У рамках другога этапу раённага свята «Згукі бацькаўшчыны» ў Лідзе адбыўся «Пакроўскі кірмаш»

19 Октября 2016 2477

У рамках другога этапу раённага свята «Згукі бацькаўшчыны» ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбыўся «Пакроўскі кірмаш». Народныя гульні, забавы і розыгрышы, шэраг дэгустацый традыцыйных страў беларускай кухні на суд гледачоў прадставілі адразу пяць клубных ўстаноў раёна.

Што толькі не прывезлі на «кірмаш» гаспадыні і майстрыхі з філіялаў «Тарноўскі Дом культуры», «Дварышчанскі Дом культуры», «Ёдкаўскі Дом культуры», «Мажэйкаўскі Дом культуры», а таксама структурнага падраздзялення «Дубровенскі клуб-бібліятэка»! Парася з бульбы, калдуны і зразы, піражкі з самымі рознымі начыннямі – на стале яблыку няма дзе было ўпасці. Дарэчы, і восеньскія дарункі садоў і агародаў таксама былі пададзены багата. Але пальма першынства па праве была аддадзена бульбе.

Дарэчы, сапраўдным бульбяным раем лічыцца ў нашым раёне дварышчанская зямля. Разабраўшыся з хатнімі клопатамі (выкапаўшы другі хлеб, спарадкаваўшы агародніну), мясцовыя працаўніцы займелі хвілінкі і для прыемных хатніх клопатаў, у тым ліку і кулінарных. Падчас кірмашу яны частавалі гледачоў вельмі смачнай старадаўняй стравай – гультаямі.

– Беларуская кухня вельмі шматгранная, – прэзентуе апетытныя стравы загадчыца Дварышчанскага Дома культуры Таццяна Рубава. – З даўніх часоў нам знаёмы кулеш, локшына, калдуны, ламанцы. А хто з вяскоўцаў не ведае крупнік або зацірку? Але асабліва разнастайныя ў Беларусі стравы з другога хлеба. Бульбяная бабка, камы, дранікі, калдуны, поліўка, тушанка. І вось сёння мы частуем нашых гасцей таксама вельмі духмянай стравай – гультаямі. Рэцэпт іх нескладаны, а якая смаката!

Бойка выступалі артысты розных Дамоў культуры, радуючы аўдыторыю народнымі песнямі. Хтосьці ім падпяваў, хтосьці падтанцоўваў. Але асабліва актыўны ўдзел у конкурсах і віктарынах прыняла дзетвара. Было бачна, як хлопчыкі і дзяўчынкі хвалююцца, жадаючы атрымаць як прыз духмяны дранік, кавалачак сальца або хатняй каўбаскі, салёныя агуркі, хатнія булачкі і піражкі з полымя з жару.

– Пра тое, што ў суботу адбудзецца такое добрае мерапрыемства, я прачытала ў «Лідскай газеце», – гаворыць удзячная глядачка Алена Вацлаваўна Крупеня. – Адразу для сябе вырашыла: абавязкова яго наведаю, бо на пенсіі асаблівых хатніх клопатаў няма, а жыць у адным рытме з горадам трэба. Адметнай асаблівасцю гэтага свята з'яўляецца вяртанне да нашых вытокаў. Гэта і звычаі, і абрады, і нават кухня. Паспрабавала вельмі шмат страў, за што вялікі дзякуй жанчынам з Мажэйкава, Ёдак, Дворышча, Тарнова і Дуброўні.

Не толькі кулінарным і творчым талентам было месца на кірмашы. Майстар-класы по саломапляценні, ткацтве прадэманстравалі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Кожны жадаючы мог таксама змалоць муку або сшыць сапраўдныя валёнкі. Госці кірмашу былі задаволены, і невыпадкова: яшчэ ў самым пачатку свята абяцала быць яркім і запамінальным!

IMG 1017

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться