Пт06222018

Лідская вандроўка Навума Гальпяровіча

СуквеццеДнямі ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася сустрэча з паэтам, празаікам, публіцыстам, літаратурным крытыкам, галоўным дырэктарам міжнароднага вяшчання беларускага радыё (радыёстанцыя “Беларусь”), тэлевядучым праграмы “Дыяблог пра мову” (канал “Беларусь 3”) Навумам Гальпяровічам. На сустрэчу былі запрошаны паэты Лідчыны, прыхільнікі мастацкага слова, пажылыя людзі з аддзялення “Актыўнае даўгалецце”, старшакласнікі сярэдняй школы №11. У Ліду Навум Якаўлевіч, ганаровы грамадзянін горада Полацка, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, прыехаў па запрашэнні кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Алеся Хітруна.

Сустрэча з паэтам невыпадкова праходзіла ў выставачнай зале музея, дзе ў гэтыя дні дзейнічае выстава карцін вядомага лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава: на шэрагу карцін выяўлены знакамітыя людзі Беларусі, з некаторымі з іх Навуму Гальпяровічу даводзілася сустракацца. Дарэчы, прысутнічаў на мерапрыемстве і сам аўтар карцін.

Варта адзначыць, што перад сустрэчай у музеі госць з Мінска наведаў Лідскі замак, домік Таўлая, Лідскае тэлерадыёаб’яднанне, быў запрошаны ў студыю “Твайго радыё” на праграму “Званы госць”. Уражанні ад наведвання нашага горада засталіся ў яго самыя прыемныя. “Лідчане могуць ганарыцца сваім горадам, – адзначыў Навум Якаўлевіч. – Па радыё пра вашу Лідчыну, пра яе людзей, пра яе славутасці можна гаварыць доўга”.

Сам жа паэт родам з Полацка, гэты найстарэйшы беларускі горад, радзіма Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, як Навум Гальпяровіч прызнаўся сам, пабудаваў усё яго жыццё.

Расказваў паэт пра спецыфіку працы на міжнародным вяшчанні беларускага радыё, якое вяшчае на дзевяці мовах, расказвае свету пра нашу Беларусь, закрануў свае падарожжы па краіне, журналісцкія сустрэчы, згадаў пра свой перыяд працы ўласным карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Гаворачы пра журналісцкую працу, Навум Якаўлевіч падкрэсліў важнасць паглыблення журналіста ў тую ці іншую тэму (напрыклад, калі журналіст рыхтуе сельскагаспадарчы рэпартаж, ён сам павінен штосьці разумець у сельскай гаспадарцы, калі сустракаецца з якімсьці навукоўцам – быць “у тэме” ў адпаведнай галіне навукі, і г. д.). Для самаго Навума Гальпяровіча паездкі па гарадах і вёсках краіны, сустрэчы з рознымі людзьмі служаць яшчэ і падпіткай для літаратурнай творчасці.

Навум Якаўлевіч шмат адказваў на пытанні з залы. А пытанні паступалі розныя: “Калі навучыліся чытаць?”, “Калі напісалі свой першы верш?”, “З кім з беларускіх паэтаў сябруеце?” і г. д. Дарэчы, Навум Гальпяровіч, як чалавек, якому па рабоце даводзіцца бываць у розных кутках Беларусі, як беларускі літаратар, асабіста сустракаўся з многімі вядомымі паэтамі і пісьменнікамі. Чытаць жа ён вельмі любіць з дзяцінства, яшчэ ў дзіцячым узросце шмат чаго прачытаў з Гогаля, Талстога, Чэхава.

У час сустрэчы ў музеі таксама адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў паэта “Час лістападу” (дарэчы, назва кнігі пераклікаецца з назвай выставы карцін Уладзіміра Мельнікава “Асенні лістапад”). Гэта была першая прэзентацыя названай кнігі. Навум Якаўлевіч чытаў асобныя вершы з новага і старых паэтычных зборнікаў, а таксама невялікую паэму са сваёй новай кнігі.

Напрыканцы сустрэчы жадаючыя маглі набыць кнігу Навума Гальпяровіча “Сюжэт для вечнасці” з аўтографам аўтара.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

 

Наши блоги: 

Из личного блокнота

petrul
Блог Людмилы Петрулевич

Открытый микрофон

pin
Блог Жанны Пиневской

Строчки без точки

Русилевич
Блог Виктории Русилевич

Между делом

kudr
Блог Татьяны Кудряшовой

Житейский перекресток

Каральчук
Блог Татьяны Каральчук