Гатунак «Лідскае» – адраджэнне праз паўстагоддзя

28 Июня 2017 1918

Многія яшчэ памятаюць тыя часы, калі, адпраўляючыся ў госці ў Маскву ці Ленінград, прыхоплівалі з сабой у якасці каштоўнага прэзента кабачковую ікру беларускай вытворчасці (яна там лічылася дэлікатэсам) і (абавязкова!) некалькі бутэлек лідскага піва. Калі ведалі, што ехаў з Ліды і не прывёз мясцовага піва, нават крыўдзіліся. Бо гэты пенны напой у паўлітровых бутэльках з цёмна-зялёнага шкла, выраблены па ўнікальным рэцэпце на Лідскім піўзаводзе, быў сапраўды знакаміты на ўвесь Савецкі Саюз. Імёны стваральніц гатунку «Лідскае» – галоўнага півавара завода Марыі Галяевай і загадчыка лабараторыі Паліны Смірновай – былі, на жаль, не так шырока вядомыя. Хаця ў нашым горадзе легендарнага півавара Марыю Галяеву ведалі многія, аб ёй не раз пісала «Лідская газета», у тым ліку з ёй сустракалася аўтар гэтых радкоў. Яшчэ хочацца нагадаць, што ўпершыню гатунак «Лідскае» з’явіўся ў 1967 годзе, для яго прыгатавання закуплялі ячмень са 100-працэнтным прарастаннем у Францыі і Польшчы, а хмель прывозілі з Амерыкі і Украіны. Названы гатунак меў шчыльнасць 13 адсоткаў.

пиво

З той пары прайшло роўна паўстагоддзя, і лідскія півавары вырашылі аднавіць выпуск легендарнага напою. На ўсялякі выпадак варта адзначыць, што адноўлены гатунак не паўтарае адзін у адзін арыгінальнае «Лідскае», паколькі з цягам часу змянілася многае – тэхналогіі, абсталяванне, сыравіна. У тэхнолагаў, якія працуюць на заводзе зараз, атрымаўся свой рэцэпт – якім менавіта яны «ўбачылі» «Лідскае». У той жа час, што вельмі важна, рэцэпт распрацоўваўся на падставе даных аб сыравіне і тэхналогіях 60-х. Вось што аб гэтым, у прыватнасці, паведаміла менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва» Наталля Яфімкіна: «Сёння этыкетка і бутэлька новага гатунку візуальна паўтараюць арыгінальнае піва з 50-гадовай гісторыяй. Бутэлька таксама зроблена з тоўстага зялёнага шкла. На этыкетцы, справа, уверсе, размешчана эмблема ў выглядзе ладдзі з коласам – у адпаведнасці з арыгінальнай этыкеткай першых партый «Лідскага». Адноўлены гатунак – класічнае светлае піва, ён мае характэрныя соладавыя смак і водар, глыбокі саламяна-бурштынавы колер. У працэсе аднаўлення знакамітага гатунку быў задзейнічаны галоўны півавар завода Алег Малахаў, а ўвогуле ў ААТ «Лідскае піва» над гэтым працавала вялікая каманда, і кожны ўнёс у пачэсную справу важкі ўклад. Плануецца, што навінка будзе знаходзіцца ў продажы да канца гэтага года».

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться