэнтра тэхнічнай творчасці. А пачыналася ўсё з семінара, які адбыўся ў Мінску і на якім сістэме адукацыі была пастаўлена задача – уключыць у працэс дадатковага навучання асновы робататэхнікі. На месцах (напрыклад, у нашым выпадку – у Лідскім цэнтры тэхнічнай творчасці) яна была ўспрынята не як сухая дырэктыва, а як актуальнае запатрабаванне часу.

– Сапраўды, на прадпрыемствах сёння патрэбна новае пакаленне інжынераў, якія думалі б нестандартна, маглі б выпускаць надзвычай канкурэнтаздольную прадукцыю, – лічыць Міхаіл Грабоўскі. – А дзеля таго, каб з’явіліся такія спецыялісты, патрэбны новыя веды, прытым яшчэ са школьнага ўзросту.

Тады ж, летась, у цэнтры тэхнічнай творчасці набылі шэсць набораў канструктара “Lego We Do” – прасцейшага канструктара, з дапамогай якога ўжо можна ствараць праграміруемыя мадэлі, і вырашылі адкрыць гурток. Праўда, не абышлося без цяжкасцей...

– Паколькі мы былі ў гэтай справе, лічы, першапраходцамі (падобныя гурткі на той момант існавалі толькі ў Гродне, Ваўкавыску і больш нідзе), то не мелі ні метадычных рэкамендацый, ні праграмнага забеспячэння. За кожным разам, кожным пытаннем трэба было сазвоньвацца з Мінскам, цікавіцца, якія рабочыя праграмы, як запусціць, – расказвае Міхаіл Грабоўскі. – Але сваімі сіламі мы знайшлі праграмнае забеспячэнне да робатаў, і працэс пайшоў.

Нягледзячы на тое што працэс робатаскладання з дапамогай канструктараў “Lego We Do” здаецца надзвычай простым, дзеці атрымліваюць ад яго вялікую карысць.

– Робататэхніка ўключае ў сябе і канструяванне, і праграмаванне, і 3D-мадэліраванне. Дзеці збіраюць спачатку тыпавыя мадэлі робатаў, а потым плаўна пераходзяць да больш творчага падыходу ў робатаскладанні, пачынаюць мысліць, – адзначае Міхаіл Валер’евіч. – Акрамя таго, у дзяцей мяняюцца адносіны да школьных вучэбных прадметаў, у прыватнасці, да фізікі і матэматыкі. Калі да гэтага яны лічылі іх сумнымі і нецікавымі, то ўсё мяняецца з вывучэннем асноў робататэхнікі.

За той непрацяглы час, што ў цэнтры тэхнічнай творчасці працуе гурток робататэхнікі, у яго наведвальнікаў ужо ёсць поспехі. Прычым, як гаворыць Міхаіл Грабоўскі, поспехі – літаральна ва ўсіх выхаванцаў. Дзеці ўжо ведаюць знутры, як працуюць механізмы. Яны нават пачынаюць гаварыць на тэхнічнай мове.

– Што ж далей? – цікаўлюся ў выкладчыка.

– Далей – толькі ўдасканальвацца, – адказвае Міхаіл Грабоўскі. – Шукаем сродкі і спонсараў, каб набыць больш складаныя канструктары і выйсці на іншы ўзровень робатаскладання, удзельнічаць у конкурсах. На далейшую перспектыву ёсць планы прыцягнуць да заняткаў у гуртку і старэйшых школьнікаў.

Між іншым, папулярнасць робатаскладання на Лідчыне расце. Меркаваць аб гэтым можна не толькі па колькасці наведвальнікаў гуртка (дарэчы, платнага) ў цэнтры тэхнічнай творчасці, але і па тым, што робататэхнікай зацікавіліся і ў школах. Напрыклад, у СШ №17, дзе таксама набылі “Lego We Do”. Са школы прыязджалі ў цэнтр тэхнічнай творчасці, цікавіліся вопытам і з гэтага навучальнага года таксама адкрылі аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться