«Заўсёды хацеў быць падобным на бацьку». Сёлета ад Лідскага раёна будзе прызвана на службу ў армію каля 200 лідчан

07 Ноября 2019 1554
На тэрыторыі Лідскага пагранічнага атрада прайшоў раённы Дзень прызыўніка для юнакоў, якія ў хуткім часе папоўняць шэрагі Узброеных Сіл Беларусі. Маладыя людзі пазнаёміліся з узбраеннем пагранатрада, з умовамі службы і побыту салдат тэрміновай службы.

Звяртаючыся да будучых абаронцаў Айчыны, ваенны камісар Лідскага раёна Віталій Дакучаеў падкрэсліў, што ім выпадае вялікі гонар і ў той жа час вялізная адказнасць: “Я хачу пажадаць вам з гонарам і годнасцю выканаць свой воінскі абавязак, знайсці сабе новых сапраўдных сяброў, паспяхова ўліцца ў армейскі калектыў, стаць прафесійна падрыхтаванымі ў ваеннай справе”.

Ужо ў размове з журналістам “Лідскай газеты” Віталій Аляксандравіч расказаў, што сёлета ад нашага рэгіёна будзе прызвана каля 200 лідчан. Самымі папулярнымі застаюцца сілы спецыяльных аперацый, Мінская вайсковая камендатура, 361-я база аховы абслугоўвання, злучэнні і вайсковыя часці сухапутных войскаў, вайсковыя часці Міністэрства ўнутраных спраў і органаў пагранічнай службы.

– Адметнай рысай сёлетняга восеньскага прызыву з’яўляецца тое, што Лідскі раён камплектуе роту інфармацыйных тэхналогій Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь у колькасці чатырох прызыўнікоў. Гэта адбудзецца ўпершыню, – дадаў ваенны камісар Лідскага раёна.

Удзел у Дне прызыўніка – гэта заўсёды добрая магчымасць для юнакоў задаць хвалюючыя пытанні. Як правіла, яны тычацца матэрыяльнага забеспячэння, правіл карыстання мабільнымі тэлефонамі, магчымасці працягнуць службу па кантракце. І на гэты раз такія пытанні таксама былі. Ваенны камісар Лідскага раёна называе іх “стандартнымі”. Але цяпер прызыўнікі яго здзівілі: адно з пытанняў тычылася наяўнасці ў воінскіх часцях… бібліятэк, прадстаўленай там літаратуры. “Шчыра кажучы, у маёй практыцы такое пытанне паступіла ўпершыню. Але бібліятэкі ёсць, былі б у навабранцаў жаданне і час іх наведваць”, – сказаў Віталій Дакучаеў.

Размаўляючы з будучымі салдатамі, карэспандэнт “Лідскай газеты” пераканаўся, што яны хочуць служыць і настроены прайсці школу мужнасці годна. Ілля Тарасевіч, напрыклад, даўно марыў аб прафесіі ваеннага. Адразу пасля школы ажыццявіць задуманае не атрымалася. Хлопец, якога прызываюць ва ўнутраныя войскі, вельмі спадзяецца, што ў гэтым яму дапаможа армія.

– Я заўсёды хацеў быць падобным на бацьку, а ён у мяне ваенны, служыць у 116-й штурмавой авіябазе, – адзначыў юнак. – Гэтым абумоўлена і маё жаданне служыць толькі ў Ваенна-Паветраных Сілах. Тым самым я змагу працягнуць сямейную справу. Зараз я накіраваны ў Мінск на службу ў асобным палку сувязі. Гэта выдатная магчымасць праявіць сябе. Спадзяюся, пасля тэрміновай службы я змагу застацца на кантракт.

Ва ўрачыстых абставінах юнакам уручылі павесткі. Адпраўкі ў воінскія часці пачнуцца 18 лістапада і працягнуцца да 29 лістапада.








Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться