На поўнач ад замка – аўтавакзалы Ліды

16 Июня 2016 2699

Ад пачатку з’яўлення міжгародніх аўтобусных камунікацый у 1920-х гг. месцам прыпынку аўтобусаў у Лідзе была плошча Славы каля Фарнага касцёла, у самым цэнтры горада – месцы, недалёка ад якога знаходзіліся гарадскія ўлады, крамы і гатэлі. У кастрычніку 1930 г. газета “Навагрудскі кур’ер” пісала: “На аўтобуснай станцыі ў Лідзе няма не толькі хоць нейкай будкі, але нават і добрай шыльды. А рух тут немалы, бывае і да 5 аўтобусаў у гадзіну”.

Хутка каля Фарнага касцёла пабудавалі аўтазапраўку і розныя гандлёвыя кіёскі. Лаўкі сярод кветнікаў выконвалі ролю месца чакання. Гараджане прызвычаіліся да таго, што плошча Славы была месцам прыпынку аўтобуса. Здавалася б, не трэба нешта мяняць, але гарадскія ўлады ў 1936 г. вырашылі перанесці месца прыпынку міжгародніх аўтобусаў на гарадскі рынак (сучасная цэнтральная плошча). З-за гэтага людзі пачалі дарэмна траціць час, а аўтобус на 22 месцы (у той час самы вялікі) на малой рыначнай плошчы нават не мог развярнуцца. Адбылося некалькі здарэнняў: аўтобус сутыкнуўся з фурманкай, з іншым аўтобусам, былі вывернутыя гандлёвыя рады і г. д. З улікам таго, што за дзень прыходзіла і адпраўлялася ў рэйсы шмат машын, усё гэта стварала невыносныя ўмовы на рынку. Управы ўсіх аўтобусных суполак (арганізацый, якія займаліся міжгароднімі перавозкамі пасажыраў) падпісалі петыцыю да гарадскіх уладаў з прапановай вярнуць прыпынак аўтобусаў на старое месца, але ўлады адмовіліся. Таму петыцыю пераслалі прэм'ер-міністру, пасля чаго аўтастанцыя была вернута на плошчу Славы. Улетку 1937 г. гарадскую аўтобусную станцыю каля Фарнага касцёла абсталявалі па-новаму: «Гарадскія ўлады разам з аўтобуснымі суполкамі ўпарадкавалі аўтобусную станцыю. Праз Ліду праходзяць сем міжгародніх аўтобусных ліній. Для кожнай лініі, як у Вільні, усталявана адмысловая табліца. У будучым гарадскія ўлады плануюць пабудаваць пачакальню для пасажыраў». Праз некалькі тыдняў на міжгародняй аўтобуснай станцыі адчынілася паштова-тэлеграфнае аддзяленне.

Да 1938 г. на гэтым месцы была пабудавана аўтастанцыя. Прэса пісала: «У Лідзе пабудавана адмысловая аўтастанцыя, на якой спыняюцца агромністыя аўтобусы. Кожны дзень аўтастанцыя прымае 60 аўтобусаў. Аўтобусны рух пачынаецца з рання і заканчваецца толькі ў 20.30. Зараз дзень кароткі, аўтастанцыя не мае электрычнага асвятлення і таму разам з усім горадам пагружаецца ў цемру. Тыя электрычныя ліхтары, якія ўсё ж свецяць у горадзе, маюць такія слабыя лямпы, што за 10 крокаў ад слупа ўжо цёмна».

У 1935 г. у Лідзе быў створаны аўтобусны кааператыў “Лідзянка”, які спачатку валодаў адным аўтобусам. Лідская аўтобусная суполка вырашыла пачаць пабудову па-сучаснаму абсталяванага гаража на 20 боксаў з механічнымі варштатамі, складамі, памяшканнямі для абслугоўваючага персаналу і душавымі.

01

Аўтобусны прыпынак каля Фарнага касцёла, 1930-я гг.

Напрыканцы 1936 г. у Лідскім павеце было 27 асабістых аўтамабіляў, 4 грузавыя аўтамабілі, 6 аўтобусаў, 28 матацыклаў – разам 65 механічных транспартных сродкаў: «Ступень матарызацыі Лідскага павета ў Навагрудскім ваяводстве знаходзіцца на другім месцы, першае месца займае Баранавіцкі павет, які мае 95 механічных транспартных сродкаў, на апошнім месцы – Стаўпецкі павет, дзе ёсць толькі 16 машын (з іх 5 матацыклаў)».

Транспарту было няшмат, і ўдзельнікі дарожнага руху не мелі добрай падрыхтоўкі. Яшчэ 31 жніўня 1929 г. у Лідзе, па вуліцы Вызвалення (сучасная Калініна), аўтобус № 79111 “Ліда – Іўе”, якім кіраваў Уладзіслаў Шымчак, на хуткасці 40 км/г урэзаўся ў дрэва. Аўтобус быў перапоўнены пасажырамі, але абышлося без няшчасных выпадкаў – толькі адна асоба страціла зуб.

Кантролю паліцыі за дарожным рухам амаль што не было, і каб палепшыць бяспеку руху, у ліпені 1937 г. у павеце было праведзена (магчыма, першы раз) адмысловае мерапрыемства: «Калі вы ездзілі аўтамабілем на нашых дарогах, дык ведаеце, ... як ігнаруюць усе правілы дарожнага руху вясковыя вазы. Таму з поўным разуменнем мы аднесліся да акцыі Лідскага староства (кіраўніцтва павета. – Л. Л.), якое звярнула пільную ўвагу на ўпарадкаванне руху на публічных дарогах. 12 ліпеня на галоўных дарогах каля Ліды была арганізавана аблава на «карсараў дарог», кіраваў аблавай сам стараста Міклашэўскі. Рэферэнт бяспекі ў старостве маёр Арлоўскі, павятовы інжынер Дамброўскі, кіраўнік камісарыята паліцыі Акаловіч на працягу некалькіх гадзін кантралявалі рух фурманак і аўтатранспарту на публічных дарогах. У выніку за парушэнні яны пакаралі 145 чалавек (за парушэнні правіл руху, адсутнасць нумароў, няправільную вупраж каня і г. д.). Таксама былі пакараны 40 шафёраў перапоўненых аўтобусаў».

02

Аўтобус “Беліца – Эйшышкі” на запраўцы, 1930-я гг.

Тым не менш дысцыпліна шафёраў аўтобусаў была не на належным узроўні. Калі ў жніўні 1937 г. камісар лідскай паліцыі Е. Акаловіч, апрануты ў цывільнае адзенне, ехаў на матацыкле па шашы Ліда – Гродна, на восьмым кіламетры ад Ліды ён пачаў абганяць аўтобус «Ліда – Сабакінцы». Аўтобус узяў управа, прапускаючы на вузкай дарозе матацыкліста, але калі матацыкл параўняўся з аўтобусам, шафёр аўтобуса прыняў улева і выпхнуў матацыкл у роў. У апошні момант камісар паліцыі саскочыў з матацыкла, і, магчыма, гэта ўратавала яму жыццё, ён толькі зламаў нагу. Шафёр аўтобуса, імя якога не паведамлялася ў прэсе, прыйшоў да камісара паліцыі ў бальніцу і прасіў яго не караць, бо ён «не пазнаў у матацыклісце камісара паліцыі». З размовы камісар даведаўся, што шафёр наўмысна сапхнуў яго з дарогі і лічыў сябе вінаватым толькі ў тым, што не пазнаў начальства...

Не дзіва, што практычна на тым жа месцы (бліжэй да замка) у пачатку 1950-х гг. быў адноўлены аўтавакзал. Лідчанка Ларыса Канчэўская ўспамінае: “Праўда, які гэта быў аўтавакзал? Так, магутны цагляны навес з касай. Там сядзець можна было толькі на ўласным багажы. Ну, можа быць, стаялі ля задняй глухой сцяны дзве паркавыя лаўкі. А вакол натоўпы беспрытульных людзей, якія чакаюць ад'езду, продажу квіткоў, перасадак, сярод дзясятка аўтобусаў, што стаялі, скасабочыўшыся, стомленыя, брудныя, каля смярдзючага сарціра на чатыры месцы (два «Ж» і два «М»). Не падумайце, што я іранізую. Гэта былі звыклыя рэаліі нашага часу пасля разбуральнай вайны. Аўтавакзал быў акурат на горцы, на якой зараз знаходзіцца астравок нашага калязамкавага скверыка, які паволі пачалі закладваць у канцы сямідзясятых гадоў ХХ стагоддзя... І над усім гэтым морам народу гучаў неразборлівы голас дыктара-дыспетчара: «Паважаныя грамадзяне пасажыры! Аўтобус “Ліда – Табала” адпраўляецца ў 12 гадзін 42 хвіліны». Пра месца не згадвалася. Аўтобусы рыпелі і кракталі, перагружаныя людзьмі і багажом. Але гэтыя ж людзі яшчэ нядаўна пакорліва пераадольвалі дзясяткі кіламетраў пешшу. А тут – такая зручнасць! Да 1961-1962 гадоў вакзал ператварылі ў аднапавярховы будынак з дыспетчарскай, буфетам, бытоўкай для вадзіцеляў, пячным ацяпленнем». Гэты, ужо трохі павялічаны, аўтавакзал каля замка памятаю і я. Захаваліся і яго фотаздымкі.

Каля 1970 г. быў пабудаваны сучасны вялікі аўтавакзал са шкла і бетону, які пасля грунтоўнай рэканструкцыі 2010 г. служыць нам і зараз.

0304

Аўтавакзал паміж замкам і Фарным касцёлам, 1960-я гг.

Текст: Леанід Лаўрэш.Леанід Лаўрэш.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться