З першых дзён жыцця – з роднай газетай (фота)

16 Января 2015 2991

За сямідзесяціпяці-гадовую гісторыю «Лідская газета» паведамляла пра значныя падзеі, інфармавала пра змены ў горадзе і раёне. На працягу ўсяго гэтага часу чытач з вялікай цікавасцю шукаў на старонках выдання і расказы пра людскія лёсы. І простых чалавечых гісторый было расказана нямала. Невыпадкова, што серыю публікацый пра мінулае «Лідскай газеты», якая восенню 2014 года адзначыла 75-гадовы юбілей, вырашана завяршыць матэрыялам пра незвычайную сям’ю, дзе выхоўваюцца адразу трое дзяцей, народжаных у адзін дзень.

Кажуць, тройні з’яўляюцца на свет вельмі рэдка – у сярэднім, адзін выпадак на восем тысяч нараджэнняў. І, вядома, кожная такая падзея ў невялікім горадзе ва ўсіх на слыху. У 1998 годзе муж і жонка Чабоцькі сталі шматдзетнымі бацькамі. Тады адным з першых павіншаваць шчаслівых маму і тату прыйшоў карэспандэнт раёнкі Тадэвуш Чарнавус. У газеце выйшаў артыкул, і горад змог завочна пазнаёміцца са шматдзетным сямействам. 

“Калі ўрачы сказалі, што ў мяне шматпладовая цяжарнасць, асабіста я вельмі здзівілася, нават не адразу паверыла, – расказвала ў сваім першым інтэрв'ю Ганна Леанідаўна Чабоцька. – Але гэта не спалохала ні мяне, ні майго мужа. Наадварот, мы ўзрадаваліся: дзяцей ніколі не бывае шмат”.

bliz4

Добра сказана. Але жыццё кожны дзень патрабавала ад бацькоў пацвярджэння гэтых слоў.

– Вядома, было няпроста, – ужо цяпер успамінае Ганна Чабоцька. – У нас не было дапамогі ні бабуляў-дзядуляў, ні сацыяльнай няні. Усё самі. Вельмі дапамагаў муж. Мы з ім дзяжурылі каля ложачкаў нашых трайнят па чарзе. Паўночы я, паўночы ён. А раніцай яму трэба было ісці на работу… Не магу не па-дзякаваць сваім калегам-дзяўчатам з бальніцы (Ганна Леанідаўна ўсе гэтыя гады працавала на адным месцы – у аддзяленні пульманалогіі Лідскай ЦРБ. – Заўв. аўтара). З іх дапамогай я выводзіла дзяцей на вуліцу.Карэспандэнты «Лідскай газеты» былі побач з трайнятамі падчас найважнейшых падзей у іх лёсе. Так, у 2005 годзе ў адным з вераснёўскіх нумароў раёнкі быў апублікаваны здымак з іх першага школьнага званка. На фота Ліліі Лапшыной Дзяніс трымае ранцы сястрычак, у дзяўчынак у руках кветкі. Здымак стварае прыемнае ўражанне, кранае чытача.

bliz3

Нягледзячы на тое што Віка, Ліза і Дзяніс нарадзіліся ў адзін дзень і ў адной сям'і, а дзяўчынкі яшчэ і блізняты, выраслі дзеці зусім рознымі. Сёлета яны вызначыліся са сваімі будучымі прафесіямі. Дзяніс паступіў у Лідскі каледж на тэхнічную спецыяльнасць. Лізавета была прынята ў юрыдычны клас і выбрала для сябе праваахоўную сферу. Віка марыць стаць перакладчыкам ці журналістам, таму пайшла вучыцца ў філалагічны клас. Так што цяпер яны штораніцы разыходзяцца па розных навучальных установах. 

Па словах бацькоў, сям'я кожную вольную хвіліну збіраецца разам. Тата трайнят кажа, што на дзяцей смела можна пакінуць справу (Валер Іванавіч – індывідуальны прадпрымальнік, у сям'і невялікі бізнес пра продажы тавараў гаспадарчага прызначэння. – Заўв. аўтара). Святкаванне Новага года ўсімі разам – адна з традыцый Чабоцькаў. Выключэнні здараюцца раз у некалькі год, калі ў мамы на 31 снежня выпадае начное дзяжурства. Так было і ў гэты Новы год, таму ўсе павіншавалі адзін аднаго загадзя.“Для нас зімовыя святы – асабліва прыемны час, – расказвае Ганна Леанідаўна, – дзеці чакаюць падарункаў і робяць падарункі нам. Бывае шмат прыемных неспадзяванак. Але у новым, 2015, годзе я крыху хвалююся. Дзяўчынкі будуць паступаць у ВНУ, раз'едуцца хто куды. Яшчэ праз нейкі час паедзе паступаць сын. Мне неяк няёмка: як жа гэта – дом без дзяцей?”

IMG 0330

Дарэчы, пра дом. У бліжэйшых планах сям’і – ажыццявіць агульную мару. Блізіцца да зявяршэння будаўніцтва сваёй, асобнай, прасторнай хаты. І сумненняў у тым, што і ў гэтай справе ў іх усё атрымаецца, асабіста ў мяне няма ніякіх. Хочацца верыць, што хутка на яшчэ адну важную падзею ў жыцці сям'і паклічуць і карэспандэнта «Лідскай газеты». А чытачы, прачытаўшы на старонках раёнкі матэрыял, у чарговы раз пераканаюцца, што наш раён трымаецца на такіх працавітых і дружных людзях. На бацьках, на дзецях – на сем'ях, пра якія варта пісаць.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться