Даніна памяці ахвярам вайны

26 Июня 2022 1599

Вучні 5 “Б” класа СШ №5 г. Ліды наведалі мемарыяльны комплекс Хатынь, каб аддаць даніну памяці ахвярам нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзеці добра ведалі, якая трагедыя адбылася тут 79 год таму назад. Пяцікласнікі ішлі па гранітных плітах мемарыяльнай дарогі “Апошні шлях” моўчкі, апусціўшы галовы. Іх сустракала бронзавая скульптура “Няскоранага чалавека” і пранізлівы набат званоў Хатыні. Побач, на месцы хлява, дзе фашысты спалілі жыхароў Хатыні, размешчана чорная пліта, якая нагадвае дах, што стаў апошнім прытулкам загінулым.

На некалькі хвілін дзеці спыніліся перад брацкай магілай «Вянок Памяці» з выбітымі на белым мармуры словамі, своеасаблівым зваротам мёртвых да жывых: “Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!”. Дзеці зразумелі, што гэты наказ спаленых жывымі жыхароў Хатыні, адносіцца менавіта да іх, што гэта яны павінны ведаць і памятаць пра страшнае зло, што прынеслі фашысты ды іх памагатыя на нашу зямлю, каб такі жах больш ніколі і нідзе не паўтарыўся.

Экскурсія павольна рухалася па былой вясковай вуліцы, дзе на месцы кожнага спаленага дома – вянок зруба з шэрага жалезабетону, у сярэдзіне якога абеліск у выглядзе коміна з мемарыяльнай плітой, на якой прозвішчы і імёны спаленых жыхароў дома, наверсе – звон. Дзеці спыняліся перад кожнымі веснічкамі. А 26 званоў кожныя паўгадзіны даносілі да іх горкую памяць хатынскай трагедыі. І дзеці слухалі і запаміналі. Гэта тут 22 сакавіка 1943 года карнікі спалілі вёску разам з яе жыхарамі. 149 чалавек згарэлі жывымі, прыняўшы пакутніцкую смерць, 75 з іх – дзеці. Самаму маленькаму жыхару Хатыні споўнілася толькі сем тыдняў. Уратавалася з таго вогненнага пекла ўсяго толькі некалькі чалавек… Пра гэта нельга забыць.

Могілкі вёсак уразілі юных экскурсантаў страшнай статыстыкай: больш як 9 тысяч беларускіх вёсак знішчылі акупанты, з іх 5295 спалілі разам з насельніцтвам ці яго часткай. 628 вёсак зазналі трагічны лёс Хатыні. 186 населеных пунктаў, у якіх жылі і працавалі людзі, больш ніколі не адрадзіліся.

Надоўга затрымаліся дзеці ля «Сцяны Жалобы», дзе знаходзяцца мемарыяльныя пліты з назвай 66 буйнейшых лагераў смерці і месц масавай гібелі людзей. Пяцікласнікі моўчкі пераходзілі ад нішы да нішы, з трывогай углядваючыся ў жудасныя лічбы.

Завяршылася экскурсія ля плошчы Памяці, у цэнтры якой растуць 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай – Вечны агонь, сімвал загінулых у гады вайны жыхароў Беларусі. А “Дрэва жыцця” з назвамі 433 вёсак рэспублікі, знішчаных разам з жыхарамі, але адноўленых пасля вайны, унеслі нотку аптымізму ў гэты сумны аповед.

Экскурсія ў Хатынь напоўніла сэрцы дзяцей зусім новымі для іх пачуццямі і перажываннямі. Спадзяюся, што гэтыя ўражанні дазволяць ім у дарослым жыцці рабіць абдуманныя крокі ва ўчынках і прымаць узважанныя рашэнні, каб не дапусціць новай падобнай трагедыі.


Текст: Валянціна ГАГАЛУШКА,  класны кіраўнік 5 “Б” класа СШ №5 г. ЛідыВалянціна ГАГАЛУШКА, класны кіраўнік 5 “Б” класа СШ №5 г. Ліды
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться