Юбілейны год для лідскага «Суквецця»

03 Февраля 2017 2303

Надышоўшы 2017 год – юбілейны для літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”: як было нядаўна высветлена, суполцы літаратараў Лідчыны сёлета споўніцца 50 гадоў. Аб планах літаб’яднання на бягучы юбілейны год адбылася днямі гутарка карэспандэнта “Лідскай газеты”, таксама сябра “Суквецця”, з кіраўніком аб’яднання Алесем ХІТРУНОМ.

– Алесь, пачнем нашу гутарку, напэўна, з таго, як высветліўся дакладны час узнікнення літаб’яднання…

– Адна са старэйшых сяброў літаб’яднання “Суквецце”, лідская паэтэса Аляксандра Аляксандраўна Бурак перадала ў літаратурны аддзел гістарычна-мастацкага музея выразку з газеты “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”) за 3 чэрвеня 1967 года з нататкай пра сход літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі газеты. У нататцы гаворыцца, што кіраўніком літаб’яднання прызначаны адказны сакратар рэдакцыі Віктар Кучынскі. Чэрвень 1967 года я і ўзяў за адпраўную кропку дзейнасці нашага літаб’яднання, бо больш ранніх публікацый, у якіх бы згадвалася аб ім, мне не траплялася. Хаця ў адным з нумароў гістарычна-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец” ёсць згадка аб Мікалаі Дзелянкоўскім (Дубровіне), які працаваў у газеце “Уперад” у 1957-1962 гадах і кіраваў літаб’яднаннем пры ёй. Так што, выходзіць, суполка літаратараў пры раённай газеце існавала і да 1967 года. Аднак няма ўжо ў жывых Мікалая Дзелянкоўскага, і цяжка здабыць больш падрабязную інфармацыю аб тым перыядзе дзейнасці суполкі, аб больш-менш дакладным часе яе ўзнікнення. Я і вырашыў пакуль спыніцца на звестках, якія дае нататка, перада-дзеная Аляксандрай Бурак: тут якраз гаворыцца аб прызначэнні кіраўніка літаб’яднання, дакладна вядомыя месяц і год – няхай пакуль тыя месяц і год і лічацца часам яго заснавання. Дарэчы, назвы тады ў літаратурнага аб’яднання не было. І не было яе яшчэ вельмі доўгі час, толькі ў пачатку 2000-х гадоў тагачасны кіраўнік літаб’яднання Уладзімір Васько (узначальваў яго з 1972 года) даў яму назву “Суквецце”. З 2004 па 2012 год “Суквеццем” кіраваў Міхась Мельнік, а са студзеня 2012 года літаб’яднанне ўзначальваю я (маленькі юбілей – пяць год майго кіраўніцтва “Суквеццем” – таксама выпадае на бягучы год).

– Дзе і калі будзе святкавацца юбілей нашага “Суквецця”?

– Маштабную святочную праграму, прымеркаваную да 50-годдзя літаб’яднання “Суквецце”, плануецца правесці ў чэрвені гэтага года, пытанне аб месцы правядзення яшчэ будзе вырашацца. Зразумела, на мерапрыемства будуць запрошаны сябры літаб’яднання, кіраўніцтва “Лідскай газеты”, пры якой яно існуе. Будуць выступаць мясцовыя народныя калектывы, але якія менавіта, пакуль гаварыць рана.

– Што новага чакаецца ў жыцці літаб’яднання ў яго юбілейны год?

– Прыемна адзначыць, што незадоўга да свайго 50-гадовага юбілею, у 2015 годзе, літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” трапіла на старонкі энцыклапедыі “Рэгіёны Беларусі. Гродзенская вобласць”. А ў гэтым годзе група вучняў сярэдняй школы №11 плануе напісаць даследчую працу аб нашым літаб’яднанні. Таксама ў гэтым годзе, юбілейным для “Суквецця”, пры садзейнічанні рэдакцыі “Лідскай газеты” плануецца выдаць калектыўны зборнік выбраных вершаў паэтаў Лідчыны, якія былі надрукаваныя ў газеце за апошнія пяць год, г. зн. пры маім кіраўніцтве літаб’яднаннем. Хацелася б, каб да юбілею ў “Суквецця” з’явіліся нарэшце свая эмблема, свой гімн. Карыстаючыся выпадкам, звяртаюся са старонак “Лідскай газеты” да сяброў літаб’яднання з просьбай прадумаць і прапанаваць варыянты лагатыпа, вершаваныя тэксты гімна лідскіх паэтаў (дарэчы, адзін з варыянтаў гімна нядаўна быў надрукаваны ў “Лідскай газеце”). Пытанне з эмблемай не вырашыць і без мастакоў, дызайнераў, да якіх я таксама звяртаюся.

– Як ужо пісалася, з гэтага года зменіцца фармат літаратурнай старонкі “Суквецце” ў “Лідскай газеце”…

– Так, яна стане больш разнапланавай. Ужо з’явілася рубрыка вершаў для дзяцей “Каласок” (у яе таксама можна будзе ўключаць вершы, напісаныя дзецьмі), запланавана рубрыка гумарыстычных твораў (хочацца даць ёй якуюсьці арыгінальную “калючую” назву, таксама ад расліны). Будзем змяшчаць і празаічныя мініяцюры, і, магчыма, пераклады. Хочацца, каб у кожным ці амаль кожным выпуску літаратурнай старонкі з’яўляліся новыя імёны, каб з намі больш супрацоўнічалі маладыя таленавітыя аўтары.

– А якія плануюцца на гэты год літаратурныя сустрэчы ў Лідзе?

– І ў гэтым годзе будзе працягвацца серыя сустрэч у доміку Таўлая “Перад тым як на Парнас, завітай, паэт, да нас”, распачатая яшчэ ў канцы 2015 года. Планую запрасіць на гэтыя сустрэчы прадстаўнікоў рэдакцый літаратурна-мастацкіх часопісаў “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, а таксама дзіцячага часопіса “Вясёлка” (з галоўным рэдактарам апошняга Уладзімірам Ліпскім у мяне ўжо была размова наконт сустрэчы).

– Якія яшчэ юбілейныя даты “ідуць поруч” з юбілеем “Суквецця”?

– Наша літаратурнае аб’яднанне не застанецца ў баку ад святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў жніўні гэтага года. Або ў доміку Таўлая, або ў самім музеі (дакладна пакуль яшчэ не вырашана) да гэтай даты будзе адкрыта выстава “Шляхам Скарыны”. Плануецца, што гэтую выставу нашаму музею дапаможа арганізаваць намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша (ён займаецца даследаваннем жыцця і творчасці Францыска Скарыны). Сярод экспанатаў выставы, магчыма, будзе копія друкарскага станка скарынаўскіх часоў, якой нават змогуць (за пэўную плату) пакарыстацца наведвальнікі, адчуць сябе ў ролі друкароў XVI стагоддзя. Яшчэ адну выставу – да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа (135 год з дзён нараджэння) – плануецца арганізаваць сёлета ў доміку Таўлая ў супрацоўніцтве з музеем Янкі Купалы. І паколькі я ўжо згадаў Таўлая, паведамлю таксама, што ў планах – арганізаваць гульню-квест для школьнікаў, прысвечаную Валянціну Таўлаю (нешта падобнае на гульню “Скарб Лідскага замка”). Гульня будзе называцца “сТАЎЛенне”, як і ў “Скарбе Лідскага замка”, у ёй бу-дзе выкарыстоўвацца карта, толькі на гэтай карце будуць пазначаны месцы Ліды, звязаныя з “лідскімі” перыядамі жыцця Валянціна Таўлая. Праект “сТАЎЛенне” прызваны пашырыць веды лідскіх школьнікаў пра асобу, імем якой названы адна з вуліц нашага горада і домік, у якім збіраюцца лідскія паэты.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться