Крэатыў і ідэйнасць вітаюцца. Жыхары Лідскага раёна далучыліся да чэленджа #ГоднаеРоднае

08 Сентября 2020 1302

Крэатыўная каманда ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама запусціла 7 верасня арыгінальны праект у фармаце чэленджа – #ГоднаеРоднае, – які прызваны нагадаць людзям аб семантыцы дзяржаўнай сімволікі.

Першымі на Лідчыне гэту ідэю падтрымалі юныя чытачы філіяла “Дварышчанская сельская бібліятэка”. У сюжэце яны падзяліліся сваім меркаваннем аб тым, што для іх значаць галоўныя сімвалы нашай Радзімы: сцяг, гімн і герб.

– На карце свету Беларусь зялёная і блакітная, бэзавая і валошкавая, салаўіная і сунічная, зубрыная і бусліная. Здаўна народ услаўляе свой край у казках, легендах і былях, – звяртаецца да гледачоў у відэазамалёўцы Ульяна Роўбуць.

– Мараль нязменна адна: як бы цяжка ні было, не рабі ніколі зло. Слабых не крыўдзі. Працуй – і знойдзеш скарб, – дадае Усевалад Курыла.

Усё гэта, на думку юных жыхароў Лідчыны, напаўняе сэрца кожнага грамадзяніна гонарам і любоўю да Беларусі. 

Дарэчы, падключыцца да праекта і выказаць сваё стаўленне да Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у кантэксце яго палітры могуць усе жадаючыя жыхары Гродзеншчыны. Зрабіць гэта можна любым спосабам: расказаць на словах, запісаць відэаролік, арганізаваць флэшмоб, скласці верш, намаляваць карціну або зрабіць фатаграфію. Крэатыў і ідэйнасць толькі вітаюцца.

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры аблвыканкама Ірына Жук-Куніцкая, кожны грамадзянін павінен шанаваць нацыянальныя сімвалы дзяржавы, у якой жыве, і ведаць іх семантыку. Разумеючы значэнне кожнага элемента і каляровай гамы Дзяржаўных герба і сцяга, чалавек будзе імі ганарыцца і ўсведамляць, наколькі яны важныя і блізкія сэрцу.

У рамках чэленджа таксама запускаецца бібліятэчны падпраект #Сцягline. Яго ініцыятарамі выступілі чытачы абласной бібліятэкі імя Карскага. Умовы простыя: чытачы падбіраюць цытату з любой кнігі, якая адлюстроўвае іх погляд ці асацыяцыю з кветкамі Дзяржаўнага сцяга або ў цэлым са сцягам краіны.

Свае работы ўдзельнікі чэленджа могуць дасылаць на электронны адрас grodnooblkult@mail.grodno.by або 815@kultura.grodno.by, а таксама адміністратарам Telegram-канала ўпраўлення культуры аблвыканкама.

Аўтарскія работы будуць размешчаны на сайце ўпраўлення культуры аблвыканкама і ў Telegram-канале.

Текст: Редакция.Редакция.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться