Лідскім грамадскім аб’яднаннем літоўцаў «Рута» праведзены комплекс мерапрыемстваў у рамках Дзён літоўскай культуры

12 Октября 2017 2342

У канцы мінулага тыдня Лідскім грамадскім аб’яднаннем літоўцаў “Рута” быў праведзены комплекс мерапрыемстваў у рамках Дзён літоўскай культуры. Праводзіць кожны год Дні літоўскай культуры ў Лідзе стала добрай традыцыяй, гэтыя мерапрыемствы праходзяць восенню і прымяркоўваюцца да літоўскага свята ўраджаю, якое адпавядае нашым дажынкам. Мясцовае аб’яднанне літоўцаў дэманструе свой багаты ўраджай на культурнай ніве, важкія плады сваёй культурнай дзейнасці.

Пачаліся Дні літоўскай культуры ў пятніцу вечарам у памяшканні “Руты” ў будынку фізкультурна-аздараўленчага цэнтра па вуліцы Ленінскай. Да лідскіх літоўцаў завіталі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі, генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гродне Генадзіюс Мацкяліс, памочнік сейма Літвы, культуролаг і этнограф Ніёле Бальчунене, загадчык сектара ідэалагічнай работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Алена Каралевіч і іншыя госці. Прадстаўнікі літоўскага боку далі высокую ацэнку дзейнасці лідскай “Руты” пад кіраўніцтвам Марыны Міцюкевіч па захаванні літоўскай культуры, традыцый і звычаяў літоўскага народа. Прагучалі і словы ўдзячнасці раённай уладзе за разуменне і падтрымку мясцовага аб’яднання літоўцаў. З насычанай творчай праграмай перад гасцямі выступілі капэла “Рута”, музычны ансамбль “Аўшра”, вучні літоўскай нядзельнай школы пры аб’яднанні “Рута”.

У суботу мерапрыемствы ў рамках Дзён літоўскай культуры праходзілі ў сярэдняй школе № 4, з якой “Руту” звязвае шматгадовае сяброўства (некаторыя настаўнікі школы з’яўляюцца ўдзельнікамі капэлы “Рута”; у бягучым навучальным годзе ў школе пачаў дзейнічаць факультатыў па вывучэнні этнакультуры Літвы і параўнанні яе з беларускай; ды і само аб’яднанне “Рута” доўгі час месцілася ў памяшканні СШ № 4).

Перад настаўнікамі і вучнямі літоўскай нядзельнай школы выступіла ўжо згаданая вышэй Ніёле Бальчунене (якая, дарэчы, з’яўляецца частым госцем школы). З дапамогай слайдаў яна расказала аб этнаграфічных рэгіёнах суседняй Літвы, яе непаўторнай прыродзе, жывапісных мясцінах, славутасцях літоўскай сталіцы Вільнюса, літоўскіх святах і традыцыях, якія так падобныя на беларускія.

Затым вучні са сцэны актавай залы выконвалі літоўскія і беларускія песні, дэкламавалі вершы на літоўскай і беларускай мовах, падкрэсліваючы тым самым сяброўскія адносіны паміж двума народамі, падабенства дзвюх культур. Выступілі на школьнай сцэне і музыканты з Вільнюса – муж і жонка Арвідас Кірда і Гайла Кірдэне, якія даследуюць літоўскія культуру і этнас і таксама часта бываюць у гасцях у 4-й школе.

Пасля для дзяцей былі праведзены майстар-класы па ігры на некаторых народных музычных інструментах, выцінанцы і гатаванні нацыянальных страў (кожны майстар-клас праводзіўся як “ад літоўскага боку”, так і “ад беларускага”).

У той жа дзень школу наведалі прадстаўнікі Вільнюскай гімназіі імя Францыска Скарыны (у тым ліку дырэктар гімназіі Дыяна Стахновіч), якія прынялі ўдзел у круглым стале па пытаннях супрацоўніцтва дзвюх навучальных устаноў – згаданай Вільнюскай гімназіі і СШ № 4 горада Ліды.

– Наша 4-я школа амаль чатыры гады цесна супрацоўнічае з Вільнюскай гімназіяй імя Францыска Скарыны – адзінай навучальнай установай Літвы, у якой навучанне праходзіць на беларускай мове, – тлумачыць карэспандэнту гэты візіт старшыня Лідскага грамадскага аб’яднання літоўцаў “Рута” Марына Міцюкевіч. – Настаўнікі і навучэнцы школы і гімназіі ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, даследчых конкурсах. Дарэчы, дзвюма ўстановамі распрацаваны сумесны праект па стварэнні ў іх сучаснага этнакультурнага асяроддзя. Абедзве навучальныя ўстановы плануецца мадэрнізаваць за кошт сродкаў трансгранічнага супрацоўніцтва Літвы, Латвіі і Беларусі. Так, у СШ № 4 горада Ліды, згодна з праектам, будуць мадэрнізаваны актавая і спартыўная залы, а таксама некалькі навучальных кабінетаў.

У нядзелю ў Фарным касцёле адбылася служба, якую правёў на літоўскай мове ксёндз з Іўя Ян Гавецкі. Яна завяршыла цыкл мерапрыемстваў у рамках Дзён літоўскай культуры ў Лідзе.

IMG 131

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться