Лiда ад пачатку Першай сусветнай вайны да нямецкай акупацыi праз прызму тагачаснай прэсы

24 Ноября 2014 3412

У №84 «Лідскай газеты» за 29 ліпеня публікаваўся матэрыял Леаніда Лаўрэша, дзе расказвалася, як на нашым горадзе адбіўся пачатак Першай сусветнай вайны. Прапаноўваем увазе чытача працяг – падборку вытрымак з тагачаснай прэсы аб жыцці горада ў першы год вайны.

***Адметнай з’явай той вайны быў «сухі закон». У 1914 годзе, да пачатку Першай сусветнай, быў выдадзены царскі ўказ аб забароне вытворчасці і продажу ўсіх відаў алкагольнай прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Расіі. Гандаль алкагольнымі вырабамі быў спынены 1 жніўня (19 ліпеня па старым стылі) – на час мабілізацыі, а ў канцы жніўня – на ўвесь час вайны. Моцныя алкагольныя напоі прадавалі толькі ў рэстаранах. У адказ на гэты ўказ з’явіліся шматлікія спробы абыходу, але сярэдняе спажыванне алкаголю на чалавека знізілася больш чым у дзесяць разоў, і, дарэчы, толькі ў 1960-х гадах яно дасягнула ўзроўню 1913 года.

Газета “Наша Ніва” паведамляла, што ў нашым рэгіёне камандуючы 1-й арміяй генерал Рэненкампф «ад 1 жніўня забараніў ва ўсёй Віленскай губерні тайны і яўны продаж гарэлкі, віна, піва і інш. ...хто парушыць, той, акрамя штрафу да 3 000 рублёў або адсідкі у турме ці крэпасці на тры месяцы, будзе выселены з Віленскай губерні, а шынкі, якія парушылі... будуць закрывацца».

Разам са станоўчымі вынікамі «сухога закону» адразу з’явіліся і адмоўныя: таемнае самагонаварэнне, спажыванне сурагатаў і атручванне імі, парушэнне закону і тайны продаж алкаголю. 10 верасня газета «Беларус» аб’явіла: «Ліда. Камандуючы арміяй аштрафаваў на 1 000 рублёў тутэйшага жыдка Нохіма Левінзона за продаж алкагольных напояў салдатам». Праз тыдзень затрымалі яшчэ аднаго гандляра моцнымі напоямі: «У Лідзе губернатар аштрафаваў гаспадара піўной П. Дварэцкага на 1 000 руб., або 3 месяцы арышту, а піўную закрыў».

У канцы лістапада прэса паведаміла пра забарону «продажу піва да канца вайны ў губернях, дзе аб’яўлена ваеннае становішча. Уладары піўных падаюць прашэнні адчыніць чайныя або сталовыя».

***

10 і 13 верасня нямецкі дырыжабль Z-12 скінуў на чыгуначную станцыю Ліда і суседнюю Вілейку 4 000 кг бомбаў.

Першы пажар ваеннага часу ў горадзе адбыўся ў кастрычніку. Прэса пісала: «Ліда. Тут нядаўна быў пажар, у якім згарэлі два дамы Тубялевіча і адзін Г. Брэма, шкода на 20 000 рублёў». А ў пачатку красавіка 1915 года газета «Беларус» паведаміла, што «апошнімі днямі з невядомай прычыны зрабіўся пажар, які цалкам знішчыў драўляны дом Захара Пупко».

2ist

Войскі перад Паўночным гарадком.

***

Нягледзячы на вайну, жыццё працягвалася. Увосень 1914 года «пры тутэйшай гімназіі для хлопцаў з дазволу міністэрства асветы адкрыты падрыхтоўчы клас. За навуку ў гэтым класе трэба плаціць 50 р. Прымаюцца хлопцы ад 8-мі да 10-ці гадоў». А ўвесну 1915-га Лідская «мясцовая ўправа ўстанавіла 4 стыпендыі для бедных вучняў родам з Ліды без розніцы веры».

***

Падчас вайны заўжды ўзрастае злачыннасць. У снежні 1914 года «абакралі... краму купца Кагана, з якой выцягнулі розных мануфактурных тавараў (аксаміт, паркаль і інш.) на тысячы рублёў. Злодзеяў не злавілі». А ў пачатку 1915 года газеты паведамілі: «Ліда. Адсюль уцёк банкір Янушкевіч, зрабіўшы на мільён рублёў даўгі. Пра гэта піша «Утро России». Праз месяц арыштавалі начальніка лідскай турмы: «Ліда. Начальнік лідскай турмы С. Пяткевіч абвінавачаны за прысваенне сабе 824 рублёў 96 капеек, з якіх частка прызначана была на прыбаўку жалавання наглядчыкам, частка належала арыштантам, а частка з прададзенай мукі, якая павінна была ісці арыштантам. Справу будзе разбіраць віленская судовая палата, а тым часам начальніка турмы пасадзілі ў турму».

***

Увесну 1915 года газеты паведамляюць пра захворванне плямістым тыфам: «Як паведамляе “Віленскі веснік”, ...у Лідскім павеце пачаў шырыцца плямісты тыф, які хоць і не мае эпідэмічнага характару, але ўсё ж такі лічба захварэўшых на тыф ... ад 30 да 50 душ». Для барацьбы з тыфам, на дапамогу лідскім лекарам «з Вільні ... накіравана два ўрачы з ліку сувальскіх на змаганне з хваробай».

3ist

Войскі перад Паўночным гарадком.

***

Улетку 1915 года Ліда стала прыфрантавым горадам.

Па дзённіку вайны часопіса “Природа и люди” мы можам прасачыць ход ваенных дзеянняў перад акупацыяй нашага горада.

У пачатку верасня моцныя баі ішлі на захад ад Ліды – каля Лядска, Дэмбрава. У ноч з 4 на 5 верасня расійскі 1-ы Сібірскі корпус быў выбіты з пазіцый каля Шчучына, і ў 11 гадзін раніцы 5 верасня нямецкія войскі ўвайшлі ў гэта мястэчка.

19 верасня баі ішлі ўжо пад Лідай. Афіцыйныя зводкі паведамлялі, што зацятыя баі ішлі таксама пад Вільняй, прычым праціўнік ужо ўрываўся ў горад, немцы цяснілі рускія войскі ў раёне Радуні.

20 верасня шматлікія атакі праціўніка на фронце на захад ад участка чыгункі Беняконі-Ліда “адбіваюцца з вялікімі стратамі для праціўніка”, у некалькіх месцах “сярэдняй Віліі і ў раёне горада Вільні атрады германцаў перапраўляюцца на левы бераг ракі”.21 верасня страчана Вільня, расійскія войскі “трошкі адсунуліся на ўсход”.

22 верасня на ўсход ад Вільні баі працягваюцца. На фронце Беняконі-Ліда і ў “раёне р. Моўчадзь (на ўсход ад р. Шчара) нязначныя сутыкненні”.

23 верасня зводка паведамляла, што ўжо на “ўсход ад Ліды непрыяцель пераправіўся праз Гаўю, але зноў адкінуты на правы бераг”.

Такім чынам, можна меркаваць, што немцы ўвайшлі ў Ліду 22 верасня 1915 г.

24 верасня “ў раёне Смаргоні, на паўднёвы ўсход ад Вільні, і ў раёне на ўсход ад Ліды ідуць паўсюдныя баі, якія дасягаюць вялікага напружання”.

25 верасня ў раёне Ашмян і на поўдзень, а таксама ў раёне Ліда-Моўчадзь ідуць зацятыя баі.

Пасля гэтых баёў Стаўка расійскага вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться