«Як я правёў лета? Паляваў на маманта і шукаў скарб»

09 Июля 2016 3241

Нямала цікавых і пазнавальных праектаў прапануе школьнікам у час летніх канікул гісторыка-мастацкі музей. Юныя наведвальнікі музея (а таксама яго літаратурнага аддзела і Лідскага замка) маюць магчымасць адчуць сябе ў ролі першабытнага чалавека, заглянуць у багаты рознымі рэчамі “бабулін куфар”, атрымаць карысныя парады па наведванні выставы карцін і калекцыяніраванні, стаць на некаторы час летапісцам, археолагам і нават шукальнікам скарбу беглага ардынскага хана. Але аб усім па парадку...

Пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Наталлі Валынец для школьнікаў праводзяцца заняткі па тэме “Як жылі нашы продкі ў старажытнасці”.

Заняткі па некалькіх тэмах праводзіць старэйшы навуковы супрацоўнік Таццяна Нікіфарава. Так, праект “Бабулін куфар” прысвечаны беларускай народнай культуры і побыту. Дзеці запрашаюцца да куфра, з якога супрацоўнік музея па чарзе дастае розныя прадметы побыту беларусаў і расказвае аб іх. Тут і адзенне, і ручнікі, і цацкі, і музычныя інструменты, і такія хатнія рэчы, аб прызначэнні якіх сучасныя дзеці нават не здагадваюцца. У завяршэнне Таццяна Міхайлаўна дастае з самага дна куфра традыцыйныя пачастункі даўніх часоў – кавалачкі цукру – і частуе імі юных наведвальнікаў. “Другі занятак – “Як глядзець і разумець карціну” – праводзіцца на базе пастаяннай экспазіцыі “Сучаснае мастацтва краю”, – расказвае Таццяна Нікіфарава. – Я тлумачу школьнікам, як правільна паводзіць сябе на выстаўцы карцін, дзе можна знайсці інфармацыю аб аўтары той ці іншай карціны, і, галоўнае, вучу дзяцей разглядаць творы жывапісу (і не толькі жывапісу), разумець іх. Занятак пад маім кіраўніцтвам “Хто такі калекцыянер?” праходзіць на фоне выстаўкі прыватнай калекцыі лідчаніна Андрэя Фішбайна. Школьнікі з цікавасцю разглядаюць багатую калекцыю прадметаў побыту канца XIX-пачатку XX стагоддзяў, я тлумачу ім, як стаць калекцыянерам, як правільна фарміраваць калекцыю, паспяхова (і ў той жа час не ў абход закону) шукаць прадметы для яе”.

Напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў наступным, 2017, годзе, у літаратурным аддзеле гісторыка-мастацкага музея (доміку Таўлая) ужо ў час летніх канікул пачаў сваю працу інтэрактыўны занятак для вучняў пачатковых класаў “Доўгі шлях да мудрых кніг”, які праводзіць навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. Падчас занятка школьнікі спрабуюць сябе ў якасці летапісцаў і перапісчыкаў кніг (група наведвальнікаў дзеліцца на дзве каманды – “Летапісцы” і “Перапісчыкі”). “Дзеці дазнаюцца пра гісторыю ўзнікнення пісьма, яго эвалюцыю, – расказвае Алесь, – і самі маюць рэдкую магчымасць пакарыстацца вузельчыкамі для пісьма (індзейскага кіпу), васковымі дошчачкамі, гусінымі пёрамі, пісаламі”.

Музейныя заняткі для дзяцей у час летніх канікул праводзяцца і ў Лідскім замку. Так, на фоне выставы “Археалагічныя знаходкі Лідскага замка” праходзіць пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Ганны Некрашэвіч занятак “Школа археалогіі”. Юныя наведвальнікі замка знаёмяцца з этапамі правя-дзення археалагічных раскопак, спрабуюць самастойна (зразумела, у выглядзе гульні) іх правесці і ў выніку атрымліваюць дыплом “Юны археолаг”. Для дзяцей (і не толькі) таксама праводзіцца (пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Ілоны Меравай) пазнавальна-забаўляльная гульня “Скарб Лідскага замка”. Шукальнікі “скарбу хана Тахтамыша” ў ходзе пошукаў бліжэй знаёмяцца з помнікам архітэктуры XIV стагоддзя, прычым не ў традыцыйнай экскурсійнай, а ў інтэрактыўнай, гульнёвай форме, што вельмі важна і цікава для наведвальнікаў-дзяцей.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться