Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння ўнесена ў спіс нематэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, а таксама ЮНЕСКА

27 Января 2018 4187

Значнасць падзеі падкрэсліваецца тым, што гэтае праяўленне творчасці чалавека першае ў Лідзе, якое атрымала такі высокі статус.

Працу па вывучэнні белаўзорыстага ткацтва ў 2016 годзе распачала малодшы навуковы супрацоўнік раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. Перадумовай гэтага стала жаданне захаваць і адрадзіць забытае рэгіянальнае народнае рамяство, адзіным носьбітам якога на Лідчыне з’яўляецца Яўген Маркевіч.

– Белае фактурнае палатно з яго сціплай гармоніяй и незвычайнай вытанчанасцю з’яўляецца адной з самых цікавых і маладаследаваных з’яў нематэрыяльнай культуры, – распавядае Марына Савіцкая. – На тэрыторыі Панямоння яно было пашырана ў XIX – пачатку XX стагоддзя.

Белаўзорыстае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва: аднаўточнае двухнітовае з пераборам на дошку, двухнітовае ткацтва, чатырохнітовае аднаўточнае, чатырохнітовае двухуточнае, пяцінітовае, шасцінітовае, васьмінітовае аднаўточнае і васьмінітовае двухуточнае ткацтва, дванаццацінітовае, двухбаковы перабор, у выніку якіх утвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, утворанай своеасаблівым перапляценнем нітак асновы і ўтку. Такое палатно выкарыстоўваецца пераважна для вырабу ручнікоў, абрусаў, сурвэтак.

Ручнікі вылучаюцца адметнымі белымі палатнінамі, вартасць якіх у высокай якасці, дасканаласці выканання, эфектнай гульні святлаценяў на дробнаўзорыстай белай паверхні палатна. Пры іх вырабе менш увагі надавалася каляроваму ўзору, які ішоў толькі па краі вырабу, узорны малюнак часта быў сціплы або яго магло не быць увогуле – менавіта гэта і адрознівае панямонскі ручнік ад ручнікоў іншых рэгіёнаў Беларусі.

Гэта падчас візіту ў мінулым годзе ў Ліду ўразіла і эксперта ў галіне ткацтва, аўтара шматлікіх кніг, навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства Марыю Віннікаву. Яшчэ тады ў гутарцы з журналістам “Лідскай газеты” Марыя Мікалаеўна адзначала, што ніхто так блізка не дакранаўся да белага “фактурнага” ткацтва, як гэта зрабілі лідчане, ніхто да гэтага не спрабаваў яго аднавіць. А сапраўдным адкрыццём для эксперта стала тэхніка падвоенага ткацтва.

– Але каб усё гэта прадставіць, сабраць, была праведзена вельмі вялікая, карпатлівая праца, мы шмат ездзілі ў экспедыцыі па Лідскім раёне, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, дэталёва запісвалі іх успаміны, – звярнула гутарку да вытокаў малодшы навуковы супрацоўнік раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – Які населены пункт аказаўся найбольш багатым на такія гісторыі? Вызначана – Ваверка. Гэта проста скарбніца народных рамёстваў! Мясцовыя майстрыхі з'яўляюцца захавальніцамі разнастайных, проста неймаверных узораў! Жыхарка Ваверкі Тэрэза Ясюкайціс шмат чаго цікавага нам расказала, падзялілася сваімі сакрэтамі, паказала, як ткаць той ці іншы ўзор.

Сёння акрамя Яўгена Маркевіча ёсць новыя прадаўжальнікі традыцыйнага для Лідчыны і такога рэдкага для Беларусі белаўзорыстага ткацтва. Гэтаму рамяству навучыліся два супрацоўнікі аддзела рамёстваў, яшчэ адзін пераймае веды.

– Што дае статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці? – задаецца пытаннем Марына Савіцкая. – У першую чаргу гонар і адказнасць. Мы далі перад дзяржавай абавязацельства захоўваць гэты від рамяства, перадаваць яго іншым пакаленням, каб яно ніколі не было згублена. Што мы робім і будзем працягваць рабіць, запрашаючы на майстар-класы мясцовых спецыялістаў і аматараў, а таксама з іншых рэгіёнаў краіны. Планаў шмат.

І адным з іх, самым, мабыць, амбіцыйным, Марына Савіцкая падзялілася з чытачамі “Лідскай газеты”. Не выключана, што ў хуткім часе будзе выпушчана кніга з апісаннем розных тэхнік белаўзорыстага ткацтва, гісторыяй яго ўзнікнення, развіцця. Матэрыялу для гэтага сабрана дастаткова.

ручники

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться