Велікодныя валачэнні, або Як на Лідчыне вялікае свята ўслаўлялі

23 Апреля 2017 2599

Ад светлага свята Вялікадня ў кожнага з нас застаюцца свае ўспаміны: у адных – з радасцю на сэрцы святочная служба ў царкве або касцёле, у другіх – цёплыя пажаданні ад родных людзей за сталом, упрыгожаным каляровымі яйкамі і смачнымі стравамі. Але ёсць і такія моманты, з дапамогай якіх у гэтыя вясновыя дні жыхары і госці горада маюць магчымасць стаць удзельнікамі цікавых падзей. Дарэчы, адно з такіх сёння адбылося ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Работнікі філіяла “Ваверскі Дом культуры” наведалі Ліду і правялі сапраўдны велікодны абрад.

Ужо напярэдадні мерапрыемства яблыку няма дзе было ўпасці. Жадаючыя займалі месцы ў прыбраным зале, работнікі культуры папраўлялі ўборы, рыхтавалі неабходныя для правядзення цікавай дзеі рэчы.  

– Гэты даўнейшы абрад праводзілі шмат гадоў назад у вёсках нашага раёна, – расказвае карэспандэнту ”Лідскай газеты” загадчыца культурнай установы аграгарадка Ваверка Рыта Вадэйка. – Пад вокнамі хат хадзілі валачобнікі, спявалі песні. Аднак паступова ён стаў забывацца. Мы вырашылі адрадзіць некаторыя старыя традыцыі віншавання са святам Вялікадня і запрасілі прыняць удзел у абрадзе лідчан.

“Пойдзем, братцы, гуляючы, спяваючы, пана Бога пытаючы!..” У імправізаванай вёсцы з песнямі, віншаваннямі сталі абыходзіць падворкі аднавяскоўцаў валачобнікі. У кожнай сям’і чакалі жаданых гасцей. А апошнія віншавалі сваіх аднавяскоўцаў са святам, спявалі святочныя песні. Пасля гэтага гаспадар або гаспадыня дзякавалі і давалі яйкі, пірагі, каўбасы. Усё сабранае складалі ў шырокі кошык.

4

3

З цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца на сцэне, дзеці. Асабліва даспадобы ім прыйшліся гульні: катанне яек, разбіванне іх лыжкай з завязанымі вачыма, а яшчэ – біткі.

12

8

– У нашай мясцовасці, як і ў іншых, яйкамі пачыналі запасацца задоўга да самога свята, – удакладняе Рыта Леанідаўна. – Іх фарбавалі шмат, бо на Вялікдзень трэба было абавязкова павіншаваць, пачаставаць блізкіх і суседзяў. А яшчэ маці гладзілі чырвоным яйкам твары сваіх дзяцей, каб яны былі заўсёды румянымі. Абмен яйкамі паміж хлопцам і дзяўчынай азначаў іх прызнанне ва ўзаемным каханні, а першае атрыманае ад каго-небудзь велікоднае яйка лічылі цудадзейным, здольным абараніць ад маланкі на працягу года. А вось гульня ў біткі захавалася па сённяшні дзень. Праверка яечнага шалупіння на моц асацыюецца з выпрабаваннем свайго ўласнага жыцця, дабрабыту.

5

7

Артыстызм, манера падачы, даўнейшыя песні… Велікодны абрад, з якім давялося  пазнаёміцца ў выхадны суботні дзень, прыйшоўся даспадобы і дарослым, і дзецям. Шмат добрых слоў было сказана ў адрас работнікаў культуры. Усе сышліся ў адным: свае традыцыі, абрады, звычаі павінен памятаць кожны чалавек.

69

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться