У Лідскім замку гасцявала Каляда-Калядзіца (фота)

03 Января 2015 3214

У гэтым годзе калядны фэст, што праводзіўся на тэрыторыі Лідскага замка, атрымаўся нешматлюдным. Відаць, патэнцыйных наведвальнікаў свята спужала ветранае надвор’е. Таму многія вырашылі застацца ў святочны вечар пад цёплым дахам. Але нашыя продкі спрадвеку адзначалі Каляды разам, шумна і весела, у танцах і гульнях. Арганізатары праграмы падрыхтавалі забавы на любы густ. Так што тыя лідчане, хто ўсё ж такі вырашыў прыйсці на Каляды ў Лідскі замак, не пашкадавалі.

Распачалася праграма спектаклем па біблейскіх матывах «Свет зоркі». Разам з артыстамі раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці на сцэну выходзілі дзяўчаты-прыгажуні, удзельніцы конкурснай праграмы «Міс Лідчына-2014», а таксама супрацоўнікі Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра.

На змену рэлігійнай тэматыцы Божага Нараджэння прыйшлі народныя калядныя звычаі. На сцэну завіталі калядоўшчыкі. Нягледзячы на халоднае надвор’е, падчас іх выступлення ў замку было горача. Тут спявалі песні, жартавалі, разыгрывалі сцэнкі і частаваліся прысмакамі. Віншавалі гасцей свята нязменныя героі калядавання: каза, мядзведзь, цыганка, калядоўшчык з зоркай… Сумеснае выступленне калектываў творчай самадзейнасці Дзітвянскага, Бердаўскага і Ганчарскага дасугавых цэнтраў завяршылася агульным шырокім карагодам пад мелодыю песняроўскіх «Калядачак». Месца ў ім знайшлося і артыстам, і гледачам. На свята таксама завіталі Дзед Мароз і Снягурка. Іх з нецярпеннем чакалі дзеці.

1

Драматычныя падзеі п'есы «Цар Ірад» сабралі цесным колам гледачоў вакол тэатра-батлейкі. Традыцыйны беларускі вулічны тэатр, як і стагоддзі таму, выкарыстоўваючы мову лялечных рухаў, выклікаў захопленыя воклічы, радасць, усмешкі гледачоў. Спектакль быў падрыхтаваны раённым цэнтрам рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына».

2

Адразу каля ўваходу ў замкавы двор гасцям прапанавалі паваражыць на будучы год, накалядаваць сабе ласунак, праверыць свой спрыт і нават самаму падрыхтаваць калядны падарунак. Анастасія Сазонка далучылася да майстар-класа, арганізаванага Ходараўскім цэнтральным домам культуры. У яе дома стаіць упрыгожаная ёлачка, але зрабіць яшчэ адну, у падарунак сябрам, яна ахвотна згадзілася. «Стварыць выраб зусім няцяжка, калі ўсё дакладна паўтараеш за майстрам», – дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчына.

3

Аматарам музыкі таксама не прыйшлося сумаваць: на фэст быў запрошаны мінскі гурт «Pawа». Калектыў выконвае фолк-кампазіцыі ў адаптаваным да ўспрыняцця сучасным слухачом выглядзе. Трэба аддаць належнае музыкам: працаваць зімой, на адкрытым паветры, з аўтэнтычнымі інструментамі – справа амаль гераічная. Слухачы падтрымалі калектыў і амаль увесь канцэрт танчылі. «А ўся справа ў тым, што ў Лідзе ў нас ужо ёсць прыхільнікі, – тлумачыць саліст гурта, дудар і вакаліст Юрась Панкевіч. – Мы выступаем у вас не ў першы раз і абавязкова назначым наступную сустрэчу вашай публіцы падчас наступнага рыцарскага фэсту». «У мяне наогул асаблівае стаўленне да Ліды, – працягвае размову скрыпачка гурта Надзея Прадзько. – Тут адбылося маё дэбютнае выступленне на адным з першых рыцарскіх турніраў». Гледачы адказвалі гурту ўзаемнасцю, а кракавяк быў выкананы на біс, прычым танцавалі як музыкі, так і гледачы. Калі неба над замкам пацямнела, святочную атмасферу дапоўніла вогненнае шоу ад калектыву «Bazinga».

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

4

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться