Любіць Беларусь, як яе любіць «Бяседа» (фота)

04 Сентября 2015 3368

Набірае абароты канцэртны тур ансамбля народнай музыкі “Бяседа”. Пазаўчора адбылася другая сустрэча заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь з гледачамі. Яна прайшла ў Лідзе. Акцыя “Любіць Беларусь!”, у рамках якой і праходзяць выступленні, арганізавана пры ўдзеле тэлеканала “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі і Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

“Сама назва акцыі падказала рэпертуар для канцэртаў, гэта будуць выключна беларускамоўныя песні, – расказвае мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. – Рыхтаваліся да тура мы вельмі сур’ёзна. Першы канцэрт адбыўся ў Гродне, але там быў невялікі зал, тут жа мы вельмы давольныя пляцоўкай”.

У чацвер у Палацы культуры горада Ліды сапраўды быў аншлаг. Публіка з душой прымала выканаўцаў, а яны, у сваю чаргу, дарылі слухачам радасць сустрэчы з беларускай песняй. Са сцэны ліліся гукі народных і аўтарскіх песень у канцэртнай апрацоўцы. Музыцы папярэднічала віктарына для знаўцаў роднай мовы, якую правяла вядучая праграмы “Размаўляем па-беларуску” на тэлеканале “Беларусь 3” Алена Трацэнка. “Вядома, галоўная наша мэта – папулярызаваць штодзённае выкарыстанне беларускай мовы, – расказала яна перад мерапрыемствам. – Але будзе добра, калі нашы гледачы пасля такіх сустрэч проста пацягнуцца да кніжнай паліцы і прачытаюць кнігу па-беларуску”.

“Акцыя пройдзе ў 18-ці гарадах Беларусі і завершыцца 10 кастрычніка ў Мінску фінальным гала-канцэртам, – паясняе Сяргей Макарэй – намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 3”. – Мы прыедзем нават не ва ўсе абласныя цэнтры, але “Бяседа” выступіць у многіх маленькіх гарадах, нават аграгарадках. Бо мы хочам максімальна прыблізіць народную песню да простых людзей. У кожным горадзе будуць праводзіцца здыманні, вынікам якіх стане цыкл тэлепраграм”.

Паміж публікай і артыстамі з першых жа хвілін узнікла цёплая эмацыйная сувязь. Ззялі ўсмешкі і было горача ад апладысментаў. Успомніліся словы мастацкага кіраўніка калектыву: “Хочацца, каб нашу Радзіму і тых людзей, што тут жывуць і працуюць, усе любілі гэтак жа, як любіць “Бяседа”. 

2

2

2

2

2

2

2

111

2

2

2

2

2

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться