«Дарожка» прывяла дамоў… Ліду наведаў яе славуты ўраджэнец, лідар этна-гурта «Тройца» Іван Кірчук

08 Июня 2017 2688

Гэтая сустрэча мела месца не ў гэтым месяцы і нават не ў папярэднім, а значна раней. Але дата тут не важная, бо падзея не мае тэрміну даўнасці. Настолькі яна сенсацыйная з пункту гледжання – не пабаюся гэтага слова – гістарычнай важнасці для рэгіёна. Са сваёй аўтарскай праграмай – монаспектаклем “Дарожка мая…” – Ліду ўпершыню наведаў яе славуты ўраджэнец, вядомы беларускі кампазітар, выканаўца на народных музычных інструментах, лідар этна-гурта “Тройца” Іван Кірчук. Імпрэза адбылася ў невялічкай, але поўнай зале галерэі-майстэрні «GA11ERY».

Як бы мне хацелася ўпусціць вас, дарагія чытачы, ва ўспаміны таго вечара, даць хоць на імгненне свае вочы і вушы, каб вы гэтак жа, як я, пранікліся ўбачаным і пачутым. Бо расказваць пра тыя паўтары гадзіны спектакля – усё роўна што апісваць уражанні ад убачанага ўпершыню, напрыклад, мора, пачутага першага слова дзіцяці: эмоцый шмат, і ўсе яны ідуць ад сэрца, таму апісанню не паддаюцца. Але я паспрабую хоць бы трохі перадаць атмасферу монаспектакля “Дарожка мая…” Па-першае, праграма гэта выключна аўтарская, а таму ўнікальная. Іван Кірчук стварыў яе па матэрыялах беларускага фальклору. І яна ўяўляе сабой асаблівы сінтэз духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускай культуры, назапашанай больш чым за 30 год творчай дзейнасці майстра. Па-другое, “арсенал”, які выкарыстоўваўся падчас маналога аўтара, сапраўды ўражваў: струнныя, ударныя і духавыя інструменты, – не толькі назвы, але і знешні выгляд большасці з іх асабіста для мяне былі абсалютна новымі. Я разам з яшчэ прыкладна паўсотняй чалавек стала сведкай гучання нетыповых інструментаў, такіх як сібірскія гуслі і італьянскі гонг, чаны з Тыбета і Непала, разнастайныя дудкі, костка ваўка і капыткі коз – усё гэта стварала нейкую музычную магію.

929

19

Калі казаць пра саму праграму “Дарожка мая…”, то Іван Кірчук павёў нас, слухачоў, па дарожцы каляндарнага шляху жыцця чалавека. На гэтым шляху сустракаліся словы і гукі, простыя мелодыі, звяртанне да Бога, рытуалы ўсхвалення Вады, Агню і Зямлі – усё тое багацце, якім валодалі і якое пакінулі нам нашыя продкі. Таксама атрымалася пачуць фрагменты старадаўніх замоў, якія прагучалі на інтуітыўным разуменні. “Дакладна згадаць, як шапталі, прапявалі замовы знахары, немагчыма. Яны свае веды мала каму адкрылі”, – патлумачыў Іван Кірчук.

13

21

– Мая дарога да гэтага спектакля была доўгай, – у інтэрв’ю журналісту “Лідскай газеты” апавядае Іван Іванавіч. – Я працаваў над праграмай больш за 10 гадоў, шукаў матэрыял, які б дайшоў да слухача, быў бы зразумелы і цікавы. Так нарадзілася “Дарожка мая…” Гэтай праграмай хацеў бы звярнуць увагу людзей на свае карані, на продкаў. Бо без іх не было б нас. Не было б будучага.

34

Па вялікім рахунку распавядаць пра монаспектакль “Дарожка мая…” далей бессэнсоўна, яго трэба слухаць і глядзець. Але і кропку ставіць рана. Пасля паўтарагадзіннай праграмы адбылася амаль гадзінная гутарка з Іванам Іванавічам, падчас якой ён распавёў журналісту “Лідскай газеты”, чаму беларускі фальклор з’яўляецца лячэбным, чаму да гэтага майстар ні разу не выступаў у Лідзе і як скраў з царквы абраз…

Аб дзяцінстве

Нарадзіўся Іван Кірчук у 1958 годзе, пражываў па вуліцы Астроўскага, вучыўся ў 11-й школе і хацеў стаць мараком, каб паглядзець іншыя краіны. У прынцыпе, так і атрымалася. Толькі вось свет Кірчук праехаў не як марак, а як выканаўца. А вось пра тое, што ўсё жыццё ён будзе звязаны з музыкай, Кірчук у дзяцінстве нават падумаць не мог.

– У мяне абедзве сястры займаліся музыкай, – успамінае ён. – З раніцы да вечара яны выконвалі свае практыкаванні: адна – на акардэоне, другая – на цымбалах. Яны літаральна дасталі мяне сваімі гамамі (смяецца).

1024

У музыку ж Івана прывёў бацька, які сам па прафесіі быў інжынер-будаўнік. Адзін з яго аб'ектаў – Лідскае музвучылішча. “Я яго здаю, а ты ідзі вучыся”, – коратка сказаў ён мне. Так я і пайшоў, а што было рабіць? Займаўся акадэмічнымі спевамі, бо іншага не было”, – адзначае Іван Іванавіч.

А голас, трэба сказаць, Кірчук атрымаў у спадчыну ад бацькоў, якія, хоць і не былі прафесійнымі музыкамі, але каля сарака гадоў абодва спявалі ў хоры пры Фарным касцёле.

– І бацьку, і маці нават пазбаўлялі прэміі за тое, што яны верылі, – кажа майстар. – Але ад Бога яны не адракліся, мяне давялі да Яго. У бацькі брат быў ксяндзом, а бабуліны дзве сястры – манашкамі. Можа, калі б я не ведаў каталіцызм, то быў бы чыстым паганцам (смяецца): мне вельмі падабаюцца мелодыі, рытміка старадаўніх песень. Дарэчы, чаму я ўсё ж такі “ажаніўся” з музыкай, фальклор тлумачыць так: усё перадаецца праз пакаленне. Калі мае дзяды рабілі гармонікі, акардэоны і скрыпкі, то іх сын, мой бацька, музыкантам не будзе, а вось унук – абавязкова пяройме гэтае захапленне (так яно і сталася). Дзяды насілі доўгія бароды, бацька ж іх не любіў і заўсёды быў выгалены. Я ж бараду нашу, нават не уяўляю сябе без вусоў. Гэтак можна праглядзець усё нашае жыццё, знайсці шмат падобнага з продкамі.

26

Іван Кірчук згадаў сямейную традыцыю, якую збярог і працягвае. У дзяцінстве бацькі вазілі яго ў Вільнюс, у Востру Браму. У мінулым годзе Іван Іванавіч разам з жонкай вазіў туды ж свайго тады паўтарагадовага сына Стэфана. “Зараз у мяне ёсць яшчэ маленькая Агнешка, плануем яе ў гэтым годзе таксама адвезці ў Востру Браму”, – падзяліўся музыка.

Закрываючы тэму дзяцінства, Іван Кірчук распавёў, як ва ўзросце прыкладна 12 гадоў... скраў у царкве абраз.– Гэта адбылося ў Радзівонішках, дзе бацька правяраў школу, – расказвае Іван Іванавіч. – З сябрам мы залезлі ў разбураную царкву. На ёй не было звана, унутры – разруха, а ўвесь іканастас быў парэзаны нажом. На вочы мне трапіў абраз Маткі Боскай з Хрыстом – ён таксама быў парэзаны. Але я зняў яго і прынёс дамоў. Баяўся, што ўляціць (усё-такі крадзеж!), але бабуля супакоіла і сказала, што я яго збярог, а таму трэба купіць рамку і павесіць дома (нагадаю, мы былі каталікамі). 27 гадоў я хаваў абраз у сябе. Розныя святары прасілі прадаць яго або вымяняць на штосьці іншае, але я не згаджаўся. А калі ў Радзівонішках ізноў адкрылі царкву, я вярнуў абраз. Памятаю, выйшаў з цягніка з Маці Божай у руках – мароз, вецер, а калі пакідаў сцены царквы, выглянула сонца. Значыць, я ўсё зрабіў правільна! Святара тады не было, але я пакінуў запіску з падрабязнай гісторыяй таго, хто я і як ікона апынулася ў мяне. Некалькі гадоў таму я зазірнуў у гэтую царкву. Прыемна, што абраз вісіць на сваім месцы.

15

Аб музыцы

Фальклор у Кірчука пачаў “прабівацца” прыкладна ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Менавіта тады ён пачуў ансамбль Пакроўскага і зразумеў: яно! Затым былі вучоба на народным аддзяленні Беларускага ўніверсітэта культуры, аспірантура ў Інстытуце мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, праца выкладчыкам на кафедры этнаграфіі і этналогіі БДПУ ім. М. Танка, напісанне кніг і шмат чаго яшчэ.

Усімі вядомы гурт «Тройца», які выконваў фолк-ф'южн на аснове старадаўняга беларускага музычнага фальклору, Кірчук заснаваў у 1995 годзе. У 1999 склад калектыву змяніўся і да назвы дадалася прыстаўка «этна-трыа». “Тройца” ўдзельнічала больш чым у 100 міжнародных фестывалях, ад Малайзіі да Партугаліі, а ў мінулым годзе была ў Чылі. Гурт збіраў у залах і па 36 тысяч слухачоў!

1817

– Беларускі фальклор вельмі філасофскі, – упэўнены Іван Кірчук. – Бывае, на сваіх канцэртах для замежных слухачоў мы робім пераклад тэкстаў песень. І людзі здзіўляюцца, што нашыя продкі задаваліся такімі пытаннямі, што былі надзелены найвялікшай жыццёвай мудрасцю.

Каб зберагчы і памножыць гэтае багацце, Іван Кірчук правёў не адну, а сотні фальклорна-этнаграфічных экспедыцый па ўсёй краіне. – Я мог гадзінамі слухаць аўтэнтычныя спевы этнографаў і фалькларыстаў, не выходзячы з хаты, – згадвае славуты лідчанін. – Было такое, што я забываўся пра ежу. Лепшыя тэкставыя і меладычныя ўзоры я адбіраў і пасля выкарыстоўваў у вучэбных праграмах. З цягам часу я пачаў глыбей разумець падтэксты, якія захаваны ў простых мелодыях, словах. Мяне захапляла магія светаўспрымання продкаў. Так з’явіліся новыя эксперыментальныя сцэнарыі. Адзін з іх – “Дарожка мая…”

16

Каб быць здаровым, трэба слухаць беларускі фальклор, упэўнены Кірчук. І тлумачыць: “У Маскве ёсць Інстытут нетрадыцыйнай медыцыны, які з дапамогай спецыяльнай апаратуры вывучае лячэбны ўплыў спеваў, танцаў і нават вершаў на здароўе чалавека. Дык вось, аднойчы я быў запрошаны ў гэты інстытут як выканаўца палескіх песень і музыка. І навукоўцы прыйшлі да высновы, што гучанне палескіх мелодый вельмі карысна для чалавека. Я вам больш скажу: гэтыя медыкі нават вывозяць людзей з Масквы на Палессе, дзе лечаць іх мясцовымі песнямі і ежай. Вось ён, беларускі фальклор! І вось як яно бывае: мы сваё не ведаем і сваім не карыстаемся, а хтосьці на нас яшчэ зарабляе”.

У завяршэнне размовы пра музыку Іван Кірчук з болем у голасе адзначыў, што фальклор знікае, што ўсё менш жадаючых ім займацца. На 10-мільённую Беларусь такіх гуртаў і выканаўцаў можна пералічыць па пальцах. У нас у Лідзе ёсць такі самародак – Аляксандр Блахін, які сам робіць музычныя інструменты. У запісе альбома “Сон-трава” этна-трыа “Тройца” гучыць яго жалейка-чаротка.

14

– Сёння папулярна гаварыць аб адраджэнні беларускай культуры і традыцый, – выказаў свой пункт гледжання Кірчук. – Але я з такой фармуліроўкай не згодны: мы не адраджаем, а змяняем, бо ўносім элементы сучаснасці, відовішчнасці, тым самым парушаем традыцыі. Але я разумею, чаму так адбываецца, і справа не ў людзях, а ў абставінах. Напрыклад, мы са сваім гуртам адну песню ў якой-небудзь вёсачцы можам запісваць нават год – раскладаем яе на розныя галасы, стараемся ўлавіць і зразумець матыў, – у дзяржаўных работнікаў культуры такой магчымасці няма.

Аб малой радзіме

У Івана Кірчука ёсць любімае месца, праўда, не ў самой Лідзе. Мама некалі падарыла яму хатку на станцыі “Курган”. “Я тады ўпершыню адчуў сябе гаспадаром. Для мяне гэтае месца святое, бо іншай зямлі ў мяне няма, – адзначыў музыка. – Я і сёння, як выпадае час, адразу еду туды. На жаль, у Лідзе зараз не бываю, бо ў мінулым годзе мама адышла… А раней я тут быў частым госцем. Мама збірала травы, а я ёй дапамагаў. Памятаю, усё прасіла знайсці яшчэ торбачку капыценя, бо шмат для лячэння ад алкагалізму прасілі (смяецца)”.

1112

На пытанне, як так сталася, што ў яго не было ні аднаго выступу ў родным горадзе, Кірчук патлумачыў, што шмат гадоў таму выступаў аднойчы са студэнцкім калектывам “Дзіва” ў музвучылішчы. Некалькі разоў арганізатары байкерскага фестывалю і Лідскі замак дамаўляліся наконт выступу гурта “Тройца”, але, на жаль, так і не склалася. Хаця і хацелася, каб тата і мама пачулі сына тут, на радзіме.

– Ёсць тэхнічны райдар, і ў “Тройцы” ён вельмі складаны, – дадаў Кірчук. – Наш гурт падчас канцэрта часам выкарыстоўвае да 40 розных інструментаў, прычым толькі барабан патрабуе ажно 9 мікрафонаў! Таму не можам іграць на “салянках”, не выступаем пад фанаграму, і таму, магчыма, нас сюды не запрашаюць. І мне вельмі прыемна, што знайшліся энтузіясты ў Лідзе, якія адшукалі магчымасць і запрасілі мяне з монаспектаклем, які не патрабуе асаблівых умоў, на радзіму. Я з радасцю пагадзіўся і зраблю гэта зноў.

Аб самым каштоўным уроку, які паднесла жыццё

Іван Кірчук раіць усім вывучаць свой род, прычым рабіць гэта ўжо цяпер, не адкладаючы на потым. Таму што гэтага “потым” можа і не быць. “Калі я збіраю фальклор, у мяне ком да горла падступае, – тлумачыць Іван Іванавіч. – Таму што мая мама таксама спявала, але я знайшоў час запісаць яе спевы толькі тры гады назад, калі з 14 дзяцей дзеда Томаша засталося толькі двое: яна і хросная маці. А трэба было рабіць гэта значна раней! Таму заўсёды на сваіх імпрэзах я кажу: людзі, не губляйце час, пакуль побач вашыя цёткі, бабулі, спытайцеся, як яны жылі, што думалі, якіх традыцый прытрымліваліся. Таму што тая мудрасць, якая захавана ў фальклоры, вечная і на ўсе часы! А ў гісторыі свайго роду вы знойдзеце шмат адказаў на свае пытанні!”

3323

32

35

3427

30

31

8

5

736

38

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться