Шлях Максіма Гарэцкага ляжаў і праз Ліду

31 Мая 2018 2119

1ГАРЭЦКИДаследаваць свой родны кут, свой край, у якім нарадзіўся, лічу галоўным сваім абавязкам. Чаму? Адказаць складана. Можа, па той прычыне, што душой прыкіпеў да сваёй радзімы? Можа, таму, што ведаю, якія шляхі яна прайшла і якія перашкоды пераадолела, каб мы сёння былі шчаслівыя? Нездарма ёсць такое выказванне: “Мілы той куток, дзе перарэзаны твой пупок”.

Кожны раз, калі атрымліваю якія-небудзь новыя веды пра маю малую радзіму – аграгарадок Крупава – ці пра горад Ліду, уцягваюся ў краязнаўчую дзейнасць усё глыбей і глыбей, каб адшукаць тое, што яшчэ мала кім вызначана. Няхай сабе гэты скарб ужо і вядомы камусьці, але ж знаходжанне яго самім, без чыёйсьці дапамогі, выклікае невыказную асалоду і яшчэ большую цікавасць да краязнаўства.

Ужо не першы год мне даводзіцца ўзначальваць літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, працаваць навуковым супрацоўнікам у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі – яго літаратурным аддзеле (доме паэта Валянціна Таўлая). Лідчына – гэта літаратурны край. Так-так, спрачацца няма сэнсу! Вядома звыш 500 паэтаў і пісьменнікаў, чые жыццёвыя шляхі так ці інакш звязаны з Лідчынай. Гэта тыя, якія хоць і адышлі ад нас, але пакінулі адметны след; гэта тыя творцы, якія вымушаны былі пакінуць нашы мясціны, але нарадзіліся тут; гэта тыя, хто да гэтай пары радуе чытачоў, слухачоў сваімі творамі.

Адзначу, што свой пачатак літаратурная Лідчына бярэ з канца XVI стагоддзя, калі лідскі стараста Ян Абрамовіч (? – 19.04.1602) у 1598 годзе выдаў у Вільні евангелістычны “Катэхізіс”, у якім змяшчаецца 300 рэлігійных песень. Як бачна, літаратура прайшла праз шматгадовую шліфоўку. У свой час на Лідчыне пабывалі, прыпыняліся, праязджалі праз наш край асобы, вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Праз Ліду праязджаў вядомы паэт Аляксандр Блок; тут, у лідскім краі, бываў і сваяк класіка рускай літаратуры Аляксандра Пушкіна Сяргей Львовіч Пушкін; тут працаваў на чыгунцы беларускі пісьменнік Карусь Каганец; тут нарадзілася Цётка; тут настаўнічаў Францішак Багушэвіч. Тут дырэктарам цвіковага завода быў Уладзімір Корбан, тут жыла Ніна Тарас, жыў і працаваў у газеце “Уперад” Валянцін Таўлай. Тут значны след пакінулі Ігнацій Дамейка, Янка Купала; з зямлёй лідскай звязана Марыся Ямант – нарачоная Кастуся Каліноўскага. Тут нарадзілася першая беларускамоўная паэтэса Адэля з Устроні… З Лідчыны родам Хрысціна Лялько, Данута Бічэль, Ірына Багдановіч, Віктар Праўдзін, Уладзімір Клімовіч і інш.

Так, праз лідскі край пракладзены шляхі-дарогі шматлікіх дзеячаў культуры, у тым ліку беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага. Яго жыццё было кароткім і абарвалася ў час росквіту творчых сіл, жыццёвая сцяжына яго была не роўнай, а пакручастай, на ёй найчасцей сустракаліся цяжкасці, перашкоды. Нягледзячы на гэта, творца застаўся самім сабой, не здрадзіў свайму пісьменніцкаму і чалавечаму шляху. Як заўважылі даследчыкі, выбар Гарэцкага быў беспамылковы, бо ў сваіх памкненнях і ўчынках ён кіраваўся высокімі прынцыпамі гуманізму, ідэяй праўды, дабра і справядлівасці.

З гісторыі беларускай літаратуры вядома, што Максім Гарэцкі быў знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Сёння ён – агульнапрызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Сваё кароткае жыццё Гарэцкі прысвяціў высакароднай справе духоўнага адраджэння роднай краіны, выхаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў. На радзіме Максіма Гарэцкага (у вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне) створаны музей. Яго імем названы бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціслаўлі, Горках. У Мінску і Вязьме класіку беларускай літаратуры пастаўлены помнікі. Вобраз Максіма Гарэцкага ўвасоблены ў дакументальных стужках. Яго творчасць знаходзіцца пад пільнай увагай літаратуразнаўцаў. Рэгулярна арганізуюцца гарэцкія чытанні, выдаецца яго творчая спадчына. З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

Ваенныя падзеі (Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, жорсткія баі, раненні, лячэнне ў шпіталі пад наглядам Алаізы Пашкевіч (Цёткі)), якімі адзначыўся яго шлях праз Вільню, беларускія гарады і вёскі, тэрыторыю тагачаснай Расійскай імперыі, удала адлюстраваны пісьменнікам у шматлікіх творах. Не будзем спыняцца на іх, паколькі літаратурная спадчына яго багатая і вядомая з навучальнай праграмы.

Трэба адзначыць, што сёлета споўнілася 125 год з дня нараджэння Максіма Гарэцкага (нарадзіўся 18 лютага 1893 года). Тое, што яго жыццёвы шлях прайшоў і праз Лідчыну, ён адзначыў у сваім галоўным і вядомым нам рамане-эпапеі, кнізе-аўтабіяграфіі “Камароўская хроніка”.

2----Камароўская-хроніка

Фрагмент рукапісу «Камароўскай хронікі». Аўтограф. 1930-я гады.(Асабісты архіў пісьменніка захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 7 і складаецца з 119 адзінак захавання. Рукапісы пісьменніка можна таксама ўбачыць у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.)

У трэцяй частцы пісьменнікам адзначаны 1920 год. Да гэтага года, паводле захаваных звестак з “Пракаповага дзённіка”, адносяцца запісы аб мясцінах Гродзеншчыны. Перадаю ў арыгінале, але ў скарочаным выглядзе.

  • “17 ліпня. 7 г. раніцы, выехалі ў дарогу, у кірунку на м. Варняны, Астравец. Начавалі ў панскім двары Каменка. Тут багаты панскі палац, багатая мэбля, добрая скура, чырвонаармейцы яе здзіралі, валяліся кніжкі з багатае бібліятэкі. Тут касцёл ці царква. Сяляне маліліся богу. Адносіны з сялянамі былі добрыя.
  • У аднэй вёсцы былі настаўнікі, якія ведаюць Кузьму… Яны пачулі прозвішча і з гэтага даведаліся, што я Кузьмоў брат. Ад іх даведаўся пра Кузьму…
  • 18 ліпня. Раніцай выехалі на Ашмяны. А 2-й гадзіне ўдзень былі ў Ашмянах. Начавалі ў панскім двары Ашмянка-Мураванка.
  • 19 ліпня. 10 г. р., выехалі. Ехалі на п. дв. Жодзіна, праз м. Табарышкі. Начавалі ў в. Дайнаўка.
  • 20 ліпня. Даехалі да п. дв. Бартынікі, дзе і начавалі.
  • 21 ліпня. Мястэчка Радом.
  • 22 ліпня. Новы Двор.
  • 23 ліпня. Ехалі праз м. Острына. Чуваць была ўлева артылерыйская страляніна. Начавалі ў в. Каневічы (Гарадз. губ.).
  • 24 ліпня. А 4 г. удзень выехалі з в. Каневічы, праз в. Абухава, п. дв. Будоны, тут і начавалі, з прычыны няспраўнасці мосту праз Нёман”.
  • “22 жніўня. Уранні прыехалі ў м. Шчучын.
  • 23 жніўня. Праехалі г. Аўгустоў. Ехалі па вялікім лесе, па шашы, шыбка. Разведчыкі, прыслуга – усе былі напагатове, ехалі шыбка, сядзелі і глядзелі ў правы бок, гатовыя біцца. Казалі, што палякі будуць з правага боку. Вялікае напружанне…
  • 24 жніўня. Начавалі ў в. Булда.
  • 25-26 жніўня. Стаялі ў 5 в. ад г. Гародні.
  • 27 жніўня – в. і м. Каменка.
  • 28 жніўня – в. Дымаўцы.
  • 29 жніўня – г. Ліда. З Ліды хацеў дабрацца да Кузьмы, але пабаяўся застацца ад часці.
  • 30 жніўня – м. Тракелы.
  • 31 жніўня – Ліпнішкі, Субатнішкі.
  • 1 верасня – Багданава, Трабы, Вішнева, Філіпятнікі.
  • 2 верасня – м. Забрэззе, Дворышча, Дубіна, Літва Новая і Старая, Палачаны, Груздзёва.
  • 3-4 верасня прастаялі ў в. Груздзёва.
  • 5 верасня пераехалі ў м. Лебедзева…”

Дзякуючы гэтым запісам мы, лідчане, можам ганарыцца, што тут, на лідскай зямлі, пакінуты, хоць і невялікі, след вялікага класіка беларускай літаратуры.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться