Вернікі з Ліды здзейснілі пілігрымку па касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі

22 Мая 2016 2794

Пілігрымкай па касцёлах вобласці адзначылі вернікі з Ліды 25-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі. 9 мая работнікі службы аховы здароўя, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншыя жыхары нашага горада – у цэлым 80 чалавек – наведалі касцёлы ў Ліпнішках, Іўі, Трабах, Гальшанах, Барунах, Ашмянах, Гудагаі, Астраўцы, Варнянах, Міхалішках і Гярвятах.

Як расказаў журналісту “Лідскай газеты” арганізатар – ксёндз-капелан Юрый Бяганскі, – падчас візіту ў святыя месцы ўдзельнікі рэлігійнай экскурсіі знаёміліся з гісторыяй іх стварэння, развіцця, а таксама з гісторыяй дыяцэзіі ў цэлым.

Кульмінацыяй пілігрымкі стала Эўхарыстыя ў касцёле ў Гярвятах. У гаміліі святар з нагоды Года міласэрнасці заахвоціў вернікаў любіць Бога і людзей словамі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча: “Будзем прабачаць адзін аднаму і акажам узаемную любоў, асабліва людзям, з якімі найбольш цяжка паяднацца. Працягнем першымі руку да згоды! Будзем усе апосталамі Божай міласэрнасці!”

Падчас пілігрымкі лідчане атрымалі поўны адпуст, наведаўшы касцёлы, у якіх ёсць Брамы Міласэрнасці, – санктуарыі Маці Божай у Барунах і Гудагаі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться