У выставачнай зале Лідскага гістарычна-мастацкага музея праходзіла мерапрыемства, прысвечанае Калядам

09 Января 2018 2850

Хаджэнне калядоўшчыкаў, святочны міні-канцэрт, дзяленне аплаткай – усё гэта адбывалася ў мінулую пятніцу ў выставачнай зале Лідскага гістарычна-мастацкага музея, дзе праходзіла мерапрыемства, прысвечанае Калядам.

Навуковыя супрацоўнікі музея знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм работы з наведвальнікамі – і распрацоўваюць новыя крэатыўныя праекты. Гэтай зімой такім праектам стаў цыкл сустрэч “Музейныя зімнікі” (зімнік – гутарковая назва дарогі, па якой ездзяць толькі зімой; гэтай назвай работнікі ўстановы імкнуліся падкрэсліць, што ўсе дарогі зімовымі вечарамі вядуць у музей).

Кожны навуковы супрацоўнік арганізоўвае і праводзіць сваё цікавае мерапрыемства ў рамках згаданага праекта. Стартаваў праект напярэдадні калядных і навагодніх святаў адкрыццём вялікай выставы на навагоднюю тэму, арганізаванай старэйшым навуковым супрацоўнікам Таццянай Нікіфаравай. На базе гэтай выставы і будзе праходзіць цыкл сустрэч “Музейныя зімнікі”. Зімовыя сустрэчы ў музеі будуць праходзіць два разы ў месяц, праз пятніцу, пад вечар (пачатак – у 16 гадзін), на іх можа прыйсці любы жадаючы.

Адно з такіх мерапрыемстваў – “Адпачнём усе ад працы: у музеі – «Крэсавяцы»!” – адбылося ў мінулую пятніцу і было прысвечана Калядам. Праводзіў яго навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. Дарэчы, не толькі з вядомым народным ансамблем польскай песні “Крэсавяцы” сустрэліся ў тую пятніцу наведвальнікі музея. Але аб усім па парадку.

Спачатку арганізатар мерапрыемства Алесь Хітрун расказаў прысутным аб паходжанні святкавання Каляд, якое бярэ пачатак яшчэ з язычніцкіх часоў і звязана з культам бога сонца, з пачаткам новага вітка жыцця пасля зімовага сонцастаяння. У час Каляд па хатах ходзяць калядоўшчыкі, водзяць казу, якая сімвалізуе прыплод у гаспадарцы, багаты ўраджай, выганяе са двара нячыстую сілу.

У той вечар калядоўшчыкі завіталі ў выставачную залу музея – у ролі іх выступілі ўдзельніцы клуба народнай культуры “Сяброўкі”, які дзейнічае на базе аддзялення для пажылых людзей “Актыўнае даўгалецце” раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Каляда, Зараноша, Каза, Цыган, Мядзведзь і іншыя персанажы абраду калядавання парадавалі публіку каляднымі песнямі, танцамі, забавамі. “Калядная зорка жадае вам шчыра здароўя і шчасця, кахання і міру!” – казалі калядоўшчыкі на развітанне.

2

Аб тым, якое значэнне набылі Каляды з часоў прыняцця нашымі далёкімі продкамі хрысціянства, нагадалі прысутным удзельнікі ансамбля “Крэсавяцы”, якія выканалі духоўныя калядныя песні, або, як іх называюць па-польску, календы. Кожная такая песня была напоўнена цеплынёй, дабрынёй і радасцю – радасцю светлага Нараджэння Хрыстова. На некалькіх мовах прагучала вядомая “Ціхая ноч”, якую ў розных краінах выконваюць на свой лад (радзіма ж гэтай песні, як даведаліся слухачы, Аўстрыя).

3

Удзельніца ансамбля Ганна Комінч распавяла пра польскую калядную традыцыю дзялення аплаткай, а затым раздала аплаткі прысутным, каб тыя падзяліліся імі паміж сабой.

Пасля свайго выступлення ўдзельнікі “Крэсавяц” пажадалі ўсім здароўя, шчасця і Божага благаславення ў надышоўшым годзе.

Наступная сустрэча ў рамках праекта “Музейныя зімнікі” запланавана на 19 студзеня і будзе прысвечана Вадохрышчу.

4

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться