Бярозаўскія школьнікі прынялі ўдзел у перадачы «Размаўляем па-беларуску»

30 Апреля 2015 3438

Апынуцца на рэспублі-канскім тэлебачанні – прэстыжна і цікава. Асабліва калі ты просты школьнік з невялікага горада. Але, праявіўшы ініцыятыву, ты разумееш, што такія прэстыжныя з’явы на самой справе звычайныя і рэальныя.

Калі пару разоў убачыла на тэлеканале “Беларусь-3” перадачу “Размаўляем па-беларуску”, з’явілася думка паспрабаваць сябе. Пра ідэю я расказала сваёй сяброўцы – Рэнаце Дзяковіч. Мы пачалі разважаць: “Чаму б не паспрабаваць? Толькі ўявіце, дзяўчыны з Бярозаўкі (горада, які нават не ўсім беларусам вядомы) апынуліся на рэспубліканскім тэлеканале, праявілі сваю зацікаўленасць беларускай мовай, паказалі, на што здольныя звычайныя дзеці”.

Адразу мы не ведалі, што падарожжа будзе не ў Мінск, а далей. Усё вырашыў тэлефонны званок у рэдакцыю гэтай перадачы. Рэдактар яе папярэдзіла, што ехаць прыйдзецца ў Гомель. Але гэтыя словы нас не спужалі. Падтрымалі нас і бацькі (дзякуй ім за гэта).

Мы сабралі каманду з трох чалавек: мяне, Рэнаты Дзяковіч і Сяргея Марцінкевіча (Сяргей – мой брат). У хуткім часе дата здымання праграмы была вызначана, квіткі куплены. Заставалася толькі чакаць…

Дзень ад’езду на праграму прыйшоў чамусьці вельмі хутка. Увечары мы селі ў цягнік. Гомель быў усё бліжэй з кожнай хвілінай. Калі мы апынуліся ў студыі, адразу адчулі добразычлівую атмасферу. Эмоцый было вельмі шмат. Людзі, якія былі вакол нас, дзяліліся цеплынёй і дабрынёй, пасля чаго нашы скаванасць і напружанасць адразу зніклі. Нам былі рады. Нават, шчыра кажучы, нас вельмі чакалі. Гэтыя незнаёмыя людзі клапаціліся аб нас як родныя. Бясспрэчна, разумею: дзеці праехалі каля 400 кіламетраў дзеля перадачы, як тут не пахвалявацца?! Дарэчы, такія адносіны былі да ўсіх удзельнікаў.

Прыемна было і тое, што людзі з тэлебачання ведалі пра наш невялікі куток, нашу Бярозаўку. Нават не проста ведалі, але і былі там.

А зараз крыху пра саму перадачу “Размаўляем па-беларуску”. У тэлевіктарыне ўдзельнічалі 2 каманды, якія змагаліся за званне пераможцаў. Нашымі супернікамі былі 2 хлопцы і дзяўчына з Гомельскай гімназіі №10. Дарэчы, яны не першы раз удзельнічалі ў перадачы, таму былі вельмі моцнымі.

Віктарына складалася з 5 тураў: “Прыгадваем”, “Перакладаем”, “Тлумачым”, “Ужываем”, “Цытуем”. Таксама трэба было прэзентаваць назву каманды і візітку. Назва нашай каманды – абрэвіятура, якая складаецца з нашых любімых беларускіх слоў: “каханне” (слова Сяргея), “скарбонка” (Рэнаты), “дзіўны” (маё). Атрымалася “Каскад”. Трэба адзначыць, што такі творчы падыход да выбару назвы вельмі спадабаўся і “будаўнікам” праграмы: вядучай, рэдактару і эксперту-мовазнаўцу. І здаецца, што візітка была адзінай рэччу за ўсю гульню, якую мы выканалі на выдатна.

mova

Вельмі добра, што праграма здымалася не ў прамым эфіры, бо наша хваляванне толькі сапсавала б гэтую перадачу. Мы ўпершыню прысутнічалі на здыманні перадачы, працавалі з прафесіяналамі сваёй справы. Зразумела, што прысутнічала разгубленасць. Таму першы тур для нас быў быццам знаёмствам. Другі тур мы адыгралі больш-менш добра і нават крыху ўпэўніліся ў сваіх сілах: значыць, можам, калі захочам. Значыць, не ўсё так дрэнна і спадзяванне на перамогу яшчэ ёсць. І яно заставалася б, калі б не трэці тур – “Тлумачым”. Ён аказаўся поўнасцю правальным. Пасля гэтага правалу мы проста працягвалі гуляць, атрымліваць асалоду ад гаворкі па-беларуску, ад прыемнай вядучай, ад цікавых заданняў.

Рэната пасля гульні нават працытавала: “Тут няма пераможцаў, няма пераможаных. Ёсць толькі тыя, хто змагаецца”. І гэта сапраўды так. Чым адметная перадача “Размаўляем па-беларуску” – дык гэта тым, што тут не аддаецца асаблівая перавага пераможцам. Віншуюць усіх, адносяцца і клапоцяцца аб усіх аднолькава. І гэта вельмі важна. Гэтая перадача паказвае, што галоўнае – не перамога, а тое, што нас злучае, – родная мова. Няхай ты размаўляеш па-беларуску не ў ідэале, але першы крок ужо зроблены: ты размаўляеш. Тэлевіктарына прываблівае не толькі моладзь, але і дарослых, распаўсюджвае беларускую культуру, аб'ядноўвае людзей з розных абласцей і рэгіёнаў дзеля адной справы. Мне здаецца, што такія праграмы і робяць нашу родную прыгожую мову ўсё больш і больш папулярнай.

Поделиться
1Комментарии
Авторизоваться
img
Я мяркую што у наступны раз у вас усё атрымаецца!!! Малайцы!!!
19:1830 Апреля 2015