Прэмія імя Аляксандра Дубко ўручана лідчанам

21 Января 2015 2618

Культура – адна з тых сфер, дзейнасць у якой не дае эфекту хутка. Гэта своеасаблівая карпатлівая праца, якую немагчыма якасна выконваць без таленту і захаплення сваёй справай. Праца, што, як ніякая іншая, мае патрэбу ў ацэнцы. У пачатку новага года ў абласным цэнтры традыцыйна ўшаноўвалі лепшых прадстаўнікоў творчых прафесій. На Гродзеншчыне прэмія «За творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва» ўручаецца ўжо ў 15-ы раз і носіць імя яе заснавальніка – Аляксандра Дубко.

Адразу двое дзеячаў культуры Лідчыны сталі сёлета лаўрэатамі прэміі. 

Як лепшы кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву, узнагароду атрымаў кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля «Шкляры» ААТ «Шклозавод «Нёман» Андрэй Барыла (матэрыял аб ім чытайце пазней). 

У намінацыі «Лепшы клубны работнік» адзначана лідчанка, дырэктар Лідскага раённага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» Алена Шчэліна. Цікава, з якімі думкамі атрымлівалася ўзнагарода? «Званне лаўрэата прэміі – гэта высокая ацэнка не толькі маёй дзейнасці, але і дзейнасці ўсяго калектыву цэнтра рамёстваў, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Алена Валянцінаўна. – Гэта заслуга тых, хто сядзіць за кроснамі, лепіць з гліны, вядзе даследчую працу, спявае песні, выступае на канцэртных пляцоўках… Таму, ідучы на сцэну, я таксама думала і пра сваіх супрацоўнікаў, пра ўклад кожнага ў мой поспех».

Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» – установа клубнага тыпу. Тут практыкуюцца розныя формы работы, розныя спосабы перадачы сучаснікам набыткаў духоўнай і матэрыяльнай культуры нашых продкаў. І дзейнасць гэта ідзе паспяхова. Шмат у чым гэта асабістая заслуга кіраўніка.

IMG 0018

Алена Валянцінаўна па адукацыі педагог-мастак. У галіне культуры яна працуе з 2003 года. Пачынала сваю працоўную дзейнасць радавым настаўнікам малявання ў агульнаадукацыйнай школе. Цяпер Алена Шчэліна арганізуе дзейнасць невялікага творчага калектыву. У асабістым актыве маёй суразмоўцы ёсць падзячныя лісты, граматы, але лаўрэатам абласной прэміі яна стала ўпершыню.

Безумоўна, высокая ацэнка працы – добры стымул для далейшых творчых здзяйсненняў. Тым больш што задумак у Алены Валянцінаўны не злічыць. На маю прапанову падзяліцца імі суразмоўца з усмешкай адказвае: «А што пра планы размаўляць? іх трэба рэалізоўваць».

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться